Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Кляштар з прэзыдэнцкім люксам”


Любоў Лунёва, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 7 сакавіка.

Газэта “Наша ніва” прапануе чытачам эксклюзіўны матэрыял Сяргея Харэўскага пад загалоўкам “Кляштар з прэзыдэнцкім люксам”. Аўтар піша, што яму ў рукі трапіў таемны праект перабудовы касьцёлу сьвятога Язэпа. Летась менскія улады на ператварэньне помніка XVII – XVIII cтагодзьдзяў у гатэльны комплекс выдаткавалі мільярд чатырыста мільёнаў рублёў. Больш за 15 гадоў вернікі моляцца, каб каталікам вярнулі касьцёл, адабраны яшчэ ў 1863 годзе. У гатэлі праектуюцца 84 нумары, паркінг і басэйн. На пятым паверсе – прэзыдэнцкі люкс.

“Шаленства на рынку нерухомасьці” – у артыкуле пад такім загалоўкам журналістка Тацяна Сьнітко аналізуе новыя цэны на кватэры ў Менску. Кошт квадратнага мэтра ў аднапакаёўцы пераскочыў планку 1500 даляраў. Аўтарка робіць выснову, што жыльлёвы рынак першы адрэагаваў на падвышэньне цэнаў энэрганосьбітаў. Больш за дзьве траціны кліентаў агенцтваў нерухомасьці набываюць жытло з дапамогай крэдытаў.

Нядаўні даклад Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі аб намаганьнях Ірану для ўзбагачэньня ўрану амэрыканскае кіраўніцтва выкарыстала, каб заклікаць да ўвядзеньня больш жорсткіх санкцыяў у дачыненьні да гэтае краіны. Супрацьстаяньне ЗША і Ірану абвастраецца. ЗША адпраўляюць у раён Пэрсыдзкай затокі новыя войскі. Аўтар матэрыялу Сяргей Богдан робіць выснову, што вайна можа выбухнуць нечакана. Меркаваньні аналітыка чытайце ў сьвежым нумары “Нашай нівы”.

Вялейская газэта “Волат” знаёміць чытачоў з творчасьцю маладога паэта Ўсевалада Сьцебуракі. Днямі ён выдаў сваю першую кніжку. Паэт выказвае свае думкі пра сучаснае літаратурнае мастацтва. У чэрвені адбудзецца сплаў па рацэ Вяльлі. Гэта сумесны беларуска-літоўскі праект, прысьвечаны 150-годзьдзю экспэдыцыі графа Канстанціна Тышкевіча.

“Адмыслова да гэтай даты ў Вялейцы будзе ўстаноўлены помнік рацэ Вяльлі, – расказаў аўтар публікацыі ў газэце “Волат” Сяргей Макарэвіч. – Помнік зрабілі яшчэ ў 1999 годзе. Ён быў прымеркаваны да 400-годзьдзя Вялейкі, але ў райвыканкаму не знайшлося сродкаў, каб яго набыць. На месцы пачатку экспэдыцыі Тышкевіча будзе пастаўлены памятны знак”.

“Комсомольская правда в Беларуси” ў артыкуле “Прызнаў сябе вінаватым – плаціш па мінімуме” высьвятляе, якіх зьменаў чакаць беларусам ад новага Адміністрацыйнага кодэксу, а таксама паведамляе пра тое, што за страту пашпарта караць больш ня будуць, але давядзецца адказваць за дачу лжывых паказаньняў.

Міністэрства гандлю прыняла рашэньне спыніць імпарт віна з Малдовы. Беларускія грамадзяне рызыкуюць застацца бяз гэтага напою, бо 70 – 80 % віннага асартымэнту ў Беларусі складаюць менавіта малдоўскія віны. Падрабязнасьці – у сьвежым нумары газэты “Комсомольская правда в Беларуси”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG