Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія аднапакаёўкі ў лютым падаражэлі на 10—15 тысяч даляраў


Радыё Свабода Ад пачатку лютага кошт жыльля ў Менску падвысіўся ў сярэднім на 20% за квадратны мэтар. Асабліва падаражэлі адна- і двухпакаёвыя кватэры — на 10—15 тысяч даляраў. Цяпер сярэдняя менская аднапакаёўка каштуе каля 60 тысяч даляраў

Валянціна Зянько жыве ў аднапакаёўцы ў адным з інтэрнатаў Беларускай чыгункі разам з сынам-падлеткам. У чарзе на пабудову ўласнага жыльля стаіць ужо сямнаццаць гадоў, але ня пэўная, ці адолее нават ільготнае будаўніцтва кватэры.

“Як будавацца буду — ня ведаю. Нават, калі чарга падыдзе. Кошты растуць штодня, працую ў паліклініцы і жыву ад заробку да заробку. Палова інтэрнату, дзяўчаты, адмаўляюцца ад будаўніцтва і працягваюць жыць у гэтых маленькіх пакойчыках зь вялікімі дзецьмі. Бо няма грошай”, — кажа Валянціна Зянько.

Адначасна колькасьць новабудоўляў меншае, і гэта ёсьць адной з прычынаў павелічэньня кошту як на першасным, так і на другасным рынку жыльля. Асабліва гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася напрыканцы мінулага году, кажа рыелтэр агенцыі “Нерухомасьць і закон” Ірына Нічыпаровіч:

“У зьвязку з новым указам прэзыдэнта аб долевым будаўніцтве, вельмі многія будаўнічыя арганізацыі не заключаюць дамовы з грамадзянамі-інвэстарамі. Бо дзяржава дыктуе свае кошты, але калі паводле іх будаваць, то гэта нявыгадна будаўнікам. Атрымоўваецца, што трэба працаваць сабе на страту”.

Адзін квадратны мэтар у менскай аднапакаёўцы сёньня каштуе 1900 даляраў. У чатырохпакаёўцы — 1600. Яшчэ адной прычынай росту коштаў сталася актывізацыя пакупнікоў зь пераліку грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, кажа спадарыня Нічыпаровіч.

“Паводле дзейнага заканадаўства, грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі маюць права набываць жыльлё на тэрыторыі нашай краіны без абмежаваньняў. І статыстыка паказвае, што вельмі многія расейцы скупляюць жыльлё на нашым рынку”.

Але галоўнай прычынай росту коштаў на менскія кватэры стаўся беларуска-расейскі эканамічны канфлікт, перакананы старшыня рады Асацыяцыі беларускай нерухомасьці Мікалай Прасталупаў:

“Беспрэцэдэнтны выпадак. І такое адбылося, калі пайшлі вось гэтыя “разборкі” з расейцамі. Калі пачалі палохаць падаражэньнем энэрганосьбітаў, цэмэнту, бэтону і гэтак далей. Гэта ўвогуле ні ў якія рамкі, ні ў якія вароты ня лезе ў параўнаньні зь сярэднім заробкам звычайнага працоўнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.

Паводле спадара Прасталупава, з-за высокіх коштаў пакупнікі ўсё часьцей сталі адмаўляцца набываць прапанаваныя кватэры.

У 2002 годзе адзін квадратны мэтар жыльля ў Менску каштаваў 325 даляраў, у 2003-м — 378 даляраў, праз год ужо 520 даляраў, у 2005-м — 680 даляраў, а летась — 1034 даляры. Сёньня — ад 1600 да 1900 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG