Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Андрэй Мрый (13.9.1893, в. Палуж (цяпер Краснапольскі раён) — 8.10.1943, Мурманская вобл., Расея)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Паміраючы, ягоны бацька, валасны пісар, наказаў жонцы, каб дзяцей (а іх было пяцёра) не вучыла: няхай гаспадараць на зямлі. Удава не паслухалася, і дзякуючы гэтаму беларуская літаратура атрымала двух арыгінальных пісьменьнікаў: драматурга Васіля Шашалевіча і яго, Андрэя, што ўзяў сабе псэўданім Мрый.

У 1921-м былы прапаршчык царскай арміі, а потым чырвонаармейскі ротны камандзір Андрэй Шашалевіч вярнуўся на радзіму і пачаў выкладаць у Краснапольскай школе 2-й ступені гісторыю й францускую мову. Ягонай артыстычнай душы гэтага было замала. Разам з братам Васілём і сястрой Настасьсяй, а таксама зь яе мужам, скульптарам, а ў будучыні народным мастаком Беларусі Аляксандрам Грубэ, ён стварыў народны тэатар. Адначасова браты бяруцца выпускаць літаграфічны часопіс “Пралеска”, дзе Андрэй вёў сатырычны аддзел і зьмяшчаў свае першыя літаратурныя спробы.

Пазьней, у НКВД, ён прызнае, што гэтыя рэчы мелі “ледзь улоўны налёт сатыры на савецкі лад”. Але тады да допытаў яшчэ было далёка. Мрый пераехаў у Менск, дзе ў 1929-м годзе разам з празаікам Лукашом Калюгам і паэтам Уладзімерам Жылкам быў прыняты ў сябры літаратурнага аб’яднаньня “Узвышша”. Чытачы ўжо добра ведалі сатырычныя апавяданьні Мрыя. Як выявілася, яны былі падыходам, пляцоўкай разгону да раману “Запіскі Самсона Самасуя”, што прынесьлі пісьменьніку сапраўднае літаратурнае імя.

Першая і другая часткі (“скруткі”) твору пабачылі сьвет у тым самым 1929-м у часопісе “Ўзвышша”, “трэйці скрутак” бальшавіцкая цэнзура ўжо не прапусьціла. Раман, напісаны ў форме запісак савецкага “нізавога актывістага” Самасуя, які ўпарта лезе да вяршыняў улады, даў цэлую галерэю вобразаў функцыянэраў, намаляваных “зь небывалай датуль у нашай літаратуры сілай мастацкай тыпізацыі” (Антон Адамовіч).

Твор быў абвешчаны “злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасьць”. Да хору выкрывальнікаў аднаго з “найбольш характэрных выяўнікаў буржуазнай плыні ў беларускай літаратуры” далучыўся Кандрат Крапіва, які абвінаваціў свайго нядаўняга “хросьніка” і калегу па сатырычным цэху ў тым, што той “высьмейвае працу савецкіх устаноў і арганізацый цалкам”.

Адной зь лютаўскіх начэй 1934-га Мрыя арыштавалі. Сьведкамі гэтага сталі жонка Соф’я, пяцігадовы сын Юрка і трохгадовы Артур. “Тройка” дала пісьменьніку пяць гадоў лягераў — праўда, не за раман, працяг якога аўтар зьнішчыў, а за “прыналежнасьць да нацыянал-фашыстоўскай арганізацыі”. Пасьля апэляцыі прысуд зьмянілі на высылку. Аднак у 1940-м па яго зноў прыйшлі...

Праз тры гады лягерная мэдкамісія прызнала Мрыя інвалідам і, зьлітаваўшыся, адправіла паміраць на радзіму. Але дадому ён не вярнуўся: на адной з станцый яго забілі крымінальнікі. Яшчэ раней на лесапавале загінуў Андрэеў брат Васіль. Перад гэтым ён напісаў для зэкаўскага тэатру п’есу на тэмы лягернага жыцьця, зьмест якой вельмі не спадабаўся начальству. Тэматычна блізкі твор — раман “Жывы дом” — нарадзіўся ў высылцы і ў самога Мрыя, аднак потым бясьсьледна зьнік.

Рэабілітацыя пісьменьніка ў 1961-м доўга заставалася “папяровай”, бо творы ягоныя па-ранейшаму не друкаваліся. Іх вяртаньне пачалося толькі ў пэрыяд “перабудовы”. У 1990-м “Запіскі Самсона Самасуя” былі таленавіта экранізаваныя рэжысэрам Уладзімерам Арловым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG