Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: у судзе над Паўлам Севярынцам – перапынак да 15.00


Вячаслаў Кулік, Менск Пасьля дзьвюх першых гадзінаў разгляду адміністрацыйнай справы Паўла Севярынца ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця аб’яўлены перапынак. Як паведаміў Радыё Свабода сябра “Руху “За Свабоду” Андрэй Шарэнда, судзьдзя Вольга Сьмірнова заявіла, што да гэтага часу будзе выкліканы нехта Кісель – сьведка з боку міліцыі, які мусіць прыехаць з райцэнтру Кобрын

Са словаў Андрэя Шарэнды, міліцыянты канваіравалі з залі суду Паўла Севярынца і павезьлі яго на аўтамашыне ў пастарунак.

“Сёньня, -- адзначае Андрэй Шарэнда, -- па прапанове адваката Паўла Алесіна, які абараняе інтарэсы Паўла Севярынца, у залі суду зноў дэманстравалі відэазапіс, зроблены міліцыянтамі падчас захопу ўдзельнікаў сустрэчы на прэзэнтацыі кнігі Севярынца “Лісты зь лесу” 19 жніўня.

“Усе яшчэ раз пераканаліся ў грубасьці міліцыянтаў і зьнявазе імі прысутных на прэзэнтацыі кнігі”, – даводзіць Андрэй Шарэнда.

Дарэчы, сёньня адвакат Павал Алесін прадставіў суду два міліцэйскія пратаколы, складзеныя пры затрыманьні 19 жніўня Паўла Севярынца. Паводле аднаго зь іх, Павал арыштаваны на трое сутак. Тэрмін зыходзіць сёньня. Абарона патрабуе неадкладнага вызваленьня Паўла Севярынца.

14 удзельнікаў прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца, якія выкліканыя ў суд Маскоўскага раёну Берасьця на 10 гадзін раніцы, мусяць чакаць. Раніцай судзьдзя Вольга Сьмірнова абяцала прыступіць да разгляду іхных адміністрацыйных спраў “прыкладна празь гадзіну”.

Паўла Севярынца арыштавалі ў Берасьці 19 жніўня падчас прэзэнтацыі ягонай кнігі “Лісты зь лесу”. Разам зь ім было затрымана 28 чалавек.

Раней Павал Севярынец быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту пасьля затрыманьня напярэдадні сьвяткаваньня гадавіны абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту 27 ліпеня.

Ад часу вяртаньня Паўла Севярынца зь вёскі Малое Сітна на Віцебшчыне, дзе палітык адбываў амаль два гады абмежаваньня волі, мінула роўна 90 дзён. З “хіміі” спадара Севярынца вызвалілі сёлета ў траўні на чатыры месяцы раней, чым меў скончыцца тэрмін пакараньня.

• У Берасьце падчас суду над Севярынцам паказалі відэастужку, 22.08.2007 • Берасьце: Паўла Севярынца абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе, 20.08.2007 • Берасьце: падрабязнасьці затрыманьня ўдзельнікаў сустрэчы з П. Севярынцам, 20.08.2007 • Берасьце: затрымана каля 40 прыхільнікаў хрысьціянскіх дэмакратаў, 19.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG