Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Беларуска напаіла адміністрацыю Сочы”


Любоў Лунёва, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 6 сакавіка.

“Комсомольская правда в Беларуси” дае парады, як паступіць у расейскі ўнівэрсытэт. Большасьць абітурыентаў, якія хочуць вучыцца за мяжой, выбіраюць суседнюю Расею – падобныя сыстэмы адукацыі і ня трэба вучыць мову. У Оксфард і Кембрыдж паступаюць адзінкі. Як паступіць у расейскую ВНУ? Чытайце ў сьвежым нумары газэты.

У Сочы праходзіць конкурс “Місіс сьвету-2007”. Праз два дні стане вядома імя пераможцы. Замужнія жанчыны спаборнічалі ў зімовых відах спорту, боўлінгу і караоке. Днямі ім прапанавалі зрабіць своеасаблівыя падарункі прадстаўнікам адміністрацыі Сочы. Беларуска Алеся Ганчарова, выпускніца Акадэміі ўнутраных справаў, пабегла на рынак і набыла там селядзец, цыбулю, бульбу і гарэлку. Чаму? “Комсомольская правда” дае адказ на гэтае пытаньне ў артыкуле “Беларуска напаіла адміністрацыю Сочы гарэлкай”.

Газэта “Вольнае Глыбокае” прапануе чытачам вялікі артыкул пра 86-гадовага Баляслава Леановіча. Ён працаваў у Нарачанскім рыбгасе. Шмат чаго бачыў і памятае дагэтуль.

“Cам пан Антон Коцаў, які валодаў гэтым маёнткам, выдаў Леановічу паперу аб тым, што ў яго ёсьць свой бераг возера, дзе ён мае права лавіць рыбу сеткай, – расказаў аўтар публікацыі, рэдактар “Вольнага Глыбокага” Ўладзімер Скрабатун. – Леановіч кажа, што цяпер яму гэта мясцовыя ўлады забараняюць. Добра было б, каб у такім паважаным узросьце зрабілі хоць бы нейкую скідку чалавеку”.

Газэта “Наша слова” першую паласу прысьвяціла падзеям 940-гадовай даўніны, калі Менск упершыню згадваўся ў летапісе.

З нагоды 70-годзьдзя мастака Ўладзімера Крукоўскага “Наша слова” надрукавала артыкул пра ягоную творчасьць. Чытачы могуць пабачыць здымкі вядомых плякатаў мастака (“Што ж мы за людзі?”, “Білінгвізм” ды іншых).

Асобны матэрыял прысьвечаны прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Коласа “Лёс ліцэю” ў Вільні ў памяшканьні Таварыства беларускай культуры.

Пінская газэта “Мясцовы час” расказвае пра змаганьне пэнсіянэра з чыноўнікамі розных рангаў за тое, каб у ягонай кватэры было цяпло. Рэч у тым, што ад пачатку ацяпляльнага сэзону кватэра пэнсіянэра застаецца халоднай. Чыноўнікі тлумачылі суседзям, што пэнсіянэр сам вінаваты ў тым, што ўва ўсім доме холадна. Дайшло да таго, што яму зламалі дзьверы. Нарэшце жыхары разабраліся і папрасілі прабачэньня. Але пытаньне дагэтуль ня вырашанае.

Чытайце ў “Мясцовым часе” артыкул, прысьвечаны 75-годзьдзю знакамітага літаратара і журналіста Рышарда Капусьцінскага, які нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Пінску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG