Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 7 сакавіка


Юлія Шарова, Менск Агляд форумаў і блогаў Белнэту

Удзельнікаў форумаў парталу сёньня прывабіла навіна пра тое, што цяпер на дзяржаўную службу будуць браць толькі з характарыстыкамі й рэкамэндацыйнымі лістамі – пра гэта паведаміла электроннае выданьне “Ежедневник”.

“Сьмешна… – камэнтуюць удзельнікі. – Рэкамэндацыйныя лісты дзьвюх асобаў, якія працуюць ва ўладзе. Карацей, на дзяржаўную службу толькі па блаце, цяпер ужо афіцыйным”.

“А на пасаду прэзыдэнта толькі асобаў з досьведам працы прэзыдэнта…”

“Чаму ўлада гэтак хоча сябе клянаваць? Гэта ж так відавочна. Што для разьвіцьця патрэбныя новыя сьвежыя сілы! Ну хто за такім парадкам дапусьціць сабе канкурэнцыю?”

“Абвестка ў газэце: працую ў аблвыканкаме… прадам дзьве рэкамэндацыі…”

“Ствараюць касту абраных. Уперад у мінулае! А для цывілізаваных грамадзтваў гэта этап, які яны мінулі”.

Аляксандар Брэчак на сайце www.telegraf.by разважае пра тое, што праблема гандлю людзьмі ў Беларусі занадта палітызуецца. “Для таго, каб пачуцца ў становішчы нявольніка, не абавязкова выяжджаць за мяжу й аддаваць некаму свой пашпарт. Бо вельмі проста можна, застаючыся ў сваім населеным пункце, апынуцца бяз працы, альбо з такім заробкам, на які ня толькі дзяцей пракарміць і апрануць, але й самому пражыць немагчыма… не выпадае зьдзіўляцца таму, што беларускія маладыя жанчыны гатовыя зьехаць хоць на край сьвету, нават з рызыкай для сябе, але толькі каб неяк у гэтым жыцьці ўладкавацца. І ня трэба ўсё зводзіць толькі да “сэкс-індустрыі”. Парадокс у тым і заключаецца, што можна ўсё жыцьцё пражыць “на свабодзе”, але пачувацца нявольнікам, а можна рызыкнуць, пайсьці ў “нявольніцкую залежнасьць”, але пры гэтым атрымаць шанец на свабоду”.

Зьміцер Солтан піша на блог-партале : “Для бюджэтнікаў у беларускіх ВНУ, здаецца, прыдумалі новыя цяжкасьці: атрымаць дазвол на праходжаньне практыкі ў прыватных фірмах усё цяжэй — фактычна, працаваць і праходзіць практыку большасьць будзе там, куды пашлюць, на адсталых дзяржаўных прадпрыемствах. Што я наконт гэтага думаю? Думаю, што лепшага спосабу панізіць эфэктыўнасьць адукацыі, пагоршыць узровень падрыхтоўкі маладых спэцыялістаў і адбіць ахвоту займацца сваёй прафэсіяй, немагчыма прыдумаць. Практыка, на мой погляд — гэта найлепшы спосаб маладому чалавеку зразумець сэнс і практычную цікавасьць сваіх заняткаў, забясьпечыць сваю будучую канкурэнтаздольнасьць на рынку працы, а заадно зарабіць капейку на жыцьцё, калі практыка платная. Так робіцца на Захадзе. У нас усё атрымліваецца наадварот. Едзь на дзяржаўнае неканкурэнтаздольнае прадпрыемства, якое выбралі за цябе, і не высоўвайся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG