Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 кастрычніка ў Курапатах усталююць новы мэмарыяльны знак


Ганна Соўсь, Менск Ідзе актыўная падрыхтоўка да Дзядоў і Дня Памяці 29 кастрычніка. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ падае заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне з нагоды Дня памяці продкаў шэсьця і жалобнага мітынгу ва ўрочышчы Курапаты. А Грамадзкі камітэт дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ужо праводзіць і плянуе шэраг захадаў з нагоды 70-годзьдзя кульмінацыі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ вырашылі сёлета адзначаць Дзень памяці продкаў у нядзелю, 28 кастрычніка. Маршрут шэсьця будзе традыцыйным – ад гадзіньнікавага заводу да ўрочышча Курапаты, дзе адбудзецца жалобны мітынг, гаворыць намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

“Натуральна, што напярэдадні Дзядоў нашы пэрманэнтныя талокі пераходзяць у стадыю больш сур’ёзнай падрыхтоўкі. Заўжды напярэдадні Дзядоў праводзіцца генэральная талака ў Курапатах, урочышча прыводзіцца ў парадак. Так будзе і сёлета. У наступную суботу і далейшыя выходныя мы плянуем талокі ў Курапатах”,– кажа Юрась Беленькі.

“Гаварыць выключна пра сталінскія рэпрэсіі – гаварыць паўпраўду”

Што да адзначэньня 70-ай гадавіны піку сталінскага тэрору, то Юрась Беленькі адзначае, што сябры КХП БНФ штогод займаюцца ўшанаваньнем памяці нявінных ахвяраў расейскага бальшавізму, і ня толькі ў Дзень памяці продкаў.

“Гаварыць выключна пра сталінскія рэпрэсіі – гэта гаварыць паўпраўду. Калі ўзяць гісторыю Беларусі, то нашэсьці з Усходу, з Маскоўскай імпэрыі заўжды прыносілі неверагодныя пакуты нашаму народу. Сталінскія рэпрэсіі тут ня ёсьць выключэньнем. Гэта, можа, бліжэйшы да сёньняшняга пакаленьня пэрыяд такога брутальнага нашэсьця”,– лічыць намесьнік старшыні КХП БНФ.

“Вядомых месцаў расстрэлаў – 15-20 у кожнай вобласьці”

У панядзелак, 29 кастрычніка актывісты грамадзкага камітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій плянуюць адзначыць Дзень памяці. Асноўныя жалобныя ўрачыстасьці адбудуцца ва ўрочышчы Курапаты, адпаведная заяўка ў Менгарвыканкам будзе пададзеная неўзабаве. Сакратар аргкамітэту Уладзімер Раманоўскі паведаміў Свабодзе, што напярэдадні будуць шырока распаўсюджаныя сьпісы месцаў расстрэлаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

“Мы распаўсюдзім праз розныя сайты інфармацыю пра месцы, дзе былі расстраляныя людзі, з тым, каб людзі ведалі, куды прынесьці кветкі, дзе паставіць сьвечкі. Такіх месцаў ад 15 да 20 ў кожнай вобласьці, гэта з тых, што вядомыя. А не пазначаных значна болей”,– кажа Ўладзімер Раманоўскі.

”29 кастрычніка – гэта не Дзяды, гэта іншая дата” Апрача таго 26 кастрычніка ва ўправе Партыі БНФ адкрыецца выстава, прысьвечаная Дню памяці ахвяраў сталінізму ў Беларусі. У гэтыя дні гэтаксама адбудзецца выстава выдадзеных сёлета кнігаў на тэму рэпрэсій, у тым ліку прэзэнтацыя кнігі Леаніда Маракова “Ахвяры і карнікі”. Ужо накіраваны зварот да менскіх уладаў з просьбай аб выдзяленьні памяшканьня для правядзеньня 25 кастрычніка вечара памяці ахвяраў сталінізму.

Пра адметнасьць даты 29 кастрычніка гаворыць сустаршыня грамадзкага камітэту, дасьледчык гісторыі рэпрэсій Ігар Кузьняцоў:

“Сёлета знакавай датай вызначана 29 кастрычніка. У гэты дзень у 1937 годзе адбываліся масавыя расстрэлы інтэлігенцыі ў сутарэньнях КДБ, цяперашняй “амэрыканкі”. 29 кастрычніка – гэта не Дзяды, гэта іншая дата, якая павінна адзначацца асобна. 29 кастрычніка ў Курапатах будзе адкрыты мэмарыяльны знак ці помнік (мы пакуль дэталі не раскрываем), калі гэта атрымаецца зрабіць”.

У суботу, 29 верасьня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ праводзяць у Курапатах талаку. Пачатак а 11 гадзіне. У гэты ж дзень з ініцыятывы грамадзкага камітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій жалобныя цырымоніі адбудуцца ў парку Чалюскінцаў (а 15 гадзіне) і ва ўрочышчы Курапаты (а 17-й гадзіне).


• Зварот Грамадзкага камітэту ў справе ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, 28.02.2007 • Дарога праз Курапаты. — 2002. — 464 с.: іл. (PDF 1.5Mb) Гісторыя безразважнай абароны месца масавых пахаваньняў ахвяраў камунізму падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі. Унікальны ў гісторыі журналістыкі дакумэнт штодзённага рэпартажу з аднаго месца на працягу васьмі месяцаў. Кніга абароненай годнасьці. Прэзэнтацыя ў Менску.

“Мартыралёг Беларусі”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG