Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Скрабатун: “Я веру ў веліч нашай гісторыі і культуры”


Радыё Свабода Уладзімер Скрабатун – удзельнік праграмы “У што я веру”.

Памятаецца, у дзяцінстве (год дзесьці 1970-ы, кляса восьмая) узяў я ровар і паехаў вельмі далёка. Настолькі далёка, наколькі дазваляла сьмеласьць 14-гадовага падлетка. Дарога. Далячынь. Адчуваньне свабоды!.. Раней жа бацькі не пускалі адлучацца кудысьці ад хаты.

І вось я ў Шарабаях. Прысады. Вельмі вялікія дрэвы. Такіх агромністых я ніколі ня бачыў. Цяпер я ведаю – гэта таполя срэбная, шляхетнае дрэва Рэчы Паспалітай. Мост праз раку Аржаніца. Чыстая, празрыстая, як сьляза, вада. Чародкі рыб сноўдаюць. Стары млын насупраць змураваны з шэрых камянёў. Белая вапнавая рошчына. Каменьчыкі-разынкі паўтыканыя. Ня проста абы як паўтыканыя, а ўтвараюць малюнкі. Сонца, птушкі… З млыннага вадаспаду зьбягае вада. Журчыць… Такая прыгажосьць наўкола! Рамантыка!

Гэты відарыс занатаваўся ў памяці на ўсё жыцьцё. Штораз ён стаіць перад маімі вачыма – адчуваньне свабоды і рамантычны вобраз маёй Беларусі, які я адкрыў для сябе. І, як цяпер, памятаецца, што менавіта тады, стоячы на мосьце праз Аржаніцу, я сам сабе задаў пытаньне: “Ёсьць Францыя, ёсьць Вугоршчына, Нямеччына…Чаму няма такой самай вольнай краіны Беларусь?”

Першая ў жыцьці вандроўка і ўражаньні ад яе натхнілі заняцца краязнаўствам. Я браў ровар – і ехаў. Хоць у які бок! Бо ў розных накірунках для мяне ўсё скрозь – нязьведанае. Я бачыў Мосар у заняпадзе. Жахлівае было відовішча. Цяпер Мосар паўстаў і расквітнеў. Ксёндз Ёзас Булька стварыў тут незямны (і ўсё ж – зямны) рай. Я памятаю цудоўны рамантычны палац у Залесьсі, які мясцовыя жыхары называлі замкам. Няма ўжо палаца ў Залесьсі! Раскралі, расьцягалі на цэглу. На гэтым месцы – крушня камянёў і друзу. Усё зарасло чартапалохам і крапівой. Няма ўжо і млына ў Шарабаях. Будынак разабралі на камяні для падмуркаў. Аржаніца там цяпер – вераб’ю па калена. Брудная зялёная вада!

Але я веру ў веліч нашай гісторыі і культуры. Веру, што чорная хмара бяздушша, хцівасьці, сквапнасьці, якая сёньня навісла над нашай краіна, сыдзе.

Веру, што ўнукі дастануць з гарышчаў запыленыя дзедавы штандары. Страсуць пыл. Горда ўздымуць над зьнявечанай краінай. І ўсе ўбачаць, як нас шмат!

Веру, што шмат каму будзе сорамна за тое, што некалі з-за службовых выгодаў, з-за страху заплюшчвалі вочы на несправядлівасьць, за цкаваньне іншадумцаў, за разбурэньне помнікаў даўніны, за зьнішчэньне нашай мовы і культуры.

Я веру ў тое, што раблю. Веру, што гэтая праца прыносіць плён. Нават у думках ніколі не было жаданьня, каб нехта мне сказаў “дзякуй” за тое, што вандрую па Глыбоччыне, зьбіраю яе гісторыю. А вось адзін глыбоцкі паэт, які сябе лічыць клясыкам, пару гадоў таму на пытаньне: “Ну, як справы?” – паскардзіўся: “Валодзя, я да сёньняшняга дня яшчэ не пачуў “дзякуй” за тое, што размаўляю па-беларуску”. Ня дзіва, што потым – за “дзякуем” ён пайшоў у “правільны” саюз пісьменьнікаў.

Для мяне стаўся вялікай нечаканасьцю адзін сёлетні выпадак, калі я быў у Мосары ля касьцёлу сьвятой Ганны з адной экскурсійнай групай. Да мяне падышла жанчына і сказала: “Я зь Менску. Працую ў Нацыянальнай кніжнай палаце. Да нас прыходзіць ваша газэта. Па вашых краязнаўчых публікацыях мы рыхтуем цэлыя экскурсійныя маршруты. Едзем у вандроўкі. Дзякуй вам за вашу працу!”

Такія нечаканасьці – натхняюць. Даюць веры, што ня ўсё так скрушна.

***

Уладзімір Скрабатун – краязнаўца, выдавец рэгіянальнай газэты “Вольнае Глыбокае”, аўтар кнігі “Глыбокае на старых паштоўках” (1998) і безьлічы краязнаўчых артыкулаў у розных беларускіх выданьнях.
XS
SM
MD
LG