Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганчары: “У аграгарадках згоняць людзей у адну кучу ды зробяць аграканцлягеры!”


Віталь Сямашка, Ганчары, Лідзкі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Калі хто думае, што тутэйшыя вяскоўцы займаюцца ганчарствам, дык глыбока памыляецца. Археолягі кажуць, што ганчарства ў гэтых мясьцінах было асноўным заняткам у трэцім тысячагодзьдзі да нашай эры, пра што сьведчаць знаходкі ля нэалітных стаянак Ціханаў Брод ды Боркава Гара за кілямэтар ад Ганчароў. Дарэчы, у раскопах разам зь менскім археолягам Міхасём Чарняўскім бралі ўдзел і навучэнцы мясцовай школы. Пра знойдзены матэрыял апавядае адна з заснавальніц тутэйшага краязнаўчага музэю Марыя Капціловіч



(Капціловіч: ) “З керамічных знаходак сустрэты тут фрагмэнт вянца раньняй нэалітычнай пасудзіны. Фрагмэнт належаў гаршчку са зьлёгку зьведзеным верхам і дамешкамі расьліны ў цесьце. І тады прыйдзецца выказаць меркаваньне, што жыхары прасунуліся бліжэй да зручных дарожных шляхоў — тым больш, тут праходзілі гандлёвыя гасьцінцы, а занятак перанесьлі з таго часу і ўжо тут удасканалілі”.

(Карэспандэнт: ) “А ганчароў-умельцаў не засталося?”

(Капціловіч: ) “Страчана, нават калі зьбіралі рэчы, не знайшлі ніводнага ганчарнага кола”.

Так што сёньняшнія прыярытэты ў Ганчарах іншыя, кажа старшыня сельсавету Ніна Ўрбановіч.



(Урбановіч: ) “Школа, крама, 20 кілямэтраў ад Ліды, клюб, садок на 50 месцаў, Дом быту — хімчыстка, рамонт. У Ганчарах усё ёсьць і будзе”.

Тым ня менш, сёньня сьмяротнасьць сярод больш як чатырох сотняў насельнікаў у чатыры разы перавышае нараджальнасьць. У тутэйшым сельскагаспадарчым каапэратыве “Ганчары” вялікая цякучка кадраў і насельнікаў. У зьвязку з чым пытаюся ў Ніны Ўрбановіч:

(Карэспандэнт: ) “Чаму з Ганчароў свае ад’яжджаюць, а чужыя прыяжджаюць?”

(Урбановіч: ) “Тут у Ганчарах не казала, каб шмат працы. А ў калгасе працуюць тыя, хто ў вёсках павырасталі, займелі прафэсію, ім далі кватэру. Я ў іх ліку: вырасла ў вёсцы Жучкі, прыйшла сюды, працавала бугальтарам, працую старшынёй сельсавету — не якая-небудзь жучка, ганчароўская!”

Сьмех сьмехам, але, мабыць, найбольш востра, з-за свайго занятку, неўладкаванасьць ганчароўскага жыцьця адчувае Алена Кумпяк. Разам з мужам Юр’ем яны тры гады трымаюць адзіную ў Ганчарах камэрцыйную — ледзь не сказаў “краму” — не, шапік, разьмешчаны ў перасоўным прычэпчыку да легкавога аўтамабілю, які штоночы яны заганяюць дадому.



Сярэдняя дзённая выручка — ад 70 да 200 тысяч. Затое за месца ня плацяць. Завесьці краму не дазваляюць сродкі ды адсутнасьць пакупніцкага попыту, кажа спадарыня Кумпяк.

(Кумпяк: ) “Зусім малыя заробкі — і 80, і 130 тысяч. А калі ўлічыць, што і ў холадзе ды брудзе, у павуціньні працуюць людзі, дык вельмі нізкія. Ад гэтага і пакупніцкая здольнасьць. А пункт стацыянарны заводзіць — і абсталяваньне трэба, і лядоўню. А цяпер патрабаваньні вялікія ў санстанцыі, трэба дзесяць гадоў працаваць, каб напрацаваць. Адзінае, 4 гектары зямлі ўзяўшы, зерне, бульбу садзім, трактарчык маем — продаем, у нас сьвінчо ёсьць. Так што ў Кумпякоў і свой кумпячок водзіцца”.

Ніводнага моцнага фэрмэра ў Ганчарах няма. Дарэчы, вёску заангажаваныя ў палітыку людзі адносяць да так званага “чырвонага пояса” на Лідчыне. Яшчэ за польскім часам тут стала працавала суполка Кампартыі Заходняй Беларусі, а тутэйшыя распавядаюць пра земляка, які, уласнаручна пахаваўшы ў гады грамадзянскай вайны чырвонаармейца, у 1939-м сустрэў Савецкую Армію з чырвоным сьцягам. Традыцыйны кансэрватызм ганчароўцаў добра разумее карэнная жыхарка, былая настаўніца Галіна Матусевіч.

(Матусевіч: ) “Яны толькі пра адно: пэнсію своечасова плацяць, няма вайны і дзякуй Лукашэнку!”

Начальства ў Ганчарах ганарыцца посьпехамі ў барацьбе са злачыннасьцю. Сёлета схапілі пяцёх дробных выкрадальнікаў, двое зь якіх ужо сядзяць. Акурат перад маім прыездам мясцовыя ўчастковыя — старшыя лейтэнанты Аляксандар Едуноў ды Зьміцер Мацейка правялі ўдалую апэрацыю. Распавядае спадар Мацейка:



(Мацейка: ) “Нам на мабільны тэлефон паступіла паведамленьне, што ў краме вёскі Краснае зроблена рабаўніцтва. Прыехалі за дзесяць хвілінаў, дазналіся прыкметы злачынцы. Паводле інфармацыі мясцовага жыхара, злачынца пехатой прайшоў празь лясны масіў. Мы тут жа паехалі па гэтай дарозе і празь пяць кілямэтраў заўважылі мужчыну, што схаваўся ў хмызах. Калі падышлі, ён сядзеў і падлічваў нарабаванае ў краме. Намі быў затрыманы, і ўсё вярнулі”.

Пераважаюць узломы ды крадзяжы зь лецішчаў бамжамі ці раней асуджанымі. Тыя ня грэбуюць нават дробным посудам. Але міліцыянты мяркуюць, што на вёсцы злачынцаў усё ж лягчэй знайсьці, чым у горадзе.

(Мацейка: ) “Я думаю, так: калі той злачынца сам з гэтай мясцовасьці, у вёсцы ўсё можна даведацца ад старых, яны заўжды на падворку, і калі быць у цеснай сувязі…”

А нядаўна хлопцам у пагонах пад жытло за добрую службу выдзелілі так званы прэзыдэнцкі дамок. Разам едзем на агляд новабудоўлі. Убачанае камэнтуе старшы лейтэнант Едуноў:

(Едуноў: ) “Газ падведзены, але не падключаны. Трэба падключаць, але ўсё будзе за свой кошт. Вельмі шмат дарабляць трэба — падлога з сырых дошак, празь нейкі час узбухне ўсё гэта, прыйдзецца перарабляць, трэба будзе шпакляваць сьцены, унутраныя дзьверы ставіць. Паўгоду катэджы як пабудавалі, і паўгоду трэба будзе дарабляць”.

У якасьці пастскрыптуму. Падчас сустрэчы спадар Едуноў паведаміў, што, ня надта спадзеючыся на дарэньне жытла ад дзяржавы, набыў за свае грошы паўдому ў Лідзе. Асноўнай жа магчымасьцю для ганчароўцаў працаўладкавацца лічыцца льнозавод, дзе працуе паўсотні чалавек гадоў сарака. Да апошняга часу справы тут ішлі някепска, нават у гэтым годзе ганчароўскія льнаводы па ўраджайнасьці трымалі першае месца ў краіне. Але сытуацыя мяняецца, кажа дырэктар Мікалай Перагляд.

(Прагляд: ) “Апошнім часам рэалізацыя льну прыпыненая, мы не запатрабаваныя на рынку. Кітайцы выйшлі са сваёй таннай сыравінай. Зьмянілася каньюнктура — мадэльеры высоўваюць іншыя патрабаваньні. Праблематычнай застаецца аплата”.



Рэалізацыя льну, як у Беларусі, так і па-за межамі — выключная прэрагатыва дзяржавы. У вуснай размове спадар Перагляд гаварыў пра неабходнасьць унутрызаводзкай маркетынгавай дзейнасьці, уласнага пошуку рынкаў збыту. Перад мікрафонам “Свабоды” выказаўся асьцярожна:

(Перагляд: ) “Трэба прадумаць далейшую перапрацоўку льну — можа, раздрабніць гэтую вытворчасьць у абласьцях і наблізіць да патрэбаў канкрэтных тэрыторыяў”.

У Ганчарах я ня мог не сустрэцца з 70-гадовым, яшчэ дзейным трэнэрам па клясычнай барацьбе Іванам Матусевічам, што выхаваў срэбнага прызэра Эўропы, 20-гадовага цяпер Валерыя Паленскага, таксама ганчароўца. Распытваю спачатку пра апошнія навіны ад яго выхаванца.

(Матусевіч: ) “Ён разумны хлопец, сем гадоў трэніраваўся ў мяне, ён сказаў, што барацьба — гэта мастацтва. Думае патрапіць на Алімпійскія гульні гады ў 23—24”.

У Ганчарах у спадара Матусевіча рэпутацыя галоўнага апазыцыянэра. Ён адзіны ў вёсцы выпісваў “Народную Волю”, пакуль была такая магчымасьць, і насамрэч не хавае сваіх палітычных перакананьняў. Кажа спадар Матусевіч:



(Матусевіч: ) “Я дэмакратычна думаю. Дыктатуры не прызнаю — “начальства ўсё, а ніжэй нішто”! Калі стаяць на зважай, дык мне гэта не падабаецца. Мне не падабалася, калі прыехаў Аляксандар Рыгоравіч у Бярозаўку і сказаў, што завод увесь раскралі. Дык ня ўсе ж кралі! Хто вінаваты, што няма збыту?!”

(Карэспандэнт: ) “Будучыня Ганчароў якой вам уяўляецца?”

(Матусевіч: ) “Бог адзін ведае, што будзе далей. Аграгарадок? Былі такія, калі ўзбуйнялі вёскі. Вёскі разбурылі. Нічога гэта, думаю, ня дасьць. Хто прыдумаў аграгарадкі? Наагул, нават і не Хрушчоў у Савецкім Саюзе. Гэта марыў Гітлер, як ён заваюе Ўкраіну, будуць немцы будаваць такія гарадкі, дзе людзі будуць рабамі, а начальнікамі германцы — найвышэйшая раса. Згоняць людзей у адну кучу і каб яны рабілі — аграканцлягер!”

(Карэспандэнт: ) “Іван, вы чыталі пра адзінага кандыдата Мілінкевіча?”

(Матусевіч: ) “Чытаў. Шмат разумных людзей думае пра Беларусь. У асноўным, ад моладзі будзе залежаць — гадоў дваццаці-трыццаці пяці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG