Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз пісьменьнікаў выганяюць з офісаў і ў Віцебску


Радыё Свабода, Віцебск Старшыня віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў мусіў пакінуць службовы кабінэт у ведамасным будынку аблвыканкаму. У гаспадарчым аддзеле аблвыканкаму патлумачылі, што пісьменьніцкая арганізацыя мусіць або плаціць грошы за арэнду памяшканьня, або высяляцца з будынку рэдакцыі абласной газэты “Віцебскі рабочы”, дзе раней без аніякае аплаты займаў кабінэт старшыня абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Франц Сіўко.

Як распавёў спадар Сіўко, гэты кабінэт найчасьцей выкарыстоўваўся для розных пасяджэньняў, чымсьці для ягонае асабістае працы: тут зьбіраліся мясцовыя літаратары, абмяркоўвалі творы, размаўлялі, спрачаліся. Пытаньне пра арэнду гэтага памяшканьня да апошняга часу не паўставала.

(Сіўко: ) “Раней за нас саюз плаціў, а потым на гэта ніхто не зважаў – сядзелі мы там і сядзелі. Цяпер тэлефануюць з аблвыканкаму пра тое, што мусім плаціць за арэнду. Я кажу: “Мы ня можам плаціць, бо ў нас няма грошай. Дык што, нам высяляцца?” Адказваюць: “Так, трэба вызваляць”. Ну, я й сказаў: “Добра, вашыя крокі зразумелыя. Мы да іх гатовыя”. Усё скіравана на ліквідацыю Саюза беларускіх пісьменьнікаў”.

Паводле Франца Сіўко, які мусіў вызваліць службовы кабінэт, старшыня віцебскай філіі новастворанага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, расейскамоўная паэтка пэнсіянэрка Тамара Краснова-Гусачэнка неўзабаве атрымае службовае памяшканьне. І ўжо не ў старым будынку па вуліцы Гогаля, а ў іншым памяшканьні.

Але не праблему разьмеркаваньня матэрыяльных дабротаў старшыня філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў лічыць сёньня самай галоўнай.

(Сіўко: ) "З нашымі людзьмі “размаўляюць” – іх апрацоўваюць: маўляў, усе, хто на дзяржаўнай працы, павінны быць сябрамі іншага саюзу. І некаторыя паддаюцца, сыходзяць. Але разам з тым да нас ёсьць і прыток, новыя людзі нам пішуць заявы. Вось днямі мы разгледзелі дзьве такія заявы, рэкамэндуем людзей да ўступленьня ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, і яшчэ ў нас ёсьць некалькі чалавек на падыходзе".

Пра цяперашнюю сытуацыю ў пісьменьніцкім асяродку Франц Сіўко быў напісаў у газэту “Віцьбічы”, але дзяржаўнае выданьне артыкул старшыні філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў не надрукавала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG