Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія ўвядзе пасаду Часовага паверанага ў справах Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Эўракамісія мае намер ўвесьці пасаду Часовага паверанага ў справах Беларусі. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё сёньня паведаміў Дэрк Шубэль – кіраўнік аддзелу палітыкі прадстаўніцтва Эўракамісіі ў справах Украіны і Беларусі, якое месьціцца ў Кіеве. Спадар Шубэль, які прызначаны на гэтую пасаду месяц таму, цяпер знаходзіцца зь першым афіцыйным візытам у Менску.

Кіеўскі офіс Эўракамісіі – выканаўчай улады Эўразьвязу – раней ахопліваў тры краіны: акрамя Беларусі і Ўкраіны яшчэ і Малдову. Але мінулай восеньню ўлады Малдовы далі згоду на адкрыцьцё ў Кішынёве самастойнага прадстаўніцтва. З аналягічным запытам Эўракамісія яшчэ год таму зьвярнулася і да беларускіх уладаў. Аднак да гэтага часу ніякага адказу зь Менску на ініцыятыву эўрапейскай супольнасьці не паступала. Гаворыць спадар Шубэль:

(Шубэль: ) "У нас існуе ідэя адкрыцьця рэгіянальнага прадстаўніцтва Эўраккамісіі ў Менску. І мы зьвярнуліся з адпаведнай заяўкай да ўладаў Беларусі. Але да гэтага часу афіцыйнага адказу мы так і не атрымалі. Таму мы хочам увесьці ў кіеўскім офісе пасаду Часовага паверанага ў справах Беларусі. І гэта адбудзецца ўжо сёлета".

Лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што нічога нечаканага ў паводзінах афіцыйнага Менску ён ня бачыць. Паводле спадара Лябедзькі, прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі неаднаразова папярэджвалі Эўразьвяз і Эўракамісію – беларускія ўлады будуць зацягваць вырашэньне гэтай праблемы, як мінімум, да лета.

(Лябедзька: ) "Калі тут ёсьць офіс, ёсьць адказныя асобы, дык ёсьць канкрэтныя дзеяньні. Калі ж офісу ў Менску няма, а ён месьціцца, прыкладам, у Кіеве ці Варшаве, і ў яго акрамя Беларусі яшчэ некалькі краінаў – тая ж Украіна, якая па сваіх парамэтрах і важкасьці больш важная для Брусэлю, дык ясна, што Беларусь нават у гэтым фармаце знаходзіцца на другім ці трэцім месцы. Таму трэба памятаць, што месца дысьлякацыі паказвае перадусім важнасьць для Брусэлю гэтай тэмы".

Анатоль Лябедзька лічыць, што прызначэньне Часовага паверанага ў справах Беларусі стане крокам наперад з боку Эўразьвязу. У эўрапейскай структуры зьявіцца асоба, якая будзе займацца выключна Беларусьсю:

(Лябедзька: ) "Чыноўнік, які атрымлівае заробак, адказвае за выпрацоўку стратэгіі. І ён працаваў бы з грамадзянскай супольнасьцю, палітычнымі партыямі, грамадзкімі рухамі, ініцыятывамі і г.д."

Сёньня Дэрк Шубэль меў сустрэчы з чыноўнікамі Міністэрства замежных справаў Беларусі, а таксама прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG