Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радэк Дамброўскі: З БССР запомніліся сокі ў слоіках і хлеб


Аляксей Знаткевіч, Прага Гутарка з госьцем Начной Свабоды, новаабраным кіраўніком Беларускага аб’яднаньня студэнтаў Радкам Дамброўскім.

Карэспандэнт: "Для тых, хто нічога ня ведае пра Беларускае аб''яднаньне студэнтаў, як бы Вы коратка апавялі, чым займаецеся? Што гэта за арганізацыя?"

Дамброўскі: "Беларускае аб''яднаньне студэнтаў лучыць студэнтаў беларускай нацыянальнасьці ў Польшчы, грамадзянаў Польшчы. БАС займаецца звычайнай студэнцкай дзейнасьцю, супрацоўнічае са шматлікімі польскімі студэнцкімі арганізацыямі. Гэта пачалося яшчэ пры канцы 80-х гадоў, калі тут была яшчэ Польская Народная Рэспубліка. Тады БАС дзейнічаў, як незарэгістраваная арганізацыя. Тут нагадаю, што восеньню БАСу споўнілася 25 гадоў. Задачы нашай дзейнасьці такія, каб актывізаваць маладых людзей, маладых беларусаў".

Карэспандэнт: "А шмат у аб''яднаньні маладых беларусаў?"

Дамброўскі: "Цяпер ня так шмат, як гэта было на пачатку 90-х гадоў, калі арганізацыя была зарэгістраваная. Зараз каля 40 чалавек. А раней у нас была сотня сябро БАСу".

Карэспандэнт: "Радэк, можна часам пачуць пра стэрэатыпы, як палякі ўспрымаюць беларусаў. Гавораць нават пра знак роўнасьці паміж беларускасьцю й савецкасьцю. Ці сапраўды такое ў Польшчы існуе?"

Дамброўскі: "Я б не сказаў, што з савецкасцью. Часам бывае, што яны не наўпрост, ня ў твар, кажуць, што ты Расеі. Канешне, ёсьць шмат палякаў, якія ўспрымаюць нас на роўні з сабой. Так пачалося нашае супрацоўніцтва з польскімі студэнцкімі арганізацыямі. Яны самі да нас зьвярнуліся. А зараз на хвалі зацікаўленасьці ў Эўропе сытуацыяй у Беларусі, яны толькі пачынаюць знаёміцца й даведвацца, хто такія беларусы, што такое Беларусь. Я б не сказаў, што адчуваю сябе дрэнна, ідучы па вуліцы, ці выступаючы па тэлевізіі, ці на нейкім канцэрце, адкрыта кажучы, што я – беларус. Усё гэта нармалёва ўспрымаюць. Нават цікавяцца гэтым".

Карэспандэнт: "А вы можаце сказаць, што за апошнія менавіта гады стаўленьне польскага грамадзтва да Беларусі зьмянілася ў зьвязку з інфармаваньнем пра падзеі ў Беларусі?"

Дамброўскі: "Канешне, крыху зьмянілася, бо раней ніхто ня ведаў, што такое Беларусь. Нават зараз частка людзей называе яе Расеяй. Прыкладам, так і кажуць: "Мы едзем у Расею", а не кажуць: "Едзем у Беларусь". Беларусь асацыявалася толькі з Лукашэнкам. А зараз, калі шмат матэрыялаў па тэлебачаньні, на радыё і ў газэтах, у іх трохі іншае ўяўленьне".

Карэспандэнт: "Каб закрыць гэтую тэму... Неяк размаўляў з адной дзеячкай беларускага руху ў Польшы. Яна казала, што ў 80-я гады ў іх былі цудоўныя адносіны з варшаўскімі асяродкамі "Салідарнасьці", але менавіта на Беласточчыне шмат хто з тамтэйшых палякаў, у тым ліку антыкамуністаў, да беларускай культуры, да беларускасьці ставіўся хваравіта, нават варожа. А Вы, як чалавек зь Беласточчыны, бачыце нейкую розьніцу ў стаўленьні да беларусаў менавіта на Беласточчыне і ў астатняй Польшчы?"

Дамброўскі: "Я не хачу сказаць, што такое назіраецца наўпрост, але такое стаўленьне ёсьць. Часам адчувалася, што калі ідзе рэпартаж зь нейкага беларускага мерапрыемства, можа было пачуць: "Во, зноў расейцаў па тэлевізіі паказваюць ". Зразумела, што калі жывуць з сабой побач розныя нацыянальнасьці, ёсьць пэўныя гістарычныя закіды адно да аднаго. І тут нельга сказаць, што толькі палякі так глядзяць на беларусаў, успрымаюць іх крыху нэгатыўна Але й беларусы, якія пацярпелі ад палякашў, таксама адпаведна ставяцца".

Карэспандэнт: "Радэк, а Вашыя асабістыя ўяўленьні пра Беларусь... якія яны былі, перад тым, як Вы ўпершыню наведалі Беларусь? І якое было найбольш яскравае ўражаньне пасьля таго, як Вы наведалі Беларусь?"

Дамброўскі: "Цяжка сказаць, бо ў 80-я гады, калі мне было 6 год я езьдзіў з бацькамі ў БССР. Я гэта ўсё бачыў. Што запомнілася зь дзяцінства? Крамы, ў якіх на жалезных паліцах стаялі сокі ў слоіках і хлеб. Мне падавалася, што нічога болей у крамах няма. Але ўсе цацкі, якія былі дома, яны былі зь Беларусі. Зараз я даволі часта ежджу ў Беларусь. Там у мяне даволі шмат сяброў. Часам нават ня ведаю, як усіх наведаць за адну вандроўку. Калі я ехаў на Новы год, запомнілася сьвяткаваньне і ўспрыманьне гэтага сьвята, як агульнадзяржаўнай падзеі. Перасякаў мяжу на машыне, слухаў радыё. Выхад кожнага ды-джэя пачынаўся са словаў "З Новым годам!" Усе песьні прысьвячаліся Новаму году. Заяжджаю ў Горадню, там вісяць плякаты "З Новым годам". Прыяжджаю ў Менск – тое самае. Усё пасьля апоўначы сядзяць на кухнях. Ёлкі адмыслова ставяць пад Новы год, а не на Каляды. Гэта мяне і ўразіла. Шчыра кажучы, дзіўна".

Карэспандэнт: "Радэк, БАС займаецца арганізацыяй фэсту "Басовішча", вельмі папулярнага фэсту сярод беларускай моладзі. Шмат хто спэцыяльна езьдзіць на гэты фэст зь Беларусі. Але апошнімі гадамі многія крытыкавалі гэты фэст за аднастайнасьць. Маўляў, зь Беларусі едуць гурты толькі аднаго фармату – цяжкая музыка. Ці згодныя Вы з гэтым?"

Дамброўскі: "Я бы не сказаў, што аднаго фармату. Гэта не беларускія гурты. Быў у нас італійскі гурт. Нават загаловак тады ў газэце быў "Італьянава дыска". Быў гіп-гоп – выступаў Кроў і "Чырвоным па беламу". 2 гады таму мы запрасілі нават "Далі", які не прайшоў нават адборачнага туру. Папросту, слухаючы іх музыку, мы захаццелі. Каб такое гучала. Зараз трэба вырашыць пытаньне, ці гэта будзе рок-фэст, ці гэта будзе фэст музыкі малады беларусаў. Ёсьць прыхільнікі, каб гэта застаўся рок-фэст, але ёсьць і такія, якія хочуць нешта мяняць. А галоўныя гледачы – гэта моладзь. Мы ня хочам жортска мяняць фармат фэсту, але хочам, каб на Басовішча прыяжджалі розныя гурты, і гучала музыка: гіп-гон, цяжкі рок, ска. Наконт таго, што дамоўна выказваліся людзі пра Басовішча, зразумела. Я крытыку ўспрымаю зусім нармалёва. Як так і трэба ўспрымаць і выпраўляць свае памылкі. Толькі часта здараецца, што ў розных артыкулах і выказваньнях на форумах, гэты фэст успрымаюць так, што ён зладжаны адмыслова для моладзі зь Беларусі, што гэта нейкае палітызаваная імпрэза. Гэты фэст ладзіцца галоўным чынам для маладых беларусаў у Польшчы, каб яны маглі паслухаць сваю родную мову, патанчыць пры сваёй музыцы, бо такога мала. Большчасьць мерапрыемстваў, якія ладзяць Беларускія культурніцкія таварыствы ў Беластоку, для людзей старэйшага веку. Там выступаюць народныя калектывы. Тое, што пряжджаюць маладыя людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, гэта крута! Гэта падабаецца ўсім, бо нам сытуацыя ў Беларусі таксама неабыякава. Але ў фэсьце ёсьць ідэя – падтрымка беларускай тоеснасьці маладых беларусаў у Польшчы, падтрымка беларускай мовы і беларускай культуры".

Карэспандэнт: "А чаго можна чакаць ад сёлетнягя фэсту? Якіх зьменаў у фармаце? Які выканаўцаў запросяць не для ўдзелу ў конкурсе, а як гасьцей?"

Дамброўскі: "Ведаем ўжо некаторых, каго запросім, бо бяз некаторых зорак беларускай музыкі, фэст ня можа адбыцца. Шмат людзей чакае такіх зорак, як "Нэўра Дзюбель", "NRM", "Крама". Каго яшчэ будзем запрашаць, зараз вырашаецца. Таксама пачынаем весьці перамовы з партнэрамі зь Беларусі, якія будуць ладзіць адборачны тур у Беларусі. Мы іх хочам уключыць іх у Праграмную раду. Мы хочам атрымаць меркаваньні менавіта беларусаў, каб ведаць, што цікавіць беларусаў, што яны слухаюць".

Карэспандэнт: "З таго, што Вы чулі, чыталі ў апошнія гады, што зь беларускай культуры і літаратуры можа зацікавіць шырокую польскую публіку?"

Дамброўскі: "Музыка становіцца папулярнай у нас на Беласточчыне. У нас адбываецца шмат канцэртаў. Некаторыя канцэрты ладзяць нават палякі, і на іх прыходзяць палякі. На агульнанацыянальных станцыях круцяць беларускія песьні. Зацікаўленьне ёсьць. Няма такога рэцэпту, што можа зацікавіць. Можна толькі пазнаёміцца, дакрануцца да гэтага".
XS
SM
MD
LG