Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абвесьціць пра мясакамбінаты, у якіх ня будзе купляць прадукцыі


Радыё Свабода Расейская Фэдэрацыя зьменіць правілы ўвозу мясных харчоў зь іншых краінаў. Паводле службы “Россельхознадзор”, істотныя абмежаваньні будуць тычыцца беларускіх вытворцаў мясапрадуктаў. Неўзабаве будуць названыя прадпрыемствы, якія прайшлі вэтэрынарную пераатэстацыю і адпавядаюць санітарным патрабаваньням. Асабліва падкрэсьліваецца: камбінаты, якія займаюцца перапрацоўкай мяса, увезенага з Польшчы, будуць разглядацца як пастаўшчыкі ў апошнюю чаргу — яшчэ ў 2005 годзе Расея забараніла імпарт з гэтай краіны на падставе “невыкананьня польскім бокам расейскіх вэтэрынарных стандартаў”.

Згодна з інфармацыяй дзяржаўнай службы “Россельхознадзор”, агульны аб’ём нелегальных паставак мяса на тэрыторыю Расеі ў 2006 годзе склаў больш за 200 тысяч тон.

Пры гэтым “кантрабандныя” пастаўкі мяса зь Беларусі перавысілі 40 тысяч тон. Як мяркуюць расейскія спэцыялісты, практычна ўся прадукцыя мела польскае паходжаньне, а з Польшчы паўтара году імпарт мяса ў Расею забаронены.

Адзін з кіраўнікоў “Россельхознадзора” Аляксей Аляксеенка паведаміў: праверкі беларускіх прадпрыемстваў збольшага завершаныя. Але сьпіс “забракаваных” прадпрыемстваў Беларусі спадар Аляксеенка паведаміць не захацеў:

“Забракаваныя? Магчыма, гэта не зусім тое слова. Калі якіясьці прадпрыемствы выпускаюць прадукцыю, якая не адпавядае вэтэрынарна-санітарным патрабаваньням расейскага заканадаўства, то паводле вынікаў сумеснай праверкі (а ў ёй бяруць удзел спэцыялісты абедзьвюх вэтэрынарных службаў, расейскай і беларускай) прадпрыемству будзе дадзенае заключэньне інспэкцыі з прадпісаньнямі ліквідаваць недахопы. Пасьля гэтага адбудзецца паўторная атэстацыя, якая дазволіць (ці не дазволіць) пастаўляць прадукцыю ў Расею”.

Пры канцы размовы спадар Аляксеянка паведаміў: сьпіс беларускіх прадпрыемстваў, якім абмежаваны доступ на расейскі рынак, будзе вядомы ўжо пры канцы гэтага тыдня.

А вось у Беларусі са статыстыкай “Россельхознадзора” не зусім згодныя. Як сьцьвярджаюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня, усе 32 тысячы тон сьвініны, пастаўленыя ў Расею ў 2006 годзе – беларускага паходжаньня. Паведамляецца, што сёлета мясаперапрацоўчыя заводы ўвогуле не набывалі імпартнага мяса.

А што да імпартаванай летась польскай сьвініны, то ўся яна нібыта выкарыстоўвалася выключна для вырабу каўбас, якія прадаваліся толькі ўнутры Беларусі.

У адміністрацыі Слонімскага мясакамбінату ўстрывожаныя непацьверджанымі зьвесткамі пра тое, што Расея плянуе пакінуць на рынку толькі палову беларускіх пастаўшчыкоў:

“Расейская камісія ў нас ужо была. Праверкі прайшлі, але наконт вынікаў ніхто яшчэ нічога не казаў. Паводле інфармацыі, што мы маем, увогуле ў краіне ад 25 прадпрыемстваў яны толькі 13 атэставалі. І тое, пэўна, яшчэ не да канца, бо афіцыйных вынікаў няма. Але, як бачыце, толькі палову пакуль атэставалі”.

Расейскія вытворцы мясных вырабаў дзеля нэўтралізацыі канкурэнтаў пайшлі на скрайнія захады і ад пачатку году актыўна дэмпінгуюць.

Паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі, за першыя месяцы 2007 году беларускія мясакамбінаты адгрузілі ў Расею 2,2 тысячы тон сьвініны, што на 43% меней, чым за такі ж пэрыяд 2006 году. Галоўнай прычынай называецца якраз новая каньюнктура коштаў, што сёлета склалася ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG