Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік Дзяржсакратара ЗША: мы не чакаем цуду ў Беларусі і не падтрымліваем ніводнага з кандыдатаў


Віталь Цыганкоў, Прага У Вашынгтоне адбыўся брыфінг Даніэла Фрыда, памочніка Дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўраазіяцкіх справах. Нагадаем, днямі беларускія ўлады ня выдалі ўязныя візы спадару Фрыду і генэральнаму дырэктару аддзелу зьнешніх і вайскова-палітычных пытаньняў Рады Эўразьвязу Робэрту Купэру. Памочнік Дзяржсакратара расказаў пра пазыцыю ЗША датычна беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў.

Амбасадар Фрыд нагадаў, што Эўразьвяз і ЗША ў сваіх апошніх узгодненых заявах заклікалі да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, памочнік Дзяржсакратара падкрэсьліў, што пазыцыя ЗША – не падтрымліваць кагосьці з кандыдатаў. Мэта Злучаных Штатаў – зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб у Беларусі прайшлі сумленныя прэзыдэнцкія выбары.

(Фрыд: ) “Мы павінны думаць у катэгорыях доўгатэрміновага працэсу, і ў гэтым сэнсе нашай мэтай ёсьць дапамога грамадзянскай супольнасьці, кантакты зь беларускім народам”.

Адказваючы на пытаньне, што канкрэтнага могуць зрабіць ЗША дзеля аднаўленьня ў Беларусі дэмакратыі, амбасадар Фрыд адзначыў, што першы крок – гэта выказацца ясна і дакладна, прыцягнуць увагу і даслаць пасланьне беларускаму народу, што ЗША не зацікаўленыя ў нейкім канкрэтным выніку выбараў, а толькі ў дэмакратычнай будучыні і дабрабыце Беларусі.

Спадар Фрыд таксама запэўніў, што ЗША і Эўразьвяз разглядаюць магчымасьць наступных крокаў у выпадку, калі выбары ў Беларусі ня будуць дэмакратычнымі, але адмовіўся сказаць, якімі могуць быць гэтыя крокі.

(Фрыд: ) “Мы павінны быць цярплівымі наконт таго, што мы можам дасягнуць. Вы ня можаце чакаць цудаў назаўтра. Але часам добрыя падзеі ўражваюць нас сваёй хуткасьцю, але гэта ня можа быць нейкім стандартам”.

Згадваючы леташнія ўкраінскія падзеі, спадар Фрыд адзначыў, што адміністрацыя ЗША была больш за іншых зьдзіўленая тым, што адбылося падчас памаранчавай рэвалюцыі.

(Фрыд: ) “Часам у прэсе Злучаныя Штаты абвінавачваюць у тым, што мы распрацоўваем такія сцэнары, што ў нас ёсьць плян. У нас няма пляну. Грамадзтвы самі знаходзяць шлях наперад, а мы робім усё магчымае, каб падтрымаць іх”.

“Для беларускага кіраўніцтва ўсё яшчэ ня позна правесьці калі не дасканалыя, то хаця б лепшыя выбары”, – адзначыў памочнік Дзяржсакратара ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG