Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа за 6 лютага


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне, з вамі Севярын Квяткоўскі, разам блукаем у беларускім сеціве.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра акцыю “Беларусь – у Эўропу”, заплянаваную на 14 лютага. Гэта ўжо будзе 10-я палітычная акцыя, якая ладзіцца ў Менску на Дзень закаханых. Камэнтары: “АМОН зладзіць свае конкурсы – на лепшы ўдар дубінкай, на самае хуткае затрыманьне, на самы доўгі тэрмін затрыманьня”; “Сьвята зусім не палітычнае. Навошта яны ладзяць сваю акцыю менавіта ў Дзень закаханых? Не разумею”; “Моладзь зьвяртае на сябе ўвагу Эўропы. Кажа – мы не супраць вас, мы вас ТАКСАМА любім”.

На старонцы інтэрнэт-суполкі “Трэці шлях” ананімны аўтар іранізуе з артыкулу карэспандэнта расейскай газэты “Маскоўскі Камсамолец” Алега Папова, які мяркуе, што стварэньне Ўкраінскае дзяржавы – вялікі антырасейскі праект Захаду. Камэнтары: “Самай Вялікай Антырасейскай Змовай Захаду ёсьць, вядома ж, беларуская змова”; “Спадару прафэсар! Каму, як не Вам вядома, што беларусы - антылітоўскі праект Азіі! Яны гатавалі глебу, каб забраць брэнд ВКЛ для свайго праекту "Вольныя Камяньшчыкі Ленінграду"...

У сеціве актыўна абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што лідэр гурту “NeuroDubel” Аляксандар Кулінковіч перанёс востры сардэчны прыступ. Вось водгукі з сайту “Наша Ніва” : “Аляксандар, ТРЫМАЙСЯ! Ты вельмі патрэбны беларукай справе!!!”; “На жаль гэта часьцей за усё адбываецца з добрымі людзьмі”; Дзядзя Саша, давай папраўляйся хутчэй! Кушай вітамінкі. І чаму ты не сказаў, у якім ты шпіталі? Мы б табе прывезьлі ўсялякае садавіны ці яшчэ чаго там. Мы цябе вельмі чакаем!!!”

У беларускім сеціве зьявілася інтэрнэт-тэлевізія “Гіт-ТВ” . Стваральнікі абяцаюць выстаўляць на старонцы відэа з навінамі, жартамі, музыкай, а таксама прыватныя блогі, зробленыя з дапамогай відэакамэры. Сярод першых трох дзясяткаў ролікаў два – прысьвечаныя прэзыдэнту Лукашэнку. Адзін – той, што можна было пабачыць па дзяржаўнай тэлевізіі перад апошнімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Другі створаны зь лепшых момантаў гульні беларускай зборнай па хакеі, якая перамагла швэдаў на Зімовай алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці ў 2002. А сярод лідэраў ролік з назвай “Чаму Беларусь не жадае, і ніколі ня ўступіць у склад Расеі?”. У роліку адзін шахтар тлумачыць журналістцы, чаму пачаўся страйк на прадпрыемстве, а ў яго за сьпіной хістаецца другі – абсалютна п’яны:

Рабочы: “Мы выйшлі, бо нам паўгады ня плацяць. Увесь час падманваюць”.

Краіна, год і месца, дзе зробленая стужка “Гіт-ТВ” не пазначае.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266 39 52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG