Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Паўночная Карэя распачалі дыялёг ўпершыню за 50 гадоў


Сяргей Абламейка, Прага Упершыню за больш чым 50 гадоў Злучаныя Штаты і Паўночная Карэя пачалі перамовы аб нармалізацыі дачыненьняў. Гэта стала магчымым пасьля таго, як у мінулым месяцы Пхеньян згадзіўся замарозіць сваю ядзерную праграму.

Злучаныя Штаты і Паўночная Карэя былі праціўнікамі з моманту заканчэньня вайны на Карэйскай паўвысьпе ў 1953 годзе. Той факт, што цяпер абодва бакі вядуць перамовы аб нармалізацыі дачыненьняў, аглядальнікі назвалі гістарычным.

Перамовы пачаліся 5 сакавіка ў гатэлі “Асторыя” ў Нью-Ёрку. Дэлегацыі ўзначальваюць намесьнік дзяржсакратара ЗША Крыстафэр Гіл і намесьнік міністра замежных справаў КНДР Кім Ге Гван. На сёньня заплянаваныя некалькі важных кансультацыяў.

Гэтыя перамовы сталі магчымымі пасьля посьпеху шасьцібаковых перамоваў у Пэкіне з удзелам абедзьвюх Карэяў, ЗША, Японіі, Кітаю і Расеі. 13 лютага Пхеньян згадзіўся замарозіць сваю ядзерную праграму ў абмен на міжнародныя пастаўкі нафтапрадуктаў.

Нягледзячы на вялікія спадзяваньні, выказаныя ў прэсе, афіцыйны прадстаўнік ЗША Шон Мак-Кормак заявіў журналістам:

“Я б хацеў папярэдзіць вас, што гэта першая сустрэча, на якой абмяркоўваюцца нормы далейшай працы”.

Паралельна зь перамовамі ў Нью-Ёрку пачаліся двухбаковыя перамовы Паўночнай Карэі і Японіі ў Ханоі. Там будзе абмяркоўвацца магчымае ўсталяваньне дыпляматычных дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі.

Для Паўночнай Карэі важна, каб ЗША размарозілі яе актывы ў банку Макао, а таксама выкрасьлілі яе са свайго сьпісу краінаў-спонсараў тэрарызму. Злучаныя Штаты, аднак, раней заяўлялі, што гэта адбудзецца толькі пасьля дэмантажу паўночнакарэйскай ядзернай праграмы і прадстаўленьня Пхеньянам поўнага сьпісу сваіх ядзерных дасьледаваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG