Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Хэльсынскі камітэт будзе судзіцца з урадам


Віталь Цыганкоў, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі прыняў да разгляду пазоў Беларускага Хэльсынскага камітэту да ўраду і Міністэрства фінансаў. БХК патрабуе спагнаць з урадавых органаў страты больш як на 250 тысяч беларускіх рублёў.

Судзьдзя Кацярына Караткевіч пастанавіла, што “ў пазове і прыкладзеных да яго дакумэнтах дастаткова падставаў, каб пачаць вытворчасьць па справе”.

БХК патрабуе ад Савету Міністраў аднавіць страты на 255 тысяч рублёў. Нагадаем, летась у сьнежні менавіта на гэтую суму судовыя выканаўцы сканфіскавалі маёмасьць камітэту: кампутар, факс ды іншае.

Маёмасьць апісалі паводле рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду. Яна пайшла ў кошт аплаты 160 мільёнаў рублёў штрафу і падатковых запазычанасьцяў — разам на 75 тысяч даляраў. Суд палічыў БХК вінаватым у нявыплаце падаткаў са сродкаў, атрыманых у рамках праграмы Эўразьвязу ТАСІS.

Аднак БХК лічыць, што страты былі спрычыненыя празь бязьдзейнасьць Савету Міністраў, які не прывёў нарматыўна-прававую базу Беларусі ў адпаведнасьць зь міжнароднымі забавязаньнямі паводле дзейнасьці праграмы Эўразьвязу ТАСІS.

Старшыня БХК Тацяна Процька заявіла “Свабодзе”:

“Мы разглядаем гэтае рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду як першы мілімэтровы крок у бок эўрапейскай судовай сыстэмы каштоўнасьцяў. Бо магчымасьць падаць у суд на найвышэйшы гаспадарчы орган, Савет Міністраў, і быць пачутыя судом — гэта сьведчаньне таго, што краіна робіць крокі ў прававым кірунку.

Але мы вялікага аптымізму ня маем, бо ёсьць такая практыка ў нашых судоў — прыняць пазоў да разгляду і потым сказаць, што ён суду не падлягае. Тым ня менш мы спадзяемся на прававы вынік у разглядзе нашага пытаньня”.

Падрыхтоўчае судовае паседжаньне прызначылі на 13 верасьня.

• Канфіскаваная маёмасьць БХК , 6.12.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG