Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Адам Варлыга (1890 — 1972)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

На тых паліцах маёй бібліятэкі, дзе цесна ад слоўнікаў і мовазнаўчых выданьняў, можна знайсьці дзьве рэдкія кнігі: выпушчаныя ў сьвет на эміграцыі “Прыказкі Лагойшчыны” (1966) і друкаваны лацінкаю “Краёвы слоўнік Лагойшчыны” (1970).

Іх аўтар Адам Варлыга, або Язэп Гладкі, як яго звалі ад нараджэньня, ваяваў у Першую сусьветную вайну, быў дэлегатам І Усебеларускага зьезду, адчыняў разам з братам Казімерам першую беларускую школку ў Барысаўскім павеце...

У 1930-м яго, школьнага настаўніка, звольнілі з працы як палітычна ненадзейнага, але Язэпу ўдалося нейкім чынам паступіць на вечаровыя курсы Менскага пэдінстытуту, а потым уладкавацца навуковым супрацоўнікам у Інстытут пэдагогікі. 1937-ы забраў брата, што, паводле некаторых зьвестак, сустрэў сьмерць у Курапатах.

У гады нямецкай акупацыі Язэп працаваў настаўнікам у роднай вёсцы, а потым у выдавецтве школьных падручнікаў у Менску. Апынуўшыся па вайне ў Заходняй Нямеччыне, ён выкладае ў Беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча ў Ватэнштэце, стварае выдавецтва “Заранка”, дзейнасьць якога працягваецца і пасьля пераезду заснавальніка ў ЗША. Па выдадзеных ім падручніках і дапаможніках і цяпер вучацца беларусы ў розных краінах.

Вядомасьць і аўтарытэт таленавітага фальклярыста і этнографа прынесьлі Адаму Варлыгу, апрача ўжо згаданых выданьняў з майго кнігазбору, “Народныя казкі” у трох тамах (1967—1972) і зборнік “Забабоны” (1972). У рукапісе засталася яго вялікая, на пяцьсот старонак, праца “Чутае, бачанае, перажытае”, дзе пададзеная панарама жыцьця Лагойшчыны на мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў. (Рукапіс захоўваецца ў фондах Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку.)

Сучасны беларускі літаратуразнаўца з ЗША Лявон Юрэвіч выказвае ўпэўненасьць, што “зь цягам часу імя Адама Варлыгі будзе такім жа хрэстаматыйным, якімі сёньня зьяўляюцца імёны Нікіфароўскага, Раманава, Шэйна, Шпілеўскага”.

Каб разьвітацца з вамі, я бяру ў рукі Варлыгавы “Прыказкі” і разгортваю іх на адпаведным разьдзеле: “Аставайцеся здаровы! Бывайця здаровы! Бывайця здаровы, жывіця вясёлы! Шчасьліва!”
XS
SM
MD
LG