Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: ці будзе Беларусь своечасова плаціць за газ?


Вячаслаў Кулік, Менск Беларусь зьліквідавала запазычанасьць перад расейскім “Газпромам” за пастаўленае сёлета паліва. Гэткім чынам завяршыўся чарговы беларуска-расейскі газавы канфлікт. Ці будзе Беларусь своечасова плаціць за газ у будучыні? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцы Маскоўскай у Менску задаваў наш карэспандэнт.

Спадар: “Не бяруся меркаваць, але мне падаецца, што праблемы будуць. Нешта наш кіраўнік ня можа з Пуціным перагаварыць, вырашыць гэтае пытаньне. Пабойваецца, пэўна. Так, што варта чакаць непрыемнасьцяў”.

Карэспандэнт: “Ці будзе Беларусь своечасова плаціць за газ у будучыні?”

Спадарыня: “Я думаю, што будзе своечасова разьлічвацца. Але хутчэй за ўсё не грашыма, а таварам, бартэрам. Бо Расея, па-мойму, настроеная рашуча, а наша эканоміка ў складаным становішчы”.

Спадар: “Я ня думаю, што празь некалькі гадоў Беларусь будзе здольная плаціць такі кошт на газ”.

Юнак: “Я лічу, што гэта занадта прывабная пэрспэктыва для нашага ўраду і для прэзыдэнта, атрымліваць газ паводле заніжаных коштаў. Нават уся нашая эканоміка пабудаваная так, каб атрымліваць газ таньней, чым увесь сьвет. І ў гэтай сытуацыі Беларусь не пяройдзе на сыстэму, якую прапануе Расейская Фэдэрацыя. У сувязі з гэтым трэба чакаць ня толькі эканамічных, але і палітычных праблем у дачыненьні з Расеяй. І гэтыя праблемы будуць заставацца да тае пары, пакуль мы не пяройдзем на нейкі іншы этап разьвіцьця нашай эканомікі”.

Спадар: “Будуць гэтыя выплаты своечасовыя – гэта дакладна. Чаму? Мне падаецца, што на гэта будуць уплываць нейкія фактары па-за межамі нашай краіны”.

Спадарыня: “Я думаю, што гэта была добрая навука для нашых палітыкаў, каб у далейшым не ўзьнікала ніякіх такіх сытуацыяў. На ўзроўні дзяржаваў палітыкі разьбяруцца што трэба рабіць”.

Карэспандэнт: “Ці будзе Беларусь своечасова плаціць за газ у будучыні?”

Спадарыня: “Канечне, яны будуць заўсёды, гэтыя праблемы. Бо я лічу, што тут замешаная толькі палітыка. На версе б’юцца, а мы плацім”.

Юнак: “Ня ведаю. Але я думаю, што ўсё будзе добра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG