Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іна Кулей: “Найперш я – жанчына, маці, жонка”


Вольга Караткевіч, Прага Госьця “Начной Свабоды” – кіраўніца Камітэту дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі Іна Кулей

Караткевіч: Спадарыня Іна, прыйшоўшы ў нашу студыю, Вы літаральна вырвалася з кінафэстывалю дакумэнтальных фільмаў “Адзін сьвет” – Вы ўваходзіць у журы. якія ў Вас уражаньні ад фэстывалю?

Кулей: Фэстываль цудоўны. Гэта ўжо дзявяты фэстываль, які ладзіць арганізацыя “Чалавек у нядолі”. Самае цікавае – з кожным годам колькасьць фільмаў, якія прадстаўленыя на гэтым фэстывалі, расьце і расьце. Сёлета на ім было ўжо 123 карціны, і нам для прагляду журы конкурсу “Правы чалавека” далі 16 фільмаў. Гэта цяжкая, але вельмі цікавая праца – кожны дзень трэба было глядзець па чатыры фільмы, а яны былі моцныя і нават страшныя.

Караткевіч: Фільм Міраслава Дэмбіньскага “Урок беларускай” атрымаў прыз Вацлава Гаўла, але гэта не адзіная ўзнагарода гэтага фільму. Якое ўражаньне гэты фільм зрабіў на аўдыторыю і на журы?

Кулей: У залях кінатэатраў, дзе паказваўся “Урок беларускай”, былі аншлягі. Моладзь пасьля фільму ладзіла такія дыскусіі, што мы былі ў захапленьні. Фільм атрымаў яшчэ адзін прыз – студэнцкага журы.

“На сёньня мне бліжэй паліталёгія”

Караткевіч: Спадарыня Іна, Вы маеце вышэйшую адукацыю пэдагога-дэфэктоляга, эканаміста, юрыста і палітоляга. Скажыце – што Вам найбольш блізка зь пералічанага?

Кулей: Ведаеце, чалавек жыве сёньняшнім днём, таму, вядома – паліталёгія.

Караткевіч: А раскажэце пра сваю працу пэдагога. Калі гэта было, дзе і чаму яна Вас навучыла?

Кулей: Гэтая праца працягвалася 15 гадоў, я атрымала вышэйшую катэгорыю ў гэтай галіне. Працавала лягапэдам – спачатку ў дзіцячым садку, пасьля ў школе. Гэтая праца навучыла мяне перш за ўсё цярплівасьці, бо я працавала зь цяжкой групай – дзецьмі, якія не вымаўляюць правільна гукі – і трэба было спакойна, павольна паўтараць. Гэта прыдасца ў жыцьці заўсёды.

Караткевіч: Відаць, гэта вучыць і талерантнасьці, што пасьля немалаважна, калі займаесься палітыкай або знаходзісься побач з палітыкам?

Кулей: Безумоўна. Бо, як даўно казалі, палітыка – гэта мастацтва кампрамісаў.

“Калі краіна ў небясьпецы грамадзянская апазыцыя выходзіць на першы плян”

Караткевіч: Вы – актыўная ўдзельніца працы няўрадавых арганізацыяў. Да прэзыдэнцкай кампаніі, дзе Ваш муж Аляксандар Мілінкевіч балятаваўся на прэзыдэнта, Вы кіравалі Беларускай асацыяцыяй рэсурсных цэнтраў. Нядаўна ў інтэрвію Радыё Свабода Анатоль Лябедзька – лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі і кіраўнік Нацыянальнага выканаўчага камітэту – скрытыкаваў грамадзкія арганізацыі ў тым сэнсе, што яны далучаюцца да палітыкі толькі перад нейкай буйной палітычнай кампаніяй, неахвотна дзеляцца з партыямі і актыўнымі палітычнымі рухамі сваімі рэсурсамі – людзкімі ды іншымі напрацоўкамі. Што б Вы яму адказалі?

Кулей: Кожная арганізацыя мае сваю галіну, сваю мэтавую групу, сваю місію. І менавіта падчас актыўных кампаніяў або калі краіна ў небясьпецы грамадзянская апазыцыя выходзіць на першы плян.

Караткевіч: Калі б перад Вамі стаяў выбар – у якую партыю ў Беларусі ўступіць, якую зь цяперашніх Вы б выбралі?

Кулей: А можна – гэта застанецца маёй маленькай таямніцай?

Караткевіч: Добра, тады вернемся да Камітэту дапамогі рэпрэсаваным, якім Вы кіруеце. Якія асноўныя дасягненьні на гэты момант, якія пляны?

“Самае галоўнае –хваля салідарнасьці, якую мы падымаем”

Кулей: Пра нашую працу не выпадае гаварыць, што ў нас ёсьць дасягненьні, бо рэпрэсіі – жорсткая, непрыемная рэч. На сёньня ў нашай базе дадзеных – больш за тысячу чалавек, і большасьць зь іх атрымала нейкую падтрымку і дапамогу. Гэта і пасярэдніцтва або дапамога ва ўладкаваньні на вучобу – як у Беларусі, так і за мяжою, гэта дапамога ў атрыманьні працы – і ў нашых прадпрымальнікаў, і ў Польшчы, гэта і матэрыяльная дапамога. Такую падтрымку і дапамогу аказваюць таксама і вернікі розных канфэсіяў. Ну і самае галоўнае – тая хваля салідарнасьці, якую мы падымаем і спадзяемся падняць яшчэ вышэй.

Караткевіч: А была нейкая гаворка на гэтую тэму тут у Чэхіі?

Кулей: Безумоўна. У нас ёсьць цудоўныя сябры – гэта і арганізацыя “Чалавек у нядолі”, і арганізацыя “Грамадзянская Беларусь”, гэта і “Харыта”, гэта і Партыя зялёных, і наагул прадстаўнікі розных пластоў чэскага грамадзтва – яны адгукаюцца на патрэбы Беларусі, і нам шанцуе, што ў нас тут такія сябры.

Караткевіч: Здараецца так, што калі нейкая арганізацыя ў Беларусі дзейнічае пасьпяхова, эфэктыўна, актыўна, калі пра яе шмат гавораць – яна падпадае пад крытыку канкурэнтаў або тых, хто ня згодны зь яе палітыкай. Не магу не задаць гэтае пытаньне – з чым зьвязаныя выпады супраць вашага камітэту і абвінавачаньні ў карупцыі, у тым, што вы дапамагаеце ня ўсім і г.д.?

Кулей: Дапамога заўсёды цягне за сабой розныя чуткі, могуць узьнікаць розныя пытаньні – на жаль, мы пазбаўленыя магчымасьці даць непасрэдную інфармацыю ў тэлевізіі, у радыё, у прэсе. Тое, што адбываецца, перадаецца толькі з вуснаў у вусны – што было добрае, або што яшчэ не даробленае і што мы зьбіраемся дарабіць. Але за сябе магу сказаць: мне ня сорамна. Я – не карумпаваная. Ніколі нікому ні за што не прадавала тыя паслугі ў дапамозе, якія мы сёньня з камітэтам аказваем людзям.

“Найперш я – жанчына, маці, жонка”

Караткевіч: Быць жонкай такога вядомага палітыка, як Аляксандар Мілінкевіч – гэта быць пад увагай прэсы, грамадзкасьці, палітыкаў. Як бы Вы пракамэнтавалі такую ўсходнюю мудрасьць – “Мужчыну робіць жанчына”?

Кулей: Я думаю, што гэта двухбаковы працэс. І мужчына робіць жанчыну, і жанчына – мужчыну. Калі ў іх ёсьць магчымасьць пагаварыць, параіцца – то гэта вельмі добра.

Караткевіч: А ці маеце Вы нейкія асабістыя палітычныя амбіцыі?

Кулей: На сёньня – абсалютна не, але як складзецца лёс – ніхто ня ведае. У першую чаргу я – грамадзкі дзяяч, і мая справа – гэта тое, чым я займаюся, я абрала свой шлях, гэта маё месца. Аднак найперш я ўсё ж такі – жанчына, маці, жонка. І калі мне трэбу будзе рабіць выбар, я абяру жаночы шлях.

Караткевіч: Калі б Вы заняліся палітыкай або сталі б кансультантам – з чаго ў Беларусі трэба пачынаць рэформы?

Кулей: Вядома ж, з эканомікі, бо эканоміка – аснова ўсяго астатняга.

Караткевіч: У тых апазыцыйных рухаў або ўтварэньняў у Беларусі – ці ёсьць у іх дастаткова эканамічных напрацовак?

Кулей: Напрацоўкі, безумоўна, ёсьць. Я думаю, што тыя людзі, якія калісьці былі пры ўладзе – такія, як Багданкевіч, Раманчук – яны сочаць за гэтым працэсам. Ёсьць маладыя эканамісты, якія сёньня вывучаюць рэформы ў іншых краінах і параўноўваюць з тым, што ёсьць у Беларусі. Але, вядома, мы ня ведаем дастаткова ўсёй інфармацыі – яна закрытая нашай дзяржавай. Аднак, калі прысьпее час, гэта ўсё можна будзе падняць на паверхню і працаваць з гэтым.
XS
SM
MD
LG