Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старэйшыя дзеці ў сям''і разумнейшыя за малодшых?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Старэйшыя дзеці ў сям’і маюць тэндэнцыю выяўляць больш высокі інтэлект, чым іхнія малодшыя родныя браты ці сёстры. І прычыны гэтаму, як цяпер высьвятляецца, зусім не біялягічныя. Артыкул двух нарвэскіх навукоўцаў, які толькі што пабачыў сьвет у аўтарытэтным часопісе “Science”, стаў сэнсацыяй у навуковым асяродзьдзі.

Навуковыя дэбаты на гэтую тэму вядуцца ўжо больш за паўстагодзьдзя. Паводле статыстыкі, сапраўды, тым, у каго ёсьць старэйшыя браты ці сёстры, цяжэй дасягнуць іхняга каэфіцыенту інтэлектуальнасьці.

Звычайна навукоўцы схіляліся да біялягічных фактараў. Маўляў, наколькі будзе разумным дзіця, часам ужо зразумела яшчэ да зачацьця. Таксама шмат пісалі пра зьмены ў працэсах цяжарнасьці, зьвязанай з другімі, трэцімі і наступнымі родамі.

Нарвэскія дасьледчыкі Пэтэр Крыстансэн і Тор Б’ёркедаль пішуць, што прычынай гэтаму – не біялягічная чарговасьць нараджэньня. Вырашальным прызнаецца сам факт, ці зьяўляецеся вы старэйшым, сярэднім ці малодшым дзіцём у сям’і. Гэта значыць, паказчык інтэлекту ёсьць вынікам сямейнай дынамікі.

Вучоныя даказалі, што, калі, да прыкладу, памірае старэйшае дзіця і ягонае месца займае сярэдняе, тады ў яго ўзьнікае магчымасьць стаць такім жа разумным, якім быў першынец.

Навукоўцы пратэставалі 241 тысячу 310 нарвэскіх мужчынаў. У сям’і з трыма дзецьмі каэфіцыент інтэлектуальнасьці старэйшых быў амаль на тры пункты вышэйшы, чым у наступнага брата ці сястры, у гэтых – ужо на чатыры пункты вышэйшы, чым у тых, хто ішоў за імі. У тых жа сем’ях, дзе паміраў старэйшы сын цягам першага году жыцьця, наступны паводле старшынства дэманстраваў у сярэднім узровень інтэлекту першынца. Калі ў сям’і з трыма дзецьмі паміралі двое старэйшых, трэці, які выжываў, меў каэфіцыент інтэлекту сярэднестатыстычнага першынца.

Самае простае тлумачэньне – ў тым, што бацькі з большым энтузіязмам займаюцца старэйшымі дзецьмі. І нават калі зьяўляецца малодшы, усё яшчэ доўгі час старэйшы мае больш сукупнай увагі бацькоў, якая ўзбагачае іхні слоўнікавы запас і здольнасьці разважаць.

А вось нараджэньне новага дзіцяці на пэўны час паніжае інтэлектуальны рэсурс сям’і. Натуральна, што малодшы мае магчымасьць скарыстацца сваім становішчам, набірацца розуму ад старэйшага. Але старэйшыя, перадаючы свае веды малодшым, нібыта даюць як настаўнікі ўрокі малодшым братам і сёстрам. І, гэтаксама як і для настаўнікаў, тыя ўрокі для іх часта больш карысныя, чым вучням.

Але геніі часам вырастаюць і з малодшых. Нарвэсцы пішуць, што малодшыя, якія вырасьлі ў цені старэйшых, часам жывуць больш рызыкоўным і правакацыйным жыцьцём. Яны могуць удзельнічаць у небясьпечных спаборніцтвах, выпраўляцца ў авантурныя падарожжы. Яны маюць тэндэнцыю быць больш незвычайнымі, чым першынцы.

Так, нямала ў гісторыі чалавецтва правакацыйных і ўплывовых фігураў, якія правялі жыцьцё ў цені старэйшага брата ці сястры. Чарльз Дарвін быў пятым з шасьці дзяцей. Мікалай Капернік быў самым маленькім з чацьвярых. Аднак, сярод ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі больш першынцаў, якія больш схільныя да доўгіх лягічных дасьледаваньняў, чым да жаданьня перавярнуць сьвет у адно імгненьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG