Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі давядзецца плаціць за візы ў суседнія краіны?


Іна Студзінская, Менск У 2008 годзе да Шэнгенскай зоны далучаюцца дзевяць краінаў — Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Славенія, Польшча, Эстонія, Латвія, Літва і Мальта. Беларускім грамадзянам давядзецца, хутчэй за ўсё, плаціць 60 эўра за візы ў суседнія краіны. Дыпляматычныя службы працягваюць перамовы пра зьніжэньне кошту візаў для беларусаў і спрошчанае атрыманьне візаў.

2-3 кастрычніка ў Варшаве адбыліся двухбаковыя консульскія кансультацыі. Дасягнута дамоўленасьць пра тое, што Польшча перанясе тэрміны прымяненьня новых умоваў выдачы візаў на 1 сьнежня (раней меркавалася, што ўжо з 1 лістапада польскі бок будзе браць за візы 60 эўра).

Польскі бок выказаў намер не павышаць тарыфу консульскіх збораў за выдачу візаў, якія дзейнічаюць да 31 сьнежня.

Тлумачыць прэсавы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Моніка Садкоўская:

“Кошт усіх польскіх візаў, якія будуць выдадзеныя да канца году і будуць дзейнічаць да 31 сьнежня, не мяняецца. То бок, калі гэта аднаразовая віза, яна будзе каштаваць 5 эўра, нават калі вы атрымаеце яе ў сьнежні”.

Да Новага году ў Польшчу беларусы змогуць трапіць паводле старых коштаў — за 5 эўра.

А вось калі тэрмін дзеяньня візы ў Польшчу будзе пачынацца ад 1 студзеня 2008 году, то заплаціць давядзецца, хутчэй за ўсё, ужо 60 эўра, кажа Моніка Садкоўская:

“Будзе дадатковая інфармацыя, як гэта будзе мяняцца з пачатку новага году. Але, у прынцыпе, з 1 студзеня мы ўжо будзем працаваць цалкам паводле правілаў Шэнгену”.

Да наступнага году плянуецца падпісаць абноўленае пагадненьне, згодна зь якім захаваюцца некаторыя льготы, спрошчаныя ўмовы выдачы візаў дзецям, пэнсіянэрам, інвалідам, людзям з памежных тэрыторыяў.

Цяпер чарга па візы ў польскі кансулят у Менску пераваліла за 3 тысячы чалавек.

Вось што кажуць людзі:

Спадар: “Трэба некалькі месяцаў хадзіць кожны дзень і адзначацца ў чарзе. Чарга надта вялікая — 3964 чалавекі, амаль 4 тысячы...”

Спадарыня: “Ад 28 жніўня мы адзначаемся, былі 3363-я, а цяпер вось 1609-я”.

Спадар: “Я лічу, што калі наш прэзыдэнт не пусьціў дыпляматаў польскіх, то ў адказ польская амбасада так працуе”.

Што да Літвы, да наступнага году кошт візаў не мяняецца — аднаразовая віза будзе каштаваць 5 эўра, кажа прэсавы сакратар амбасады Літвы ў Беларусі Крысьціна Паканіце:

“З новага году мы пакуль ня кажам пра ўсе варыянты, бо вядуцца перамовы, пакуль усё на стадыі перамоваў. Але да новага году нічога не мяняецца, усё, як было, так і застаецца”.

Цяпер у літоўскай амбасадзе візу паводле папярэдняга запісу можна атрымаць за два тыдні. Сёньня, да прыкладу, запісвалі на 18 кастрычніка.

У амбасадзе Чэхіі нам паведамілі:

Супрацоўніца амбасады: “Можа быць, нейкая новая інфармацыя зьявіцца пасьля 10 кастрычніка”.

Карэспандэнтка: “Але пакуль, да новага году, усё застаецца па-ранейшаму?”

Супрацоўніца амбасады: “Пакуль што з упэўненасьцю не магу сказаць. Пакуль што так, але з упэўненасьцю не магу сьцьвярджаць”.

Згодна зь міжнароднай практыкай, Беларусь будзе вымушаная ўжыць адэкватныя захады — павялічыць цэны на візы для грамадзянаў краінаў, якія далучаюцца да Шэнгенскай зоны, заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.

Шэнгенскае пагадненьне аб памежным кантролі падпісалі ў 1985 годзе. На сёньняшні дзень да дамовы далучыліся Бэльгія, Люксэмбург, Нідэрлянды, Нямеччына, Францыя, Італія, Гішпанія, Партугалія, Грэцыя, Аўстрыя, Швэцыя, Фінляндыя, Данія, Нарвэгія і Ісьляндыя. З 1 студзеня 2008 году да Шэнгенскай зоны далучацца Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Славенія, Польшча, Эстонія, Латвія, Літва і Мальта.

Украіна і Расея ўжо даўно вядуць перамовы з Эўразьвязам наконт зьніжэньня цэны на шэнгенскія візы для сваіх грамадзянаў. Чакаецца, што шэнгенская віза будзе каштаваць для іх 35 эўра.


• У візавым пытаньні Эўразьвяз чакае ад Беларусі рэальных крокаў, 14.08.2007 • Наконт бясплатных візаў мэдыі пасьпяшаліся, 25.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG