Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Маркавец: “Я веру ў сьвятло”


Радыё Свабода Тацяна Маркавец — удзельніца праграмы “У што я веру”.

“Веру ў жыцьцядзейную сілу сьвятла, што робіць дзень ясным; празь вясновае сонца абуджае ад сну ўсю зямлю; расквечвае лугі і навакольле, пасылаючы сваю сьцьвяржальную энэргію; дае моцы ўсім істотам; саграе цеплынёю ўсё жывое; прымушае расьці і рухацца ўвесь сьвет.

Веру ў сьвятло, якое цепліцца ў хатах, дзе пахмурным здарожаным вечарам заўжды чакае прытулак. Веру ў сьвятло, якое праз зоркі ў небе паказвае накірунак; не дае зьбіцца з курсу і заблукаць вандроўнікам; якое праз зіхаценьне зорак захапляе сваёй аддаленай таямнічасьцю; проста натхняе рамантыкаў і дае надзею нават на самае нязбытнае.

Веру ў цудатворную моц сьвятла, што часам прымушае зіхацець незвычайнымі колерамі кроплі расы ці ператварае ў каштоўныя зямныя скарбы нейкія кавалкі пароды з самых змрочных глыбінных нетраў.

Веру ў сьвятло, якое выяўляе сутнасьць усіх рэчаў й зьяваў.

Веру ў ачышчальную сілу сьвятла, што можа спапяляць, зьнішчаць, сьцерці ўсё лішняе й непатрэбнае.

Веру ў магутнасьць сьвятла, што, паглынаючы змрок, валодае прасторай, цягне да сябе і, як магніт, вабіць абсалютнай чысьцінёй, лёгкасьцю і празрыстасьцю ў свой дзівосны сьвет, у сваё далёкае царства, дзе няма ні змроку, ні ценяў, ні часу”.

***

Тацяна Маркавец – мастачка, дачка вядомага беларускага жывапісца Віктара Маркаўца. Закончыла Беларускую акадэмію мастацтва. Робіць выцінанкі з паперы, пляце мастацкія творы з саломкі, экспэрымэнтуе ў іншых традыцыйных жанрах народнага мастацтва і вучыць гэтаму менскіх школьнікаў.
XS
SM
MD
LG