Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачала дзейнічаць новая рэдакцыя Закону аб турызьме


Алена Струвэ, Менск У адпаведнасьці з Нацыянальнай праграмай разьвіцьця турызму да 2010 году ў Беларусі будзе створана больш за 200 новых аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры. Чакаецца, што ў гэты час Беларусь наведаюць болей за 400 тысяч чалавек.

Як спадзяецца намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Чэслаў Шульга, колькасьць замежных турыстаў, якія наведваюць Беларусь, з кожным годам будзе расьці. У інтэрвію агенцтву Белта спадар Шульга паведаміў, што апошнім часам Беларусь усё часьцей наведваюць прадстаўнікі буйных турапэратараў краінаў Эўразьвязу і СНД. Яны даюць станоўчую ацэнку гарналыжнаму курорту Сілічы, музэю ў Дудутках, іншым турыстычным аб’ектам. У гэтак званых інфатурах, якія арганізуе кампанія Белінтурыст, з задавальненьнем удзельнічаюць многія заходнія журналісты. Паводле афіцыйных падлікаў, у параўнаньні з 2005 годам колькасьць замежных турыстаў вырасла разы ў тры і летась складала да 300 тысячаў чалавек.

Тым часам прадстаўнік турыстычнай індустрыі Беларусі Іван Кобзік зазначае, што значная доля замежных турыстаў, якія наведваюць Беларусь – гэта расейцы, якія аддаюць перавагу беларускаму санаторна-курортнаму лячэньню:

“Наколькі я ведаю, у беларускіх турфірмаў у сувязі з гэтым нават узьнікаюць праблемы з-за расьсяленьня беларускіх турыстаў, бо большасьць месцаў загадзя браніруюцца расейцамі”.

"У Беларусь ня едуць з-за яе рэпутацыі"

Што да колькасьці замежных турыстаў зь іншых краін, то яна, на думку Кобзіка, складае дзесьці 50 тысячаў на год:

“Я думаю, мы не зусім гатовыя да масавага прыезду замежнікаў у краіну. У першую чаргу з-за рэпутацыі нашай краіны. Ня надта станоўчай, а хутчэй наадварот. Вось магу такі прыклад прывесьці. Летась мы ладзілі фэстываль турыстычных кінафільмаў і тэлепраграмаў і запрасілі творчую групу грузінскага тэлебачаньня. Яны сказалі нам: хлопцы, ды вы што? Нашыя калегі сядзелі ў вашым пастарунку ў часе прэзыдэнцкіх выбараў. Чаго мы да вас папрэмся? Такое стаўленьне да Беларусі існуе і ў шматлікіх іншых краінах. На жаль, прыяжджаюць да нас або на паляваньне, або дзеля паляваньня на жанчын ці проста экстрэмалы. Едуць жа людзі ў Банглядэш, і у Іран, і ў Ірак. Ну і ў Беларусь таксама".

"Трэба было б пачаць з арганізацыі турыстычнага маршруту па краіне, які б цягнуўся тыдзень"

Бэрлінскі прадпрымальнік Уц Фёрдэройтэр на працягу 15 гадоў ладзіць з партнэрамі ў Менску дабрачынныя праекты. Ён спыняўся ў розных менскіх гатэлях, жадаў бы зрабіць адпаведны тур па Беларусі, аднак лічыць, што турыстычная інфраструктура ў краіне ня разьвітая. Як кажа прадпрымальнік, дзеля таго, каб адпачываць у Беларусі, немцу трэба папярэдне добра адпачыць дома:

“Сапраўды, трэба папярэдне добра адпачыць. Возьмем ваш турыстычны гатэль "Беларусь". Ён абсалютна не адпавядае патрабаваньням турыстычнага сэрвісу. Няма неабходных холаў, дзе б можна было сустрэцца са знаёмымі, пасядзець, паразмаўляць. Акрамя таго тое, што нам прапануюць, зусім ня танна. Атэль падобнае клясы каштаваў бы ў нас таньней. Што да харчаваньня ў рэстаранах, то яно ў Менску стала дарагім. У сябе ў Баварыі мы плацім за падобную ежу прынамсі ня болей. Галоўнае, чаго не хапае і што патрэбна турыстам – месца знаходжаньне гатэлю. Гэта мусіць ня проста быць добры будынак. Ён мусіць знаходзіцца дзесьці у гандлёвым цэнтры, побач з рознымі крамамі і шапікамі. Акрамя таго, у гатэлях вельмі шумна. Чамусьці ў рэстаране ўвесь час павінен працаваць на поўную магутнасьць тэлевізар, хоць яго ніхто не глядзіць".

Уц Фёрдэройтэр лічыць, што Беларусі трэба было б пачаць з арганізацыі турыстычнага маршруту па краіне, які б цягнуўся тыдзень. Дзень у Віцебску, дзень у Берасьці і Белавескай Пушчы, Нясьвіжы, Міры, на Нарачы, у Менску. На такі маршрут знайшлося б шмат прыхільнікаў зь Нямеччыны, калі пры гатэлях быў бы арганізаваны пракат добрых ровараў, а ў лясных і паркавых зонах былі пракладзеныя адмысловыя сьцежкі для пешых і велавандровак. Не перашкаджала б, каб кожны гатэль прапаноўваў турыстам мапу гораду і раёну, дзе знаходзіцца месца адпачынку, карацей, больш бы клапаціўся пра сваіх наведнікаў.

Адрозна ад немцаў, якія сярод замежнікаў, найбольш часта наведваюць Беларусь, турысты зь Ісьляндыі застаюцца экзатычнымі для беларускіх шыротаў.

Муж і жонка Эрык і Эліза Бэкі з Рэйк’явіку вырашылі летась арганізаваць для сябе маршрут па заходніх рэспубліках былога СССР, а таксама вандроўку ў Маскву і Пецярбург. У Менску сям’я прабыла два дні. Уражаньняў шмат. “Я магу прыгадаць самыя розныя дэталі. Наш гатэль быў такім тыповым савецкім будынкам, меў тры зоркі і знаходзіўся ў цэнтры Менску. Нумары прыбіраліся ня надта добра, вада з крану пастаянна цякла. Рэстараны сваімі памерамі нагадвалі велізарныя танцавальныя залі, аднак наведнікаў было мала. Мэню сваімі памерамі нагадвала Біблію. У наяўнасьці ж было адсоткаў пяць ад усіх страваў. Але самае цікавае пачыналася ўначы. У наш нумар пастаянна званілі нейкія жанчыны і прапаноўвалі майму мужу свае інтымныя паслугі. Увогуле, цікава было ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG