Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе над Севярынцам аб’яўлены перапынак да заўтра


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня судзьдзя Маскоўскага раёну Берасьця Вольга Сьмірнова аб’явіла перапынак да заўтра ў судзе над Паўлам Севярынцам. Вядомага апазыцыянэра і былога палітвязьня абвінавачваюць паводле 23 і 34 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: “паўторнае парушэньне Закону аб сходах і масавых мерапрыемствах”. Падставай для гэтага названа прэзэнтацыя ў Берасьці кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”.

Яшчэ задоўга да паседжаньня перад будынкам суду ў Берасьці сабралася больш за 30 чалавек з розных палітычных партыяў. Судзьдзя Вольга Сьмірнова мусіла прызначыць працэс у самай вялікай залі. Яна забараніла прысутным карыстацца дыктафонамі й фотаапаратамі.

Суд пачаўся а 16-й гадзіне. І адразу ж Павал Севярынец запатрабаваў, каб паседжаньне вялося па-беларуску. Судзьдзя Сьмірнова адмовіла ў хадайніцтве. На гэта Севярынец заявіў: “Я даю адвод судзьдзі, бо ня веру ў справядлівасьць правасудзьдзя ў Беларусі”. Тады Вольга Сьмірнова аб’явіла перапынак і выйшла з залі паседжаньняў.

Што адбывалася ў судзе далей, расказаў сьведка Андрэй Шарэнда, сябра Руху “За Свабоду”, зь якім мы зьвязаліся ў часе працэсу:

“Паседжаньне працягваецца. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва”.

Андрэй паведамляе: у залі 38 чалавек, зь іх толькі два – міліцыянты:

“Адзін зь іх – паводле пратаколу – заявіў, што адбывалася сустрэча, і на ёй гучалі заклікі да зрыну рэжыму”.

Са слоў спадара Шарэнды, з боку Паўла сьведак двое: “Я – арганізатар, які запрашаў людзей на сустрэчу, і Зьміцер Шыманскі – старшыня Берасьцейскай арганізацыі партыі БНФ”.

Шыманскі: “Спадабалася салідарнасьць берасьцейскіх актывістаў. На судзе прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных партыяў, розных рухаў, розных грамадзкіх арганізацый. І гэта сапраўды вельмі прыемна і вельмі ўражвае.

Па-другое, выразна бачна, што справа сфабрыкаваная. Спадзяёмся, удасца адстаяць справядлівасьць і дамагчыся вызваленьня Паўла Севярынца сёньня”.

Зьміцер Шыманскі, сьведка ў судзе, падае на абарону Паўла Севярынца наступныя факты:

“Аргумэнты вельмі простыя. Я зьяўляюся старшынём гарадзкой арганізацыі партыі БНФ і праводзіў афіцыйны сход у афіцыйна зарэгістраваным памяшканьні, якое арэндуе партыя БНФ. Ня бачу ніякіх падстаў для абвінавачаньня нашых актывістаў ва ўдзеле, нібыта, у несанкцыянаваным сходзе. Закону аб масавых мерапрыемствах мы не парушалі. Мы кіраваліся Законам аб палітычных партыях і дамовай арэнды, якая заключана намі зь юрыдычнай асобай”.

Паўла Севярынца арыштавалі ў Берасьці 19 жніўня падчас прэзэнтацыі ягонай кнігі “Лісты зь лесу”. Разам зь ім было затрымана 28 чалавек.

Раней Павал Севярынец быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту пасьля затрыманьня напярэдадні сьвяткаваньня гадавіны абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту 27 ліпеня.

Ад часу вяртаньня Паўла Севярынца зь вёскі Малое Сітна на Віцебшчыне, дзе палітык адбываў амаль два гады абмежаваньня волі, мінула роўна 90 дзён. З “хіміі” спадара Севярынца вызвалілі сёлета ў траўні на чатыры месяцы раней, чым меў скончыцца тэрмін пакараньня.

• Берасьце: Паўла Севярынца абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе, 20.08.2007 • Берасьце: падрабязнасьці затрыманьня ўдзельнікаў сустрэчы з П. Севярынцам, 20.08.2007 • Берасьце: затрымана каля 40 прыхільнікаў хрысьціянскіх дэмакратаў, 19.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG