Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжы Свабоды: “Людзі дзеляцца на чатыры катэгорыі: разумны, пісьменны, хітры і просты”


Зьміцер Бартосік, Хальч, Веткаўскі раён Новая перадача з сэрыі "Палітычная геаграфія".

Які цудоўны краявід адкрываецца на даліну Сажа з высокага берагу вёскі Хальч! На дзясяткі кілямэтраў — заліўныя лугі, палескія лясы і бясконцае неба. Душою разумееш мудрых продкаў, якія пасяліліся на гэтым беразе ажно пяць стагодзьдзяў да нашай эры.

Цікава, колькі ж каштуе хата ў гэтым раі? Колькі хвілін пацешыўшы вока, я задаў гэткае пытаньне яшчэ нестарой і сьмяшлівай хальчанцы, гаспадыні моцнай хаты вокнамі на раку. І атрымаў філязофскі адказ.



Галіна: “Я не прадам хату гэту”.

Карэспандэнт: “А чаму?”

Галіна: “Таму што гэта бацькаўшчына”.

Карэспандэнт: “А бацькаўшчына не прадаецца?”

Галіна: “Толькі пераходзіць у спадчыну адзін да аднаго”.

Карэспандэнт: “А ёсьць каму перадаць?”

Галіна: “Ёсьць. Двое дзяцей”.

Карэспандэнт: “Ні за якія грошы?”

Галіна: “Не. Можа, пасьля мяне яны ўжо прададуць яе. Тады няхай, як хочуць. Але я не прадам”.

Карэспандэнт: “Месца курортнае”.

Галіна: “Тут да радыяцыі столькі было моладзі, колькі было на рэчцы ўсяго. А цяпер... Паўцякалі, пазьяжджала моладзь. Шмат хто зьехаў”.

Галоўная архітэктурная адметнасьць Хальча — палац князёў Халецкіх. Двухпавярховы будынак у стылі клясыцызму з портыкам, узьведзены напачатку ХІХ стагодзьдзя.

Стаіць палац на самым краі высокага берагу, адкуль відаць коміны Веткі. Гораду, які сваім існаваньнем абавязаны Халецкім. Напрыканцы XVII стагодзьдзя Казімір Халецкі прытуліў у Хальчы расейскіх “палітуцекачоў” — стараабрадцаў, што шукалі спакою сабе і сваёй веры.

Сёньня ў княскай рэзыдэнцыі месьціцца сховішча Гомельскага краязнаўчага музэю. Вартаўніца, усьмешлівая, адкрытая бабулька, спачатку не хацела мяне пускаць у палац.

Але калі даведалася, што я прыехаў ажно зь Менску, дастала ключы й пахвалілася, што яе ўнучка вучыцца ў Акадэміі кіраваньня. Не, не пры прэзыдэнту РБ, а пры бацьку родным. Вось што такое сіла прапаганды.



Старая: “Ну, як бацьку не любіць? Гэта ж бацька родны наш”.

Карэспандэнт: “Бацька родны?”

Старая: “Нават у прэсе так пісалі. Што гэта бацька. І па тэлевізары гавораць”.

Карэспандэнт: “Ну, у мяне ёсьць свой бацька. Мне чужых бацькоў ня трэба”.

Старая: “А я сірата. Нарадзілася ўжо бяз бацькі”.

Карэспандэнт: “І вы ўспрымаеце Аляксандра Рыгоравіча як айца раднога?”

Старая: “Ну, так жа гавораць у нас”.

Старая адчыніла масіўныя дзьверы, за якімі адкрыўся больш чым дзіўны інтэр’ер. Шляхецкая мэбля, згрувашчаная абы-як, суседзіла з гіпсавымі піянэрамі й сацрэалістычнымі палотнамі. У цэнтры дзіўнай кампазыцыі стаяў бюст Ёсіфа Сталіна. У такім антуражы балбатаньне ключніцы было надта арганічным.



Старая: “Мы ж адпрацавалі, як ніхто. Ведаем і холад, і голад. Як я бяз бацькі? Тады ж не было, як цяпер. Кідаюць жонак, па дзесяць разоў замуж выходзяць. Добра працавала, даяркай была. І на ВДНХ пасылалі ў Маскву за добрую працу.

Людзі працавалі. За што? За палачкі. А цяпер колькі ні дай, будзе мала. Таму што ўсё дазволена. Далі волю самагоншчыкам. Я сваю вуліцу называю “вуліца ўдоў”. Адныя ўдовы, хаця вайны ня было. Папаміралі маладыя”.

Дарэчы, госьці тут ня рэдкасьць. Нават нашчадкі славутага роду не пакідаюць дому продкаў без увагі.

Старая: “Сюды спадкаемца прыяжджаў, Халецкі. З Украіны. Валянцін Мікалаевіч Халецкі. З дакумэнтамі прыяжджаў, зь пячаткамі гербавымі. “Аддайце”, — гавора. А ў нас не аддаюць. Помнікі даўніны ахоўваюцца дзяржавай”.

Карэспандэнт: “Не аддалі?”

Старая: “Але казаў: “Усё роўна мы сюды прыйдзем”.



Як палац ахоўваецца дзяржавай, добра відаць па расколінах на фасадзе, па адваленым тынку, па даўно нефарбаваным дрэве портыка. Зусім не відавочна, што ён пратрымаецца да новых гаспадароў.

І ўсё ж галоўная цікавостка Хальча — не палац. Як у любым сур’ёзным горадзе, галоўнае не дамы, а людзі. Так і ў Хальчы ёсьць чалавек, які сваёю прысутнасьцю ўпрыгожвае і ажыўляе шляхетны краявід. Емяльян Аўрамавіч Бабкоў ня любіць, калі яго называюць старым. Ён называе сябе “даўні чалавек”.



Емяльян: “Пяць вякоў да нашай эры тут...”

Карэспандэнт: “Людзі жылі?”

Емяльян: “Так. Да нашай эры было гэта. А Хальч называецца ў перакладзе з даславянскай мовы — вялікая рака”.

Былы капальнік калодзежаў, былы будаўнік, былы сожаўскі бакеншчык, ён як зь іншага часу. Чорнае паліто і чорны капялюш, сівая велізарная барада і маладыя вочы. Ён падобны адначасова і на старога талмудыста і на каляднага дзеда.

Емяльян: “У Хальчы было пяцьдзясят восем крамаў. Жыдоўскіх. Так і цяпер старыя людзі называюць вуліцу “Жыды”. Гэта ж пасьля даведаліся, што гэта яўрэі. А то ж было здаўна — жыд. Увесь час на іх ганеньні былі, яны выжывалі. Жыць хацелі. Перавярнулі на “жыд”.

Карэспандэнт: “І сынагога была?”

Емяльян: “Была сынагога. Далей было два вінзаводы, стайні былі”.

Але галоўнае ў спадару Емяльяну — ня зьнешнасьць. Бабкоў аказаўся яшчэ не абы-якім філёзафам. Прычым ягоныя філязофскія назіраньні вельмі ж беларускія. Як паводле формы, так і паводле сутнасьці.

Емяльян: “Людзі дзеляцца на чатыры катэгорыі: разумны, пісьменны, хітры і просты. Разумны чалавек нарадзіўся з розумам. Ніколі разумны чалавек ня будзе спрачацца. Ён адразу разумее, што ты ня ў той бок хіліш. Гэта самы чысты чалавек. Што такое пісьменны чалавек? Гэта з кніжак. Разумны стварыў кнігу, а ён навучыўся. Разумны чалавек ніколі ня будзе сябе паказваць, а пісьменны: “Я вучыўся!”.

А што такое хітры чалавек? Гэта самы шкодны чалавек. Гэта так. Нікому нічога, а толькі сабе. Ён вырашыў дабіцца свайго, ён абавязкова даб’ецца. І гэты хітры чалавек нікому нічога ня дасьць. Ён абяцае, але нікому ня дасьць. Толькі сабе. Гэта самы страшны чалавек. Ніколі чалавек гэты не сап’ецца”.

Карэспандэнт: “А просты чалавек? Самы даверлівы?”

Емельян: “Збольшага так. Гэта дурному брат. Простыя людзі — яны сьпіваюцца. Просты чалавек заўжды сап’ецца”.

Карэспандэнт: “А чаму простыя людзі так лёгка падманваюцца?”

Емельян: “Ён даверлівы, ён кожнаму слову верыць. Ён просты чалавек. У яго няма хітрасьці”.

Марыя Раманоўская, сьмешна сказаць, чарнобыльская перасяленка. Перасялілі яе ў Хальч зь вёскі Закружжа Веткаўскага раёну. Як у Высоцкага “повезли из Сибири в Сибирь”.



Карэспандэнт: “Сумуеце па ёй?”

Марыя: “Вельмі. Вось былі на могілках, на Радуніцу. Немагчыма. Засталася б там жыць. Дзеці маладыя. А старыя ўсё таксама гавораць. Усе плачуць, усе хочуць жыць там. Згарэла ўсё, што можа гарэць. Усё зарослае. Горш за вайну. У сорак трэцім наша вёска згарэла. Але такога страху ня было, як цяпер. Прыедзеш, паглядзіш — Госпадзі, за што? Мы заходзілі ў Ветку пропуск браць, дык начальнік гавора: “А ты там бы пагадзілася жыць?” — “З задавальненьнем”.

А што, там ня так, як у Хальчы? Тут меншая радыяцыя? Ды тое ж самае. Людзі набілі кішэні, нажыліся як сьлед. І ўсё. І цяпер яшчэ нажываюцца”.

Да гэтай старой хочацца зьвяртацца не іначай, як пані Марыя. Столькі ўнутранага шляхецтва ў гэтай простай кабеце. Зрэшты, зусім ня простай.

Марыя: “Пакаленьне наша даўняе — калі бабу маю, прабабу ўзяць. Яны былі... Краму яны трымалі. У іх у сямнаццатым, васямнаццатым усё гэта пазабіралі. А бацька застаўся як кулак. У калгас ён не пайшоў. Яго забралі ў пост, у сорак першым годзе. А ў чэрвені пачалася вайна. І больш мы нічога ня ведалі”.

Карэспандэнт: “А вы адчувалі гэта на сябе? Што вы дзіця “ворага народу?” Вам улада давала гэта зразумець?”

Марыя: “Ну, калі мяне ў школе асеклі, вось тады я адчула. І па сёньняшні дзень крыўда ў мяне. Цяпер, прайшоўшы жыцьцё... Калі б мне вярнуцца, каб мне гадоў сямнаццаць, я б ім даказала “ворага народу”.

Крыўда на савецкую ўладу, а, можа, чалавечы гонар, не дазволіў спадарыні Марыі ісьці на супрацоўніцтва з камуністамі й рабіць кар’еру.

Марыя: “Як стала ўжо працаваць даяркай, я была перадавой даяркай, я добра атрымлівала. Мяне пасылалі вучыцца. Я кажу: не, я вораг народу, я не пайду. Я буду толькі кароў даіць. Гэтая крыўда мне села ў пячонкі. Я сказала: не, буду ўсё жыцьцё кароў даіць. І прадаіла да самай пэнсіі”.

Сын Марыі Раманоўскай таксама, кажучы савецкай тэрміналёгіяй, кулак. Ён фэрмэр, гадуе сьвіньні й гандлюе мясам. Гэта я да таго, што ген свабоды не памірае. А гэта дае надзею на будучыню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG