Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ведаюць жыхары Менску пра дзень 25 сакавіка?


Альгерд Невяроўскі, Менск Чым для цяперашніх беларусаў ёсьць дата 25 сакавіка? У чым яе адметнасьць у нацыянальнай гісторыі? Што ведаюць пра падзеі 89-гадовай даўніны, пра Беларускую Народную Рэспубліку? На гэтыя пытаньні нашаму карэспандэнту адказвалі людзі на менскім праспэкце Незалежнасьці:

Хлопец: “Дзень Волі. Я ведаю, што 25 сакавіка трэба прыйсьці на плошчу. Дзень Волі для кожнага свабодны”.

Карэспандэнт: “А што адбылося 25 сакавіка ў гісторыі Беларусі?”

Хлопец: “Я лічу, што кожны чалавек свабодны, і хаця б у гэты дзень чалавек павінен казаць усё, што хоча, рабіць што хоча і размаўляць з кім хоча”.

Спадарыня: “Гэта вялікі дзень — Дзень Волі. Шкада, што мы не сьвяткуем гэтага сьвята, але спадзяюся, што калі-небудзь будзем. Гэта было сьвята ў гісторыі нашай краіны. Гэта быў час сапраўднай дэмакратыі й сапраўднай волі”.

Спадар: “Дзень Канстытуцыі ці Незалежнасьці. Пасьля рэвалюцыі, у 1918 годзе, арганізавалі. А потым прыйшлі камуністы й арганізавалі сваю савецкую рэспубліку. Зь ёй і жылі”.

Спадарыня: “Гэта Дзень Незалежнасьці. Тая рэспубліка праіснавала невялікі час, на жаль”.

Карэспандэнт: “Чым для вас ёсьць дата 25 сакавіка? Што гэта за дзень у беларускай гісторыі?”

Дзяўчына: “Калі шчыра, ня ведаю. Толькі цяпер вось чула аб’яву, што будуць зоркі выступаць “За незалежнасьць”.

Спадар: “Нічога пра гэта ня ведаю”.

Спадар: “Ведаеце, для мяне нічога ня значыць, бо я ня ўдзельнічаў і ня быў там”.

Хлопец: “Здаецца, што гэта дзень, калі была заснаваная БНР. Я – грамадзянін Беларусі, але паводле нацыянальнасьці не беларус. Мне падабаецца тут жыць, тут добрыя людзі. Але я наагул сьвяты ня вельмі люблю”.

Спадар: “Дзень Незалежнасьці, ці што? Дзень вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. Нешта кшталту гэтага”.

Дзяўчына: “Найперш гэты дзень адметны ў беларускай гісторыі тым, што тады была заснаваная першая Беларуская Народная Рэспубліка. І я лічу, што для кожнага беларуса гэтая дата адметная ня толькі ў гісторыі, але й найперш сваім жыцьцёвым сэнсам. Тады Беларусь змагла насамрэч назвацца дзяржавай. Свабоднай, вольнай, незалежнай дзяржавай. Для мяне гэтая дата ёсьць тым, што мы беларусы — змаглі назвацца беларусамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG