Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Ірына Казуліна: “Я буду шчасьлівая толькі тады, калі абдыму мужа дома…”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Сёньняшні вечаровы эфір цалкам сплянаваны галоўным рэдактарам Радыё Свабода на гэтым тыдні – грамадзкай дзяячкай Ірынай Казулінай, жонкай былога кандыдата у прэзыдэнты, палітвязьня Аляксандра Казуліна. Прапануем вашай увазе гутарку зь ёй пра мужа, дачок, сябе – сваю сям’ю.

Уліцёнак: “Ірына, скажыце, калі ласка, што вы ўведалі сама пра сябе і пра сваю сям’ю, калі спаткаліся з такімі складанымі выпрабаваньнямі?”

Казуліна: “Па-першае, сказаць па праўдзе, не перастаю адкрываць усё новае ў сваім мужу. Хоць ведаю яго вельмі даўно – сёлета 30 год нашаму знаёмству. І тым ня менш усё больш і больш паважаю за ягоныя ўчынкі. Час ад часу мы зь дзецьмі перабіраем старыя фоткі, узгадваем нейкія эпізоды, і я думаю: Божухна, як ён разумна тады гаварыў, як правільна рабіў… Тое, як ён вытрымаў такую галадоўку, не ўкладваецца ў галаве…

Што тычыцца дзяцей, то яны былі такія атуленыя цяплом і павагай, што мне час ад часу здавалася: гэта ўжо занадта! Аднак высьветлілася адваротнае – яны з годнасьцю пераносяць усе выпрабаваньні. Хоць жыцьцё ў нас памянялася вельмі і вельмі моцна, але тым ня менш дзяўчаты – сапраўдныя дзеці Казуліна: яны стойкія, аптымістычныя, ня вешаюць носа, ня ныюць, ня плачуць, ня скардзяцца, а па-філязофску да ўсяго ставяцца”.

Уліцёнак: “Ну а ў сабе?”

Казуліна: “У сабе? Цяпер навучылася быць трошкі спакайнейшай. Бо падчас сьледзтва, зьбіцьця, арышту я вельмі моцна перажывала, а потым зразумела, што мае турботы і сьлёзы нічога пазытыўнага не даюць. Тады і пастаралася супакоіцца ўнутрана, бо трэба асэнсоўваць, што ты можаш зьмяніць, а што – не. І як “не”, то трэба не перажываць, а прыняць і чакаць зьменаў да лепшага”.

Уліцёнак: “Як вы цяпер лекуецеся, то, мабыць хапае вольнага часу. Чым бавіцеся, што, напрыклад, чытаеце?”

Казуліна: “Парадокс, але цяпер у мяне часу менш, чым раней. Шмат сілаў забрала падрыхтоўка да Міжнароднай канфэрэнцыі па праблематыцы пухліны жаночай малочнай залозы: перакладала з ангельскай, шмат арганізацыйных пытаньняў было – справа надзвычай важная, паверце. І складаная.

А чытаю цяпер раман “Майстар”, аўтар Рошын, гэта філязофская проза. Мне цяпер вельмі важна ўнутраную раўнавагу атрымаць, а тое чытво спрыяе такому намеру. Праз гэта хачу замацаваць сваю псыхалягічную ўстойлівасьць”.

Уліцёнак: “А як вы бывалі ў мужа – што ён цяпер чытае?”

Казуліна: “Для ягонай бібліятэкі нядаўна перадалі вельмі многа літаратуры – і палітычнай, і філязофскай… Ня ведаю, на чым канкрэтна зараз ён спыніўся. Аднак Саша вельмі задаволены, што да яго прыходзяць людзі і з другіх атрадаў”.

Уліцёнак: “Ці можна больш падрабязна: што за бібліятэка такая?”

Казуліна: “Хоць у калёніі ёсьць бібліятэка, аднак муж знайшоў там яшчэ нейкае маленькае памяшканьне і дамогся дазволу на “сваю” – нам засталося толькі знайсьці і перадаць туды некалькі сотняў кніжак, дзякуй усім за дапамогу ў іх зборы”.

Уліцёнак: “Што непакоіць вас у палітыцы ці наадварот нараджае аптымізм?”

Казуліна: “Найперш падабаецца актыўнасьць моладзі”.

Уліцёнак: “Якія навіны ад мужа, пра яго?”

Казуліна: “Падаем скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН – гэта доўгі працэс, аднак ён падыходзіць да завяршэньня. Высьветліла, што ў лістападзе нам ужо можна ехаць на доўгатэрміновае спатканьне – на тры дні. Паедзем на ягоныя народзіны – 25 лістапада будзем адзначаць 53-годзьдзе.

Цяпер у мяне часта пытаюцца, ці ня будзе ў Сашы нейкай палёгкі ў зьвязку з амністыяй? Аднак я ўжо даўно перастала верыць у нейкія абяцанкі-цацанкі… Кажу ўсім так: я буду шчасьлівая толькі тады, калі абдыму мужа дома…”

Ірына Казуліна - грамадзкі рэдактар тыдня (Фотагалерэя), 5.10.2007 Ірына Казуліна: “Цаню незапраграмаваных – напрыклад, Сяргея Скрабца…”, 4.10.2007 Ірына Казуліна: “На сайтах мяне ўражваюць камэнтары – зашмат абразы…”, 3.10.2007 • Ірына Казуліна змагаецца з ракавай хваробай і дапамагае іншым, 18.09.2007 Онлайн-канфэрэнцыя з Ірынай Казулінай, 14.07.2006 Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна, 10.07.2006
XS
SM
MD
LG