Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віншаваньні Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну


Ганна Соўсь, Менск Свой 72-і дзень народзінаў Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін сустрэў ў аддзяленьні рэанімацыі шпіталю – ў яго пнэўманія з ускладненьнямі. Паводле лекараў, стан здароўя Рыгора Іванавіча цяжкі, аднак ёсьць паляпшэньне. Сябры і калегі дзядзькі Рыгора віншуюць яго з днём нараджэньня і спадзяюцца хутка пабачыць яго здаровым.

Жонку Рыгора Барадуліна Валянціну Міхайлаўну у суботу не пусьцілі ў аддзяленьне рэанімацыі шпіталя Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, там аб’яўлены карантын. І таму яна з раніцы ля тэлефону – прымае званкі зь віншаваньнямі мужу з усёй Беларусі і суседніх краінаў, а таксама тэлефануе ў шпіталь.

Валянціна Барадуліна: “Тэмпэратура спала. І вось гэтыя паказьнікі, што на розных маніторах, ужо блізкія да нормы. Так лекар сказаў. А я яму запісваю ўсе віншаваньні з Масквы, Віцебску ды іншых гарадоў...”.

А вось што паведаміў “Свабодзе” дзяжурны лекар аддзяленьня рэанімацыі Уладзіслаў Вашко:

“Пакуль што стан здароўя цяжкі. Будзе ў рэанімацыі суботу і нядзелю дакладна. Далей паглядзім”.

Спадар Вашко паабяцаў перадаць дзядзьку Рыгору віншаваньні з днём народзінаў ад Радыё Свабода.

“Я думаю, што ён будзе вельмі рады”, сказаў лекар.

Сёньня сябры Рыгора Барадуліна Ўладзімер Някляеў, Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько-Майсюк, Рыгор Сітніца ды іншыя ідуць у царкву паставіць сьвечкі за здароўе дзядзькі Рыгора, потым да шпіталя, а далей у каго-небудзь дома адзначаць дзень народзінаў сябра.

Колішні старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Уладзімер Някляеў згадвае пра дамову, якая была ў яго з Рыгорам Барадуліным:

“Мы зь ім дамовіліся больш за год таму, што пакуль ён не атрымае Нобэлеўскую прэмію і не скарыстае яе на разьвіцьцё беларускай культуры і на ўкараненьне беларускага слова, ніякіх хваробаў, тым больш ніякіх небясьпечных каб не было. І таму я хацеў бы пажадаць, каб ён, дапусьціўшы зараз гэтую памылку і захварэўшы, больш аніякіх памылак не дапускаў ва ўсякім выпадку да 100-гадовага юбілею. З днём нараджэньня, дарагі Рыгор Іванавіч! Будзь здаровы!”

Зычыць здароўя Рыгору Барадуліну і былая старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга Іпатава.

Іпатава: “Для мяне ён – гэта ўвасабленьне свабоды, той стыхіі паэтычнай, над якой не ўладны ніхто. Ён заўсёды быў вольным, заўсёды, і за савецкім часам вылучаўся сваім складам думак, сваёй абсалютнай раскаванасьцю, сваёй разьняволенасьцю. І таму я б хацела, каб ён і надалей быў такім жа мужным і свабодным духам”.

У паэта Генадзя Бураўкіна ўжо шмат гадоў раніца 24 лютага пачыналася з тэлефоннага віншаваньня Рыгору Барадуліну.

Бураўкін: “Гэтым разам, на жаль, я не магу патэлефанаваць, пагаварыць з дарагім Рыгорам. Тое, што гэта ня проста выдатны, а геніяльны паэт, мы, літаратары, прафэсіяналы, ведаем даўно. Я вельмі хачу зь мілым маім сябрам Рыгорам на гэтай нашай грэшнай, сьвятой беларускай зямлі пажыць яшчэ доўга. Дарагі мой Рыгор! Галоўнае, каб ты быў здаровы, бо я вельмі добра ведаю, як многа ты яшчэ можаш, як многа ты яшчэ не пасьпеў выказаць. Грыша, родненькі мой, жыві!”



Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 г. на хутары Верасоўка ва Ўшацкім раёне. Навучаўся ва Ўшацкай сярэдняй школе, затым на філялягічным факультэце БДУ у Менску. Працаваў рэдактарам у розных пэрыядычных выданьнях (сярод іх – газэта «Советская Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Барадулін – дзейны сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ды беларускага ПЭН-цэнтру (з 1990 да 1999 – ягоны прэзыдэнт), сябра Партыі БНФ і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Рыгор Барадулін – апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта Беларусі (1992). Сярод астатніх узнагародаў ён можа ганарыцца Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады з Гарсія Лёркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны, латыскім Ордэнам Трох Зорак (1995) і мэдалём Францыска Скарыны. Барадулін ёсьць таксама Ганаровым доктарам БДУ й ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёну. У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).



Гл.таксама:

Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну – 72 гады Рыгор Барадулін у рэанімацыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG