Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: як трэба ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёлета – 70-я ўгодкі кульмінацыі сталінскага тэрору. З гэтай нагоды беларуская грамадзкасьць гэты год абвясьціла Годам памяці. Як, на вашую думку, трэба ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў? На гэтае пытаньне адказваюць людзі на вуліцах Горадні.

Малады спадар: “Памятаць гісторыю варта, і трэба паставіць помнік людзям, якіх рэпрэсавалі. Але галоўнае – трэба дбаць, каб такое больш не паўтарылася”.

Спадар: “Думаю, што 70-годзьдзе рэпрэсіяў трэба адзначыць, каб гэтая падзея заставалася ў нашай памяці. Вельмі шмат людзей трапілі пад рэпрэсіі, і ў многіх сем’ях пра гэта памятаюць, у якіх хтосьці так ці інакш пацярпеў. Маё пажаданьне – лепей паставіць помнік, прычым у Менску”.

Спадар: “Абавязкова трэба адзначыць гэтую дату, і лепей паставіць помнік у тых жа Курапатах. Навошта шукаць нешта іншае?”

Сталы спадар: “Лепей паставіць помнік, напрыклад, у Курапатах, і ўсё”.

Сталы спадар, інвалід: “Найлепш, напэўна, праводзіць нейкія мерапрыемствы, каб моладзь ведала аб гэтым. Я хоць зь літаратуры ведаю, што тады чынілася ў краіне. Вось і цяпер чытаю Васіля Гросмана кнігу. А маладыя, вядома, нічога пра гэта ня ведаюць”.

Пажылая спадарыня: “Канечне, трэба адзначаць гэтую гадавіну, бо людзі пацярпелі ні за што. І іхныя нашчадкі жывуць сёньня, і яны памятаюць пра тое, што тады здарылася”.

Спадар: “Вядома, успамінаць аб рэпрэсіях трэба, і таксама варта пабудаваць помнік у Курапатах. Гісторыя ёсьць гісторыя”.

Сталы спадар: “Час розны бывае... А за якія сродкі помнік ставіць? Можа й варта, а можа й... Ня ведаю, бо гэтае пытаньне палітычнае”.

Сталы спадар: “Ведаеце, помнік – справа добрая, але гэта будуць вялікія выдаткі. Хаця народ можа пайсьці насустрач, каб зрабіць такі помнік”.

Ягоны прыяцель: “Я яго падтрымліваю, ён правільна гаворыць. Гэта былі нашыя грамадзяне, мы іх усіх павінны ведаць і памятаць. Вядома, што вайна не закончыцца, пакуль усіх, хто загінуў, не пахаваюць, таксама і з рэпрэсаванымі”.

Малады спадар: “Трэба гэтых людзей ушаноўваць, лепей паставіць помнікі, абы толькі ўлада была згодная”.

Сталы спадар: “Пра такія рэчы трэба заўжды памятаць. Гэта быў кашмар: душылі, ціснулі нявінных людзей, вельмі шмат хто пацярпеў”.

Пажылы спадар: “Мой дзядзька быў старшынём сельскага савету, а ўсё ж яго рэпрэсавалі. Самы лепшы помнік – гэта стварыць нармальнае жыцьцё для тых, хто жыве сёньня. А варушыць мінулае няма сэнсу, гэта нічога не дае. Цяпер вось трэба думаць, каб стварыць такую сыстэму, каб людзі жылі свабодна”.

Гл.таксама: 2007-ы — Год памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1937—2007: ушаноўваць ахвяраў рэпрэсіяў дзяржава ня будзе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG