Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка – пра санкцыі ЗША і сустрэчы дэлегацыі дэмсілаў у Вашынгтоне


Алесь Дашчынскі, Менск Цягам сёньняшняга дня дэлегацыя беларускай апазыцыі сустракаецца ў Вашынгтоне з былым амбасадарам ЗША ў Беларусі Майклам Козакам, які цяпер адказвае за пытаньні дэмакратыі, правоў чалавека і міжнародныя справы ў Нацыянальнай радзе бясьпекі. Таксама заплянаваная сустрэча з рэдакцыйнай радай газэты "Вашынгтон пост".

“Санкцыі – сьведчаньне пасьлядоўнай, незалежнай ад каньюнктуры лініі ЗША”

Падчас візыту стала вядома, што Дэпартамэнт скарбу Злучаных Штатаў увёў фінансавыя санкцыі супраць яшчэ шасьцёх беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальшаваньне леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і разгон акцыяў апазыцыі. Такім чынам, колькасьць чыноўнікаў, якія патрапілі пад санкцыі ЗША вырасла да 16-ці. Сябра дэлегацыі Вінцук Вячорка сказаў:

“Нас паінфармаваў пра гэта пашырэньне ўчора адказны за эўрапейска-эўразійскія справы ў Дзярждэпартамэнце спадар Дэвід Крэмер. Ён падкрэсьліў, што гэтыя пэрсанальныя санкцыі маюць перадусім палітычны характар. І скіраваныя яны на выкананьне “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”. Так што гэта ёсьць сьведчаньне пасьлядоўнай, незалежнай ад каньюнктуры лініі ЗША, стаўленьня ЗША да антыдэмакратычнага рэжыму, які пануе ў Беларусі”.

Ці можа быць пашыраны гэты сьпіс у будучым? Паводле спадара Вячоркі, гэта залежыць ад амэрыканскага боку:

“Мяркую па ўсім, што калі будзе захоўвацца антыдэмакратычная сытуацыя, калі ня будзе рабіцца ўвогуле ніякіх крокаў для выкананьня хаця б мінімальных дэмакратычных нормаў, то так”.

Прапанавана прыняць зварот ЗША да беларускіх уладаў, аналягічны звароту Эўразьзвязу

Спадар Вячорка заявіў, што амэрыканскі бок чакае ад беларускіх уладаў перадусім вызваленьня палітычных вязьняў, рэальнай свабоды мас-мэдыяў, спыненьня перасьледу грамадзкіх і палітычных актывістаў, а таксама дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і г.д. Паводле спадара Вячоркі, тут патрабаваньні ЗША і Эўразьвязу нічым не адрозьніваюцца, і гэта падкрэсьлілі ў Дзярждэпартамэнце.

Вінцук Вячорка назваў пашырэньне пэрсанальных санкцый нармальнымі крокамі, якія не скіраваныя супраць беларускага народу і беларускай дзяржаўнасьці. Але, зь іншага боку, ён лічыць патрэбнай больш разбудаваную пазытыўную праграму:

“На сустрэчы ў Дзярждэпартамэнце я агучыў прапанову распрацаваць плян, зварот, аналягічны звароту Эўразьвязу, Эўрапейскай камісіі. У ім акрамя пераліку патрабаваньняў дэмакратызацыі ўтрымліваліся б таксама сьведчаньні дапамогі, гатоўнасьць аказаць канкрэтную практычную дапамогу эканоміцы і беларускай дзяржаве. І гэтая прапанова была сустрэта з цікавасьцю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG