Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачынкі працоўных будуць карацейшыя


Іна Студзінская, Менск З Новага году агульная працягласьць адпачынку бальшыні працоўных скароціцца згодна з новай рэдакцыяй Працоўнага кодэксу. Зьмены ў Закон ініцыяваныя Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, дакумэнт ухвалены парлямэнтам, падпісаны прэзыдэнтам і апублікаваны. У камэнтары да Працоўнага кодэксу Міністэрства працы падкрэсьліваецца, што артыкулы главы 12 цалкам перагледжаныя “з мэтай эфэктыўнага выкарыстаньня працы работнікаў”. Незалежныя прафсаюзы правялі экспэртызу зьменаў, што тычацца адпачынкаў працоўных.

З аднаго боку, асноўны адпачынак павялічваецца на 3 дні (раней мінімальны быў 21 дзень, з новага году будзе 24). Аднак дадатковыя адпачынкі будуць скарочаныя: за ненармаваны працоўны дзень (у гэту катэгорыю падпадаюць 1,5 мільёну служачых) цяпер будзе дададзена 7 дзён (замест 14) і за кошт уласных сродкаў арганізацыяў.

За працу ў шкодных умовах будзе цяпер максымум 28 дзён і толькі за кошт наймальніка (раней адпачынак быў 41 дзень). Урад павінен правесьці атэстацыю працоўных месцаў паводле ўмоваў працы. Кіраўніца прававой службы Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Алена Яськова кажа:

“Гэта падаецца, як стымул для кіраўнікоў паляпшаць умовы працы. Але для таго, каб, да прыкладу, у прамысловасьці паляпшаць умовы працы, патрэбныя калясальныя сродкі (на тэхніку бясьпекі, мадэрнізацыю абсталяваньня). Вельмі хутка гэта правесьці немагчыма. Такім чынам, людзі будуць працаваць у тых жа умовах, але адпачынкі ў іх будуць карацейшыя”.

Скарочаныя на 10 дзён і так званыя вучэбныя адпачынкі, а для абароны дыплёму – на месяц. Да таго ж, кажа юрыст Алена Яськова:

“Аплачваюцца гэтыя адпачынкі толькі тады, калі студэнты вучацца па накіраваньні, заяўцы наймальніка. То бок, астатнія – толькі за свой кошт”.

Праект Працоўнага кодэксу рыхтавала Міністэрства працы. Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі быццам бы ўносіла свае прапановы, але, як тлумачыць юрыст Алена Яськова:

“У нас нават з афіцыйнымі прафсаюзамі няма абавязковага ўзгадненьня. Прапановаў могуць даць дзесяткі, а ўлічыць два ці тры, а потым казаць, што з прафсаюзамі абмяркоўвалі. Праект абмяркоўваўся, але меркаваньні нават афіцыйных прафсаюзаў не былі ўлічаныя”.

Кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі камэнтаваць новы Працоўны кодэкс адмовілася. Паколькі Працоўны кодэкс апублікаваны, на прадпрыемствах зь ім азнаёміліся. Гаворыць супрацоўніца аддзелу працы і заробкаў Менскага маторнага заводу:

“Канечне, шкада тых людзей, якія працуюць на шкоднай вытворчасьці. У іх адпачынак быў 41 дзень, а цяпер будзе 28. Што да тых, хто вучыцца, чаму мы павінны аплачваць адпачынак чалавеку, які ня будзе потым працаваць на нашым заводзе? Ён атрымлівае зусім іншую спэцыяльнасьць. Магчыма, гэта правільна”.

“Паводле меркаваньня незалежных прафсаюзаў, адмена сацыяльных ільготаў, скарачэньне сацыяльных адпачынкаў – усё накіравана, каб за кошт людзей зэканоміць як мага больш сродкаў. А становішча наёмных працаўнікоў пагаршаецца. Цяпер яшчэ і праз Працоўны кодэкс”, – кажа Алена Яськова.

• Чаму ўлады адмяняюць ільготы? , 7.05.2007 • Чаму адмена льготаў ня выклікала сацыяльных узрушэньняў?, 25.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG