Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Станкевіч: "Мэта - каб беларусы ва ўладзе і ў апазыцыі селі за агульны стол"


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў амбасадзе Літвы ў Беларусі адкрылася фотавыстава “Праваслаўныя храмы Літвы”. Аўтар здымкаў — праваслаўны сьвятар айцец Алег. У дзяцінстве ён вучыўся ў Менску, а цяпер жыве і працуе ў Літве.

Экспазыцыя раней дэманстравалася і ў літоўскім парлямэнце, і чатыры літоўскія дэпутаты на чале з кіраўніком групы ў сувязях зь Беларусьсю Вацлавам Станкевічам прымеркавалі свой візыт у Менск да адкрыцьця гэтай выставы.

Спадар Вацлаў Станкевіч кажа, што менавіта ягоная група, у якой ужо 24 дэпутаты, ініцыявала прыезд экспазыцыі ў Менск. Група зыходзіць з таго, што трэба мець як мага больш самых разнастайных кантактаў зь Беларусьсю.

Літоўскія парлямэнтары вельмі спадзяваліся, што ў Менску яны сустрэнуцца з калегамі з Палаты прадстаўнікоў і лідэрамі беларускай апазыцыі.

Вацлаў Станкевіч тлумачыць перавагі менавіта трохбаковай сустрэчы:

“Калі мы паасобку сустракаемся з апазыцыяй, а пасьля яшчэ з кімсьці, дык узьнікае недавер — быццам бы нешта хаваем, нешта нядобрае плянуем. Я гэтага не хачу.

Я прыехаў са шчырым сэрцам, я нарадзіўся ў Беларусі. І мне хацелася б, каб самі беларусы вырашалі пытаньні сваёй краіны. Таму я хачу падвесьці пад такі фармат, каб і беларусы, якія ёсьць ва ўладзе, і беларусы з апазыцыі селі за агульны стол, паглядзелі адзін аднаму ў вочы і размаўлялі пра праблемы сваёй краіны. Вось мая галоўная мэта”.

Са словаў літоўскіх парлямэнтароў, афіцыйны Менск адказаў ім, што час для такіх сустрэчаў яшчэ не прысьпеў.

Нежаданьне садзіцца за агульны стол з апазыцыяй старшыня аграрнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Русы, які ачольвае групу Нацыянальнага сходу ў сувязях зь Літвою, тлумачыць нашаму радыё так:

“Чамусьці такі ўхіл ідзе — маўляў, давайце, далучайце апазыцыю. Дык, калі ласка, апазыцыя, — ідзі ва ўладу і працуй. Ідзі працуй старшынём райвыканкаму. І будзем вырашаць эканамічныя задачы, якія стаяць перад намі.

Ну, навошта мне размаўляць з чалавекам, які нічога не вырашае? Прыкладам, з тым, зь якім я калісьці працаваў ва ўрадзе, і які, я ведаю, і ня здольны нешта вырашыць. Ну, што садзіцца і слухаць нейкія байкі?!”

Літоўскай дэлегацыі прыйшлося спачатку ў амбасадзе паразмаўляць зь лідэрамі апазыцыі, а пасьля пабываць на рабочым абедзе з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

Сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Вінцук Вячорка гаворыць, што галоўным пастулятам гасьцей у размове з апазыцыянэрамі была спроба распачаць супольны дыялёг:

“Мы выклалі сваю пазыцыю, што мы вітаем дыялёг. Але, бясспрэчна, мусяць быць вызваленыя палітычныя вязьні, мусяць быць унесеныя зьмены ў выбарчае заканадаўства і ў практыку — перадусім гарантаваны ўдзел прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у выбарчых камісіях усіх роўняў”.

Вацлаў Станкевіч пасьля завяршэньня візыту так пракамэнтаваў ягоныя вынікі:

“Усё ж такі добра, што мы сустрэліся. Галоўны вынік — хоць і на словах, але мы дамовіліся са спадаром Русым, што надалей будзем пачынаць такія спатканьні не з пытаньняў замежнай палітыкі, а з пытаньняў аграрных, эканамічных, транзыту, энэргетыкі... І на гэтыя сустрэчы запрашаць прадстаўнікоў апазыцыі”.

Фотавыстава “Праваслаўныя храмы Літвы” адкрылася сёньня ў амбасадзе Літвы ў Беларусі, 21.11.2007 Беларускія апазыцыянэры зьбіраюцца ў Вільні, 25.10.2007 В.Станкевіч: “Мне вельмі дорага ўсё, што зьвязана зь Беларусьсю”, 5.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG