Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура папярэдзіла незалежную газэту “Ганцавіцкі час”


Вячаслаў Кулік, Менск Ганцавіцкая раённая пракуратура вынесла папярэджаньне незалежнаму выданьню “Ганцавіцкі час”. Сёлета газэта пазбавілася магчымасьці падпіскі праз “Белпошту” і продажу ў “Белсаюздруку”, у дзяржаўных і прыватных крамах.

Пракурор Ганцавіцкага раёну Сяргей Замара тлумачыць, за якія парушэньні журналісты “Ганцавіцкага часу” атрымалі папярэджаньне.

Замара: “Нам напісаў старшыня выбарчай камісіі пра тое, што ім былі прадстаўленыя зьвесткі, але журналісты апублікавалі крышку не такія. Вось і ўсё”.

Карэспандэнт: “Яшчэ адно такое папярэджаньне і што? Можна закрываць газэту?

Замара: “У прынцыпе, ужо можна ставіць такое пытаньне”.

Сёлета наклад «Ганцавіцкага часу» вырас на 500 экзэмпляраў і дасягнуў трох тысяч. Супрацоўнікі незалежнага выданьня арганізавалі ў райцэнтры і вёсках альтэрнатыўную падпіску і дастаўку на дом. Рэдактар Пятро Гузаеўскі:

Гузаеўскі: “Я лічу, што на ўзроўні нашай пракуратуры, якая чамусьці больш робіцца галіной выканаўчай улады, адбываецца ціск на газэту, каб прыпыніць яе выхад. Чыноўнікам не падабаецца рост накладу. Яны імкнуцца зьбіць тэмп, які газэта пачала набіраць. Людзі больш сталі ёй цікавіцца і менш баяцца. Гэта ўладу палохае”.

Паводле ацэнкі Беларускай асацыяцыі журналістаў, “Ганцавіцкі час” для многіх мясцовых жыхароў стаў ледзьве не адзінай інстанцыяй, куды можна зьвярнуцца і атрымаць дапамогу ў вырашэньні нейкіх праблем ці рэалізаваць права на свабоду слова. Гаворыць юрыст БАЖу Андрэй Бастунец:

Бастунец: “У абласную пракуратуру накіраваны зварот зь заклікам зьвярнуць увагу на тое, што адбываецца ў Ганцавіцкім раёне. А калі абласная пракуратура не адрэагуе, то зьвернемся ў Пракуратуру Беларусі. Бо ўсё ж такі трэба прытрымлівацца ня волі кіраўнікоў выканкаму, пракурору трэба прытрымлівацца літары і духу закона”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG