Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч: “Народная грамада” нясе эўрапейскую ідэю”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску ў сядзібе БНФ адбылася першая сэсія ўстаноўчага зьезду “Народнай грамады” (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі). На ёй ухваленыя праграма і статут, абранае кіраўніцтва. Старшынём цэнтральнага арганізацыйнага камітэту стаў Мікола Статкевіч, а ягонымі намесьнікамі Алесь Арастовіч, Аляксей Гаўруцікаў і Сяргей Кулініч. Другую сэсію зьезду вырашана правесьці не пазьней як праз два гады.

Перад зьездам прайшлі сем рэгіянальных канфэрэнцыяў. Дэлегатамі былі абраныя 128 чалавек, у працы зьезду ўзялі ўдзел 104 дэлегаты. Паводле арганізатараў, з-за невялікай залі давялося скараціць квоту.

Менск, 25.11.2007. Удзельнікі першай сэсіі ўстаноўчага зьезду “Народнай грамады” (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі)

У сваім выступе Мікалай Статкевіч заявіў:

“Наша партыя 5 гадоў таму першай падняла эўрапейскі сьцяг. Мы праводзілі эўрапейскія кампаніі, раздавалі лістоўкі. Але потым, калі па Эўрапейскай кааліцыі быў нанесены ўдар і яе каардынатары апынуліся ў зьняволеньні, беларуская дэмакратычная апазыцыя забылася пра гэта. Яны ў нейкія незразумелыя кааліцыі пачалі ўступаць з камуністамі, з прарасейскімі сіламі. Яны апусьцілі эўрапейскі сьцяг. Зараз наша задача – зноў падняць гэты сьцяг. Эўрапейская ідэя – гэта ня толькі лёзунг. Гэта шанец, каб Беларусь жыла. Мы ў Беларусі – адзіная левацэнтрысцкая партыя, якая нясе гэтую ідэю. Будзем жыць мы – будзе жыць Беларусь, і некалі гэта ідэя будзе мэтай усёй Беларусі”.

Менск, 25.11.2007. Мікола Статкевіч адкрывае зьезд “Народнай грамады” (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі)

Паводле Міколы Статкевіча, “у электарату мае быць выбар, галасуючы за сацыяльнае, абіраць эўрапейскае”. Устаноўчы зьезд ухваліў стратэгію эўрапейскіх сілаў Беларусі. Яна была выпрацаваная сумесна зь іншымі суб’ектамі Эўрапейскай кааліцыі і падтрыманая рухам “За свабоду”.

“Мы прэзэнтавалі яе ўпершыню Кангрэсу дэмсілаў, – нагадаў Мікола Статкевіч, – але пры першым галасаваньні за тое, каб вынесьці гэтую стратэгію на разгляд кангрэсу, выказалася толькі 48% дэлегатаў кангрэсу. Зважаць на гэта ня трэба. Мы лічым, што гэтая стратэгія заслугоўвае абмеркаваньня”.

Мікола Статкевіч паведаміў, што мяркуе сабраць Эўрапейскі кангрэс. І калі не атрымае залю ў Менску, то ўжо ёсьць прапанова правесьці кангрэс у Кіеве.

Менск, 25.11.2007. Маладыя дэлегаты зьезду “Народнай грамады” (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі)

Дэлегаты таксама разгледзелі пытаньне аб юрыдычным статусе зьезду. Было вырашана правесьці ўстаноўчы зьезд дзьвюма сэсіямі з перапынкам ня больш за два гады. Гэта тлумачыцца тым, што ўлады цягам апошніх гадоў адмаўляюць у рэгістрацыі апазыцыйным аб’яднаньням, партыям і рухам. Таму “Народная грамада” мяркуе працаваць у якасьці аргкамітэту пад дахам дэмакратычных прафсаюзаў і далей рыхтавацца да рэгістрацыі.

Адносна ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2008 году першы намесьнік старшыні аргкамітэту Алесь Арастовіч сказаў, што ёсьць 12 прапановаў Эўразьвязу:

“Мы ж павінны паслухаць, што скажа беларускі ўрад, прэзыдэнт, прымаюць яны гэтыя ўмовы ці не. Калі ўсё застаецца, як і ёсьць, то Лукашэнка, урад праігнаравалі гэтыя прапановы, і мы з гэтага будзем рабіць высновы. Калі ўмовы для правядзеньня свабодных, дэмакратычных выбараў ня створаныя, як можна браць у іх удзел? Але мы выкарыстаем гэтую кампанію”.

Менск, 25.11.2007. Прэзыдыюм зьезду “Народнай грамады” (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) У прэзыдыюме зьезду А.Арастовіч, М.Статкевіч, А.Кучынская, А.Гаўруцікаў, У.Мішура

Удзельнікаў зьезду прывіталі палітыкі Аляксандар Мілінкевіч, Павал Севярынец і Вячаслаў Сіўчык і прадстаўнік расейскіх сацыял-дэмакратаў Павал Кудзюкін. Віншаваньні даслалі сацыял-дэмакраты Ўкраіны і Нямеччыны.

Менск, 25.11.2007. Госьці зьезду “Народнай грамады” (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) Павал Севярынец і Вячаслаў Сіўчык Госьці зьезду Павал Севярынец і Вячаслаў Сіўчык
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG