Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы працягваецца дыскусія вакол люстрацыі журналістаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня каля сотні вядомых журналістаў зьвярнуліся да сваіх калегаў з заклікам падаць, як гэтага патрабуе новае заканадаўства, люстрацыйныя заявы, у якіх трэба пазначыць, ці супрацоўнічаў журналіст са спэцслужбамі камуністычнага рэжыму.

Аўтары звароту заяўляюць, што іхныя калегі, якія выступілі за байкот падачы люстрацыйных заяваў ставяць пад пагрозу давер палякаў да ўсіх журналістаў краіны.

“Мы ня згодныя з тым, каб нашыя суграмадзяне меркавалі, што ўсе журналісты ня хочуць люстрацыі, невядома чаму ставяць сябе над законам і пазьбягаюць праверкі ўласнага мінулага. Мы зусім ня лічым, што заявіць адкрыта пра тое, што журналіст не супрацоўнічаў са спэцслужбамі – гэта ганьба. Наадварот, гэта нармальна”, – гаворыцца ў звароце, падпісаным супрацоўнікамі польскага грамадзкага тэлебачаньня і радыё, газэтаў ““Rzeczpospolita”, “Dziennik”, часопісаў “Wprost” і “Newsweek Polska”.

Між тым напрыканцы мінулага тыдня некалькі іншых аўтарытэтных журналістаў заявілі, што нават пад пагрозай звальненьня з працы ня будуць падаваць люстрацыйныя заявы.

“Я ня буду падаваць люстрацыйную заяву, бо не хачу ні перад кім апраўдвацца, тым больш калі мяне да гэтага змушаюць”, – заявіла Эва Мілевіч з “Gazety Wyborczej”.

Паводле новага заканадаўства, люстрацыйныя заявы павінны пісаць журналісты, якія нарадзіліся да 1972 году ўключна.

Польскі амбудсмэн Януш Каханоўскі лічыць, што новы закон аб люстрацыі супярэчыць канстытуцыі, таму абскардзіў яго ў Канстытуцыйным судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG