Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне апазыцыйныя партыі ствараюць новыя суполкі


Радыё Свабода Да гадавіны падзеяў на Кастрычніцкай плошчы Менску й сьвяткаваньня Дня волі 25 сакавіка апазыцыйныя партыі вырашылі стварыць новыя першасныя суполкі. У прыватнасьці ў Маскоўскім раёне Берасьця ствараецца новая арганізацыя Партыі БНФ.

Старшыня Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі вылучае некалькі аргумэнтаў на карысьць заснаваньня новай суполкі:

“Перадусім, каб упарадкаваць дастаткова вялікую колькасьць людзей, якая прыйшла да нас пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, арганізаваць іх працу ў гарадзкой арганізацыі. Па-другое, у нас усе цяперашнія суполкі, а іх шэсьць, зарэгістраваныя на тэрыторыі Ленінскага раёну Берасьця. А рэгістрацыя новай суполкі ў Маскоўскім раёне дазволіць нам вылучаць і тут назіральнікаў ды кандыдатаў у дэпутаты”.

Сябры новай суполкі абралі сваім лідэрам 25-гадовага Анатоля Ярмака. Ён мае вышэйшую адукацыю, працуе інжынэрам, на мясцовых выбарах быў кандыдатам у дэпутаты Берасьцейскага гарсавету.

“Зараз сабраліся новыя людзі, яны актыўна дзейнічаюць. Спрабуем зарэгістравацца. У такім выпадку, калі плянуюцца пэўныя акцыі, то можна падаваць заяўкі. Спрабаваць зарэгістравацца можна яшчэ і яшчэ. Але дзейнічаць мы будзем”,-- кажа спадар Ярмак.

Над пашырэньнем сваіх арганізацыйных сетак працуюць і ў іншых партыях. Прыліў новых людзей у рэгіёне маюць Аб’яднаная грамадзянская партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”.

Складанасьць у іншым – гэта рэгістрацыя ў мясцовых органах юстыцыі. Хоць чыноўнікі і дэкляруюць ляяльнасьць да ўсіх заяўнікаў. Вось як пракамэнтаваў папярэднія перамовы з прадстаўнікамі апазыцыі кіраўнік управы юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму Сяргей Каліноўскі.

“Супрацоўнікі гэтым займаюцца. Для ўсіх грамадзкіх аб’яднаньняў у нас роўныя правы. Таму будзем працаваць”.

Але ў сапраўднасьці, кажа старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, сябры многіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў вымушаныя працаваць у паўлегальных умовах:

“Рэальная колькасьць людзей, якія згуртаваныя і працуюць, значна перавышае колькасьць афіцыйна зарэгістраваных суполак і раённых арганізацый. Трэба памятаць, што мы дзейнічаем ва ўмовах беззаконьня. Што гвалтам былі закрытыя многія суполкі, раённыя структуры нашай і іншых партыяў. А людзі як былі сябрамі партыі, так і надалей застаюцца сябрамі. І ствараем мы таксама суполкі і арганізацыі ў іншых гарадзкіх і сельскіх раёнах. Будзем спрабаваць іх зарэгістраваць. Ну, а калі не зарэгіструюць, то людзі ўся роўна будуць дзейнічаць”,-- заявіў Свабодзе лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка да таго, як учора ўвечары яго затрымалі байцы спэцназу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG