Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр вялікі рэжысэр Інгмар Бэргман


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Памёр адзін з найвялікшых рэжысэраў сучаснасьці Інгмар Бэргман. Ягоныя кінафільмы сталі клясыкай яшчэ пры жыцьці Майстра.

Бэргмана ў Беларусі глядзела абраная публіка

Інгмару Бэргману было 89. Апошнія гады ён ужо не здымаў кіно. Многім нават падавалася, што чалавека гэтага і няма сярод жывых. А жывуць ягоныя фільмы, бо яны – сапраўднае мастацтва. Вось жа навіна, якая сёньня прыйшла са Швэцыі, узрушыла ўсіх прыхільнікаў мастацтва вялікага майстра. Гаворыць беларускі кінарэжысэр Аляксандар Карпаў:

Карпаў: “Сунічная паляна” – першы фільм, які паказваўся ў нас, – выклікаў фурор. Усе адразу ў яго закахаліся, і я таксама. А пасьля я, бо, выхоўваючыся ў сям’і кіношнікаў, меў такую магчымасьць, усе ягоныя фільмы літаральна праглынуў. Найперш мяне цікавіў выяўленчы лад ягоных фільмаў, які быў надзвычайна цікавым, сымбалістычным. Я зараз проста ашаломлены сьмерцю Бэргмана. Гэта – вялікая страта. Хаця, чаму страта? Бэргман застаецца з намі. Бо такі чалавек для чалавецтва заўсёды застанецца ў культуры і гісторыі”.

Натуральна, бальшыню фільмаў Бэргмана глядзела ў Беларусі абраная публіка. Памятаю, калі дэманстравалі “Шэпты і крык”, дык нават шчасьлівыя ўладальнікі спэцыяльных пропускаў у Дом кіно, літаральна біліся ля дзьвярэй, каб патрапіць на сэанс. Перад пачаткам Бэргманавых фільмаў звычайна хтосьці з крытыкаў хуценька прамаўляў аднойчы ўдала знойдзеную формулу, што майстра адлюстроўвае “крызыс буржуазнай сьвядомасьці” ці “распад буржуазнай маралі”. Дзякуючы гэтай формуле, асобныя фільмы Бэргмана прарываліся скрозь сіта высокіх цэнзараў і траплялі нават на шырокі экран былой прасторы “сацыялістычнага рэалізму”.

Рэалізм фільмаў Бэргмана розьніўся ад савецкага

Ён выяўляўся ў глыбока схаваных душэўных перажываньнях, псыхалягічных пакутах чалавека, разьяднанага з грамадзтвам, з самім сабой, з Богам. Праз ускладнёную сымбалямі і мэтафарамі мастацкую форму Майстра са сваімі ўнікальнымі акторамі, як, прыкладам, Макс фон Зюдаў, Лів Ульман ці Бібі Андэрсан, прарываўся да самых прыхаваных адчуваньняў чалавека.

Бэргман уваходзіў у тую прастору чалавечых адносінаў ці пачуцьцяў, выстаўляць якія напаказ лічылася або маральна непрымальным, або ў мастацтве немагчымым. Пад глыбокі псыхааналіз падпадалі самотнасьць, сьмерць, сэксуальнасьць, дзіцячыя комплексы, вера і нявера ў Бога.

Кінасьвет Бэргмана – пэсымістычны. Ён сам ня мог часта глядзець свае фільмы, бо, як ён прызнаваўся, і ў яго яны выклікаюць дэпрэсію. Бэргман разумеў пэсымістычнасьць сваёй творчасьці. Аднак казаў, што сваёй творчасьцю змог прасунуць за межы нармальнасьці і кіно, і самога сябе.

Пашырыў Бэргман і межы тэатральнага мастацтва, прарываючыся найперш у пастаноўках твораў Шэксьпіра, Ібсэна, Стрындберга, Чэхава ў прастору падсьвядомасьці чалавека, якая рухае ўчынкамі людзей.

Цяпер ужо, хай і з пэўным спазьненьнем, шырокая публіка і ў Беларусі, дзякуючы тэлевізіі, ведае многія шэдэўры Бэргмана – “Сёмую пячатку”, “Твар”, “Дакрананьне”, “Маўчаньне”, “Шэпты і крык”, “З жыцьця марыянэтак”, “Фані і Аляксандра”, “Асеньнюю санату”. Пералік надзвычай доўгі, бо з болей як 60 зьнятых Майстрам стужак бальшыня лічыцца клясыкай усясьветнага кіно.

Бэргман быў адным з самых тытуляваных кінарэжысэраў сьвету. Дзевяць разоў ён намінаваўся на “Оскара” за лепшы замежны фільм, і тройчы атрымліваў гэтую прэстыжную амэрыканскую ўзнагароду.

• Памёр Інгмар Бэргман, 30.07.2007
XS
SM
MD
LG