Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Процька: “Галоўная мэта – запалохаць, настрашыць”


Іна Студзінская, Менск Беларускія спэцслужбы ўдзяляюць пільную ўвагу маладым людзям, якія навучаюцца па праграме Каліноўскага ў Польшчы, а таксама студэнтам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Формы і мэтады ўзьдзеяньня на маладых людзей розныя: ад пільнага надгляду на мяжы да выкліку ў КДБ бацькоў.

Асабліва часта з праблемамі пры перасячэньні мяжы сутыкаюцца студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, якія вучацца ў Вільні: яны даволі часта наведваюцца дадому. Іх пільна надглядаюць, правяраюць дакумэнты, асабістыя рэчы, з-за працяглай працэдуры праверкі затрымліваюць адпраўленьне рэйсавых аўтобусаў і нават цягнікоў.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька:

“Усім зразумела: ну, будуць на мяжы рабіць пільны надгляд гэтых маладых людзей – што яны там знойдуць? Нічога ня знойдуць. Выклікаюць у КДБ – ну, пастрашаць. Але ж таксама нічога ня зробяць. Будуць прапаноўваць супрацоўніцтва – не супрацоўнічай, і таксама нічога ня зробяць. Дастаткова складана законна што-небудзь зрабіць. А вось настрашыць – гэта лёгка!”
Тацяна Процька: “Галоўная мэта ўсіх такіх дзеяньняў – каб нашыя маладыя людзі ня ўдзельнічалі ў гэтай праграме”.
Студэнтаў, бацькоў студэнтаў, якія вучацца за мяжой, выклікаюць у КДБ. Вось што расказала магіляўчанка Ірына Качарова, сын якой навучаецца ў Польшчы па праграме Каліноўскага:

“Мяне выклікалі ва ўпраўленьне КДБ па Магілёўскай вобласьці па пытаньні навучаньня майго сына ў Польшчы. Але я не хадзіла туды. Прынесьлі мне дадому позву, муж яе ўзяў. А потым я пайшла з праваабаронцам у КДБ. Яны не хацелі прымаць мяне з праваабаронцам, адмаўлялі ў ягонай прысутнасьці, і таму мы з праваабаронцам пайшлі”.

Запалохаць выклікамі ў КДБ спрабавалі студэнтаў Магілёўскага пэдунівэрсытэту Станіслава Кавалеўскага, Юр’я Ціўкова, Юлію Гарачанкаву. Юры Ціўкоў адмовіўся ісьці без афіцыйнай позвы. Да Станіслава Кавалеўскага чэкісты прыйшлі на заняткі і спрабавалі даведацца, хто з маладых людзей часта бывае за мяжой.

Старшыня Хэльсынскага Камітэту Тацяна Процька перакананая, што гэта толькі маральны ціск, запалохваньні:

“Менавіта гэта галоўная мэта ўсіх такіх дзеяньняў: каб нашыя маладыя людзі ня ўдзельнічалі ў гэтай праграме: маўляў, ім будзе тое, гэтае, таму ня трэба ўдзельнічаць у гэтай праграме. Мы аналізавалі: навошта людзей так жорстка зьбіваюць падчас масавых акцыяў? А дзеля таго, каб іншыя не хадзілі. І яны дасягнулі эфэкту: мы бачым, што мітынгі ўжо не такія мнагалюдныя. І тут тое самае, тая самая мэтода. І ўсе спэцслужбы на гэта разьлічваюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG