Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобін: КДБ дапытвае моладзевых актывістаў


Радыё Свабода, Жлобін Чатыры гадзіны супрацоўнікі КДБ дапытвалі былога актывіста “Маладога фронту”, а цяпер сябра Партыі БНФ Эдуарда Зелянкова.

Спадар Зелянкоў расказаў Радыё Свабода:

– Мяне выклікалі на допыт як сьведку ў справе “Маладога фронту”. Прыехаў нейкі капітан з Гомелю і сказаў, што ў яго заданьне зь менскага КДБ правесьці допыты. Прычым, як стала вядома, ня толькі мяне, а й яшчэ некалькі хлопцаў таксама выклікалі на допыты. Распытвалі пра дзейнасьць арганізацыі й яе кіраўніцтва.

З Эдуарда ўзялі падпіску, што ён ня будзе распавядаць пра матэрыялы справы.

А 14-й гадзіне позваю за подпісам супрацоўніка КДБ Коласава на допыт выклікалі адзінаццаціклясьніка гімназіі №1 Кірыла Атаманчыка ды яшчэ некалькі маладых актывістаў.

Паколькі Кірыл Атаманчык непаўналетні, то ў КДБ ён прыйшоў разам з бацькам.

Раней Кірыла затрымлівалі 3 лютага ў Менску — падчас рэгіянальнага зьезду актывістаў “Маладога фронту”.

Кірыл Атаманчык правёў у аддзяленьні КДБ тры з паловаю гадзіны. Як стала вядома, Кірыла дапытвалі, ці належыць ён да сяброў незарэгістраванага “Маладога фронту” і што ён ведае пра ягоных кіраўнікоў – спадароў Федарука й Корбана.

Зь непаўнагадовага Атаманчыка таксама ўзялі падпіску, што ён ня будзе распавядаць пра матэрыялы справы ў дачыненьні маладафронтаўцаў.

Шэраг жлобінскіх маладых актывістаў выкліканыя на допыт у КДБ на заўтра, 14 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG