Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Марыя Кіпель


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Дом, у якім 14 студзеня 1904 году зьявілася на сьвет Марыя Кіпель (у дзявоцтве Зубкоўская), стаяў насупроць Менскага гарадзкога тэатру, дзе яе бацька чвэрць стагодзьдзя “знаходзіўся пры гардэробе”. Пасьля гімназіі Марыя працавала ў школе, сьпявала ў вядомым хоры Ўладзімера Тэраўскага. Потым былі курсы беларусазнаўства, якімі кіраваў Язэп Лёсік, шлюб з маладым навукоўцам Яўхімам Кіпелем і лінгвістычна-літаратурны факультэт Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту.

Чорнай вяхой у жыцьці Марыі стаўся 1930-ты. У ліку сотняў іншых “нацдэмаў” быў арыштаваны і на 5 гадоў высланы ў Вяцкую вобласьць муж. НКВД “параіў” зьяжджаць куды-небудзь падалей ад Беларусі і ёй з малым сынам Вітаўтам.

У 1935-м па толькі што вызваленага Яўхіма зноў прыехаў “чорны воран”. На той час шлях Кіпелям у Беларусь быў зачынены, і сям’я жыла ў Арле. Марыя працавала настаўніцай. У 1937-м ёй выдавалі новы пашпарт. Дырэктар школы сказаў: “Мария Васильевна, здесь есть графа “национальность”. Русский или белорус – это всё равно, но я советую вам записаться русской. “Если всё равно, то напишите: “белоруска”, – адказала Марыя.

Сям’і ўдалося аб’яднацца і вярнуцца ў Менск толькі ў гады Другой сусьветнай вайны.

На эміграцыі Марыя Кіпель кіравала беларускім дзіцячым садком, выкладала родную мову, пісала ўспаміны, якія друкаваліся ў нью-ёрскім “Беларусе”, дапамагала сыну Вітаўту і нявестцы Зоры, чые імёны добра вядомыя сёньня ў беларускім і ня толькі беларускім сьвеце.

Яна належала да праваслаўнага Сьвята-Эўфрасіньнеўскага прыходу ў амэрыканскім горадзе Саўт-Рывэры, штат Нью Джэрсі, дзе ў 1992 годзе і была пахаваная побач з мужам Яўхімам. Выконваючы волю сям’і нябожчыцы, удзельнікі памінальнай бяседы замест кветак на магілу сабралі ахвяраваньні на газэту “Беларус”.
XS
SM
MD
LG