Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці палепшацца пры новым паслу беларуска-ўкраінскія дачыненьні?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менск прыяжджае новы амбасадар Украіны Ігар Ліхавы. Краіна, якая мае агульную дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю, зь мінулага лета не прадстаўленая тут амбасадарам. Былы кіраўнік дыпляматычнай місіі Віктар Налівайчанка яшчэ ў чэрвені стаў працаваць у Службе бясьпекі прэзыдэнта Ўкраіны.

Новы амбасадар Украіны не зьяўляецца кар’ерным дыпляматам. Перад прызначэньнем у Беларусь ён кіраваў службай захаваньня нацыянальнай культурнай спадчыны ў сакратарыяце прэзыдэнта Ўкраіны. А дагэтуль узначальваў міністэрства культуры. Палітоляг з Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Аляксандар Дзергачоў лічыць, што цяпер дачыненьні паміж Кіевам і Менскам стануць больш шчыльныя:

"Тым ня менш гэта ня будзе зьвязана са зьменай курсу Ўкраіны адносна Беларусі. Хутчэй амбасадар будзе пасярэднікам, чым самастойнай фігурай. Але ён набліжаны да прэзыдэнта, і тут будзе, так бы мовіць, кароткая сувязь да вяршыні ўкраінскай улады. Таму ствараюцца перадумовы для інтэнсыфікацыі дыялёгу".

Беларускі палітоляг, старшыня Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў прытрымліваецца такой самай думкі:

"Зь неабходнасьцю беларуска-украінскія дачыненьні бліжэйшым часам будуць інтэнсыфікавацца. Пра гэта сьведчаць некалькі апошніх заяваў Юшчанкі, прынамсі пра магчымасьць Украіны выступіць пасярэднікам паміж Эўропай і беларускімі ўладамі. На гэта Ўкраіну штурхаюць, перадусім, эканамічныя інтарэсы. Але ёсьць і жаданьне зарабіць пэўныя балы ў эўрапейскай супольнасьці, якая даўно і бяз посьпеху дэмакратызуе Беларусь".

Украінскія мэдыі называюць новага амбасадара чалавекам блізкім да прэзыдэнта Юшчанкі. А адстаўку з пасады міністра зьвязваюць з крытыкай на адрас Ліхавога з боку прэм’ера Януковіча. Аднак, адносна Беларусі супярэчнасьці паміж прэзыдэнтам і ўрадам мінімальныя, лічыць украінскі палітоляг Аляксандар Дзергачоў:

"Хіба што гэтае ўнутранае ўкраінскае суперніцтва можа зьвесьціся да таго, што будзе змаганьне за ініцыятыву, за новыя крокі адносна Беларусі. Але гэта ня будзе вельмі бачна. Бо і ў прэзыдэнта Юшчанкі, як я думаю, даволі стрыманыя, рэалістычныя адносіны да таго, што адбываецца ў Беларусі. І тут Украіна будзе шукаць прагматычныя рашэньні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG