Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ушанаваць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў?


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць На пытаньне тыдня адказваюць жыхары вёскі Лунна Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласьці.

Спадарыня: “Трэба абавязкова ўшаноўваць памяць такіх людзей. Яны пацярпелі ні за што. Абавязкова, на маю думку, трэба ўшаноўваць іхную памяць”.

Спадарыня: “Вядома, людзі пастрадалі ні за што. Гэта, як некалі казалі, самым працавітым людзям у дзяржаве паадсякалі рукі. Я цяпер у сваім узросьце вельмі добра разумею, якая гэта была трагедыя”.

Карэспандэнт: “А вось, да прыкладу, у вашым мястэчку, як можна было б ушанаваць памяць такіх людзей?”

Спадарыня: “Можна было б ці крыж усталяваць, ці якую памятную дошку зрабіць”.

Спадарыня: “Канешне, патрэбна, каб помнік стаяў, каб людзі памяталі й ведалі...”.

Спадар: “Ніхто нічога тут не ўшаноўвае, бо нікога й нічога не абыходзіць”.

Спадар: “Канешне, трэба, каб памяць была. Можна крыж паставіць, а яшчэ лепш – помнік”.

Спадар: “Трэба, каб пра іх памяталі, памяць павінна быць на іх радзіме. І добра было б усталяваць помнік з надпісамі прозьвішчаў, што загінулі за гэтую радзіму”.

Спадарыня: “У нас ёсьць помнік землякам, якія загінулі падчас вайны і ёсьць помнік габрэям, якіх закатавалі падчас вайны. Вось і ўсё”.

Карэспандэнт: “Вы лічыце гэтага дастаткова?”

Спадарыня: “Так, думаю, дастаткова”.

Спадарыня: “Павінна быць спэцыяльнае месца, павінен быць помнік, бо ў наш час ёсьць шмат людзей, якія не шануюць гэтага, а памяць аб людзях трэба абавязкова ўшанаваць і каб нашы нашчадкі аб гэтым таксама ведалі”.

Спадар: “Хто яго ведае, так цяжка нешта сказаць. Паглядзіце, колькі гадоў мінула пасьля вайны, а толькі нядаўна ўсталявалі помнік закатаваным габрэям. А сваім людзям... лічаць, што гэта непатрэбна”.

Карэспандэнт: “А вы як лічыце?”

Спадар: “Я лічу, што патрэбна. У нас у мястэчку такіх людзей можа было няшмат, але вось па дарозе, калі едзеш да Стральцоў, то там усе хутары былі сасланыя ў Сыбір. Усе, без выключэньняў”.

Спадар: “Трэба, напэўна, ушаноўваць памяць людзкую. Трэба помнік ім паставіць. Усякім дзеячам дык ставяць, ім можна, а вось простым людзям, якія загінулі – нельга? Ім таксама трэба помнік”.
XS
SM
MD
LG