Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэзыдэнцкі ідэоляг У.Холад лічыць сябе ахвярай правакацыі


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным Судзе пачаўся працэс у справе Ўладзімера Холада, былога першага намесьніка начальніка ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта, якога падазраюць у падбухторваньні да хабару й махлярстве.

Працэс у справе Ўладзімера Холада праходзіць за закрытымі дзьвярыма. Адвакат Марына Вараб’ёва, якая абараняе чыноўніка, паведаміла журналістам, што яе падабаронны віны не прызнае й кажа пра правакацыю.

Вось што адказала Марына Вараб’ёва на маё пытаньне пра тое, каму спатрэбілася такая правакацыя:

“Ня ведаю. Я ўжо казала, што мяне прасілі нічога не камэнтаваць. Прасіў мой кліент”.

Ад сябе Марына Вараб’ёва дадала: “Не разумею, чаму суд зрабілі закрытым”.

Уладзімера Холада арыштавалі сёлета 30 чэрвеня на працоўным месцы. Праваахоўныя органы паведамілі, што да чыноўніка прыйшлі ў той момант, калі ён атрымоўваў 35 тысяч даляраў. Паводле закону такі хабар лічыцца асабліва вялікім і прадугледжвае большае пакараньне.

Да таго ж пракуратура ўлічыла, што Ўладзімер Холад займаў адказную пасаду. Былому прэзыдэнцкаму ідэолягу можа пагражаць да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Але дакладна які тэрмін просіць пракуратура для Ўладзімера Холада — невядома.

Між тым пэўныя арыенціры ў гэтай справе ёсьць. Выступаючы ў кастрычніку перад расейскімі журналістамі, Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт гэтага выпадку. “Пад кантролем два хабары ўзяў. Пасадзілі. Вось цяпер хай адмазваецца. Пэўна... трынаццаць гадоў атрымае”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Акрамя падбухторваньня да атрыманьня хабару Ўладзімера Холада судзяць і за махлярства. Паводле адной з вэрсіяў, чыноўнік браў грошы, каб падзяліцца з начальствам. “А паколькі не пасьпеў падзяліцца, то ператварыўся ў махляра”, — мяркуе былы судзьдзя, вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.

“Цяперашнім уладам і тым праваахоўнікам, якія гэтую апэрацыю наладзілі, нявыгадна было даводзіць яе да канца. Нявыгадна адсочваць, каму ж ён перадасьць гэтыя грошы. Таму яе спынілі, а Холада запужалі тым, што можа атрымаць і болей”.

Прадстаўнік пракуратуры камэнтаваць справу Ўладзімера Холада адмовіўся.



• А.Лукашэнка вызваліў У.Холада ад працы ў Цэнтрвыбаркаме, 18.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG