Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым закончылася беларуска-расейская нафтагазавая вайна?


Валер Карбалевіч, Менск Перадача сэрыі “Праскі акцэнт”. Эфір 14 студзеня.

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў, рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі зь Менску і палітычны аглядальнік нашага радыё Юры Дракахруст з Масквы.

Валер Карбалевіч: "Беспрэцэдэнтны нафтагазавы беларуска-расійскі крызыс нарэшце закончыўся. Прэзыдэнты і ўрады дзьвюх краін дамовіліся. Але эканамічны і палітычны рэзананс гэтага канфлікту будзе яшчэ доўга адчувацца.

Найперш турбуе пытаньне наконт прычын, падстаў гэтага крызысу. Ініцыятарам абвастрэньня двухбаковых дачыненьняў стаў Менск. Рашэньне пра ўвядзеньне мыта на транзыт расейскай нафты было адкрытай правакацыяй, крокам да эскаляцыі канфлікту. Што гэта было? Інструмэнт ціску на Расею? Ці сродак доказу сілы беларускага кіраўніка?"

Андрэй Фёдараў: "Па-першае, я адасобіў бы нафтавы і газавы канфлікты. Дамова па газе была заключана да Новага году і аказалася для Беларусі не такой дрэннай, як чакалася. І тут паўстае пытаньне: чаму здарыўся нафтавы канфлікт, калі пра газ дамовіліся?

Справа ў тым (гэта, дарэчы, казаў і Лукашэнка), што Расея адклала разгляд пытаньня пра нафту на няпэўны тэрмін, бо ў іх былі доўгія канікулы. І да перагляду пастановы расейскага ўраду пра нафтавае мыта яны працягвалі дзейнічаць. Беларусь нафты не купляла, і так доўга заставацца не магло. Гэтая сытуацыя, умоўна кажучы, узарвала кіраўніка Беларусі, і было ўведзена тое не зусім зразумелае транзытнае мыта. Хоць, калі казаць шчыра, кожная краіна мае права ўводзіць любое мыта. Але ў такім выпадку трэба чакаць пэўных дзеяньняў у адказ".

Юры Дракахруст: "Не пагаджуся з сп. Фёдаравым, што варта падзяляць газавае і нафтавае пытаньні. На мой погляд, палітычна тып і стыль паводзін былі аднолькавымі.

Думаю, разьлік Лукашэнкі пры ўвядзеньні транзытнага мыта быў такі: у любым выпадку Беларусі давядзецца плаціць істотна больш — і па газе, і па нафце, а гэта так ці інакш адаб’ецца на жыцьцёвым узроўні насельніцтва. Далей яно адаб’ецца на стаўленьні людзей да ўлады. Дзеля ж таго, каб кампэнсаваць такую зьмену, можна ўсё зрабіць у сымбалічнай плашчыні. Трэба было прапанаваць людзям вобраз моцнага, дужага кіраўніка, мужыка, які гэтых "пацаноў" з Крамля ганяе, як хлопчыкаў. І так было зроблена. Пагадненьне па газе цягнулі да апошняга — і падпісалі ў апошнія хвіліны старога году. Увядзеньне мыта – таксама адказ Маскве. Можа, нехлямяжы, скандальны... І калі празь нейкі час людзі адчуюць цяжкасьці, атрымаюць новыя жыроўкі, яны згадаюць: "Вось наш — які арол!"

Аляксандар Класкоўскі: "Найперш нагадаю: Лукашэнка казаў, што газавае і нафтавае пытаньні трэба разглядаць у адным пакеце. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што даў згоду на падпісаньне невыгоднага пагадненьня па газе, бо прэм’ер Расеі Фрадкоў паабяцаў недзе кулюарна, быццам узамен вырашыцца пытаньне з нафтай.

І гэта быў маральны грунт пад экстрэмальныя форсмажорныя дзеяньні Менску: маўляў, расейцы паабяцалі — і ня выканалі, п’юць гарэлку ў сьвяты.

Таму я схільны лічыць, што ўвядзеньне гэтага мыта быў выключна піярскім крокам дзеля свайго электарату. Ніхто ўсур’ёз ня верыў, што Расея сапраўды будзе плаціць гэтыя 45 даляраў за тону транзытнай нафты.

Лукашэнка ведаў, што Расея гатова на кампраміс, а таму трэба трошкі яе падштурхнуць. І вонкава ўсё выглядала эфэктна: мы зрабілі "круты" крок, паставілі "крамлёўскіх" на месца — і Масква саступіла. А цяпер беларускія дзяржаўныя мэдыі кажуць, што пагадненьне падпісана на беларускіх умовах. Насамрэч гэта зусім ня так.

Гэта клясычны выпадак, калі аднаму з бакоў няма чаго траціць. Расея пацярпела вялікія страты. Прычым, найперш не матэрыяльныя, а іміджавыя. А беларускі імідж такі, што яго ўжо цяжка сапсаваць".

Карбалевіч: "Больш за тое, Лукашэнка нават нешта набыў. Напрыклад, на некалькі дзён трапіў у цэнтар увагі ўсясьветных мэдыяў. Але вось як падзеі разьвіваліся далей. Калі беларускі ўрад уводзіў мыта на транзыт расейскай нафты, то пазыцыя Беларусі была такая: мы гатовы адмяніць гэтае рашэньне пры ўмове, што ўрад Расеі адменіць сваю пастанову аб увядзеньні нафтавага мыта пры экспарце нафты ў Беларусь. Аднак Масква вылучыла свой ультыматум: спачатку Беларусь адмяняе сваё рашэньне, і толькі потым пачнуцца перамовы пра адмену пастановы ўраду Расеі. Беларусь саступіла. Чаму?"

Фёдараў: "Патрапіўшы ў цэнтар увагі ўсясьветных мэдыяў, Беларусь атрымала славу Герастрата. Я ня ўпэўнены, што гэта й было мэтай беларускага кіраўніцтва.

Чаму Менск саступіў ультыматуму Масквы? Таму што ультыматуму спадарожнічала спыненьне транзыту нафты ў Эўропу. Акрамя таго, Расея пагражала ўвесьці мыта на імпартную беларускую прадукцыю. А гэта прывяло б да велізарных страт. Таму Лукашэнка ахвяраваўся іміджам, пайшоў на саступкі".

Дракахруст: "Эфэкт моцнага палітыка Лукашэнкі спрацаваў бы, калі б Расея паводзіла сябе так, як меркавалі ў Менску. Каманда Лукашэнкі лічыла, што ў Крамлі сядзяць прагматыкі, якія, умоўна кажучы, за капейку задушацца. Таму пасьля ўвядзеньня Беларусьсю транзытнага мыта расейцы, маўляў, будуць плявацца, але доўжыць качаць нафту, аддаючы даніну Беларусі.

У мяне тут паўстае гістарычная аналёгія, як у 1961 годзе Хрушчоў завёз на Кубу ядзерныя ракеты, палічыўшы, што амэрыканскі прэзыдэнт Кенадзі, слабак, малады, ня пойдзе на рызыку ядзернай вайны і "зьесьць" гэты ход СССР. А калі высьветлілася, што прэзыдэнт не такі ўжо слабак і гатовы ісьці на такую рызыку, Хрушчоў адступіў. Праўда, савецкі народ пра гэтую саступку ня ўведаў: дзейнічала прапаганда.

Так і цяпер вобраз моцнага палітыка Лукашэнкі беларускай прапагандзе даводзіцца ляпіць з дапамогай хлусьні. Бо Беларусь насамрэч нічога ня выйграла: моцны нарваўся на няменш моцнага".

Карбалевіч: "Можа, калі б Беларусь не ўвяла гэтага мыта і не раззлавала Крамля, вынікі перамоў у Маскве аказаліся б для беларусаў больш выгоднымі? Але гэта дыскусійнае пытаньне".

Класкоўскі: "Сапраўды, пытаньне пра тое, ці магла б Беларусь пры іншых паводзінах выгандляваць больш, дыскусійнае. Магчыма, наадварот, пад уплывам такіх радыкальных крокаў Менску Масква зразумела, што ня трэба перагінаць кій. Бо хоць Беларусь і ня мае рэсурсаў для зацяжной вайны, але нашкодзіць можа нямала.

Што тычыцца вэрсіі для свайго электарату, то нават адступленьне падаецца ў выйгрышным сьвятле. Яшчэ пасьля падпісаньня газавых кантрактаў гучаў матыў высакароднасьці: маўляў, мы, з аднаго боку, выратавалі імідж "Газпрому" Расеі, а з іншага боку, уратавалі Эўропу ад замярзаньня. Тое ж самае гучыць і цяпер".

Карбалевіч: "Цяпер пра пагадненьне, дасягнутае ў Маскве 12-га студзеня. Як можна пракамэнтаваць? Хто тут больш выйграў?"

Фёдараў: "Найперш хачу адзначыць, што інфармацыя беларускай тэлевізіі пра гэтае пагадненьне не адпавядала рэчаіснасьці. Там прагучала паведамленьне, што Расея забірае мыта памеру 53 даляры з тоны нафты пры паступленьні ў Беларусь. А потым мыта зь беларускага экспарту прадуктаў нафтаперапрацоўкі за мяжу дзеліцца ў прапорцыі 70% на 30% у 2007 годзе і так далей. Насамрэч гэта ня так. Лічба 53 даляры – гэта й ёсьць той расейскай доляй 70%, якая здымаецца з экспарту нафтапрадуктаў.

Хто выйграў? Расея настойвала на прапорцыі 85% на 15% на сваю карысьць. Беларусь патрабавала падзяліць 50% на 50%. Тое, што ў выніку атрымалася, недзе пасярэдзіне. Калі прыгадаць, што Расея ў аднабаковым парадку ў сьнежні увяла мыта 180 даляраў за тону, то цяперашняя сытуацыя – значны крок на карысьць Беларусі. Таму гэты кампраміс на першы год, можа, больш выгодны Беларусі. Але потым становішча будзе ўскладняцца".

Карбалевіч: "Хачу нагадаць такі цікавы нюанс. Па НТВ прагучала, што, нібыта, на падпісаньне пагадненьня зьбіраўся ехаць сам Лукашэнка. Чаго? Каб засьведчыць сваю перамогу над Расеяй? А як убачыў, што гэтае пагадненьне перамогай назваць цяжка, адмовіўся ад паездкі? Ці тут нешта іншае?"

Дракахруст: "Раскажу анэкдот. Пасьля вайны ў СССР змайстравалі аўтамабіль "Победа" і паказалі Сталіну. Той паглядзеў і сказаў: "Победа, но небольшая".

Падаецца, што мы назіраем штосьці падобнае. Напярэдадні ў беларускай амбасадзе ў Маскве мне дакладна казалі, што Лукашэнка зьбіраецца прыехаць. І адмена гэтай паездкі сьведчыць пра тое, што "победа небольшая".

Што тычыцца грошай, то, паводле гэтага пагадненьня, расейскі бюджэт атрымае 1 мільярд даляраў . І, адпаведна, гэта ёсьць стратамі беларускай эканомікі.

Зьвяртаю увагу, што і пагадненьні 31 сьнежня, і пагадненьне 12 студзеня фактычна азначаюць адмову ад ранейшых саюзных дамоўленасьцяў. Яны такія адаптацыйныя для Беларусі. Але гэта адаптацыя да рынкавых умоў".

Класкоўскі: "Прэфэрэнцыі Расеі будуць усё меншымі. Але Масква ня хоча адразу валіць Беларусь у пыл. Бо эканамічныя забурэньні ў нас не на карысьць самой Расеі. Нам давядзецца вучыцца жыць з улікам сродкаў".

Карбалевіч: "Якія ўрокі беларуска-расейскай газавай і нафтавай вайны? Што яна паказала? Якія высновы можна зрабіць? Які сьлед на беларуска-расейскіх дачыненьнях пакіне гэты крызыс?"

Фёдараў: "Гэта ня першы, але найбольш цяжкі крызыс, што мелі месца ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Можна прыгадаць: за Ельцыным быў скандал у зьвязку са "справай Шарамета". Пазьней, пры Пуціне ўжо, было адключэньне газу ў 2004 годзе. Але ўсё гэта не ідзе ні ў якае параўнаньне з тым, што адбылося цяпер.

Ужо цяжка казаць пра існаваньне саюзнай дзяржавы. Хоць і цяпер кіраўнікі парлямэнтаў Грызлоў і Канаплёў сьцьвярджаюць, што яна разьвіваецца. Але, мусіць, інакш яны казаць ня могуць.

Гэтае пагадненьне азначае вывядзеньне вялікай долі гандлю з рэжыму Мытнага зьвязу. Яшчэ больш сапсаваны адносіны між лідэрамі. Але мяне цікавіць адно пытаньне. На тым вядомым паседжаньні 3 студзеня Лукашэнка даў загад падлічыць усё, за што Расея нам дасюль ня плаціць і за што мусіць цяпер заплаціць. Ці адменены гэты загад? Як будзе разьвівацца сытуацыя з расейскімі вайсковымі аб’ектамі ў Беларусі, зь зямлёй пад газаправодам?"

Дракахруст: "Тут ужо казалі пра беспрэцэдэнтнасьць гэтага канфлікту. У зьвязку з гэтым крызысам я прачытаў у расейскай газэце спасылку на словы незабыўнага Чарнамырдзіна: "Ніколі такога не было і раптам — на табе, ізноў". Тут адбылося нешта падобнае.

Ідэя саюзу памірае. І справа ня толькі ў гэтых эканамічных дужаньнях. І ня ў тым, што літара гэтых саюзных дамоў фактычна мёртвая. Але ў тым калясальным аб’ёме бруду, які абодва бакі вылівалі на галовы адзін другому. Думаю, што абвінавачаньні Расеі ў імпэрыялізме, хцівасьці, драпежніцтве, якія агучвалі беларускія дзяржаўныя мэдыі, адкладуцца ў сьвядомасьці людзей. Пра гэта сьведчыць і прэцэдэнт газавай вайны 2004 году. Таму пэўнага кшталту разьвітаньне з Расеяй будзе адным з наступстваў гэтага крызысу".

Класкоўскі: "Кожны з удзельнікаў гэтай драматычнай гісторыі мусіць зрабіць свае высновы. Для беларускіх уладаў урок палягае ў тым, што трэба актыўней шукаць нейкія энэргетычная альтэрнатывы. Прычым, рэальныя, а не экзатычныя кшталту Вэнэсуэлы. Затым трэба перабудоўваць гаспадарку, каб яна была энэргаёмістай. Тут паўстае пытаньне пра эканамічныя рэформы.

Што тычыцца апазыцыі, то трэба рыхтаваць кансалідаваную пазыцыю па такіх актуальных для грамадзтва пытаньнях. Бо гэтага не было. Для чаго, напрыклад, створаны ценявы ўрад у апазыцыі?

Гэта момант ісьціны й для беларускай нацыі. Цяпер нават далёкім ад палітыкі абываталям зразумела, што гуляць у нейкія гульні з імпэрыяй нельга. Таму што імпэрскае нутро вылазіць наверх. Напрыклад, пад размовы аб пераходзе да рынкавых дачыненьняў расейскі амбасадар у Беларусі Сурыкаў казаў: маўляў, калі ня хочаце рынкавых цэнаў, то яднайцеся з Расеяй".

Карбалевіч: "Пасьля падпісаньня гэтага пагадненьня ўжо зразумела, з чым уступае Беларусь у 2007 год, якія страты церпіць беларуская эканоміка. Як гэта паўплывае на сацыяльна-эканамічную палітыку, палітычную сытуацыю ў краіне?"

Фёдараў: "Безумоўна, жыць стане цяжэй, чым цягам двух прамінулых гадоў. З розных падлікаў, сумарныя страты па газе і нафце складуць каля 2 мільярдаў за бягучы год. Гэта недзе каля 5% бюджэту А далей страты будуць большымі. Будзе нарастаць незадаволенасьць насельніцтва. Апазыцыя будзе спрабаваць выкарыстаць гэтую незадаволенасьць, а таму рэпрэсіі стануць больш суровымі. Але ўдар па эканоміцы цяпер яшчэ недастаткова моцны, каб змусіць улады ісьці на рэформы. Думаю, спачатку ўлады пойдуць шляхам мабілізацыйнай эканомікі".

Карбалевіч: "У гэтым годзе сытуацыя ў эканоміцы яшчэ ня будзе крытычнай. А вось наступныя гады будуць больш цяжкімі. То бок 2007 год будзе часам абдумваньня сытуацыі, каб прыняць нейкія стратэгічныя рашэньні на пэрспэктыву".

Дракахруст: "Тут яшчэ пытаньне: ці разьвязаўся крызыс? Сп. Фёдараў прыгадаў загад Лукашэнкі падлічыць усё, чым Расея тут карыстаецца бясплатна, і выставіць рахунак. Можа, гэты загад яшчэ будзе выкананы.

З іншага боку, можна вярнуцца да аналягічнай заявы Пуціна: палічыце усе прэфэрэнцыі, якія мы даём Беларусі, і таксама выстаўце рахунак. І, дарэчы, нічога не вядома: ці дамовіліся бакі па цукры? Так што тут яшчэ шмат схавана бомб, якія могуць разарвацца бліжэйшым часам.

Але ўвогуле новая сытуацыя – гэта вялікі выклік беларускай эканоміцы. Трэба нешта мяняць. Гэта кропка раздарожжа, на якім давядзецца вырашаць, куды ісьці.

Калі ня будзе рэформ, ня будзе руху на Захад. А значыць — ня будзе на што абаперціся. Тады канфрантацыя на ўсе бакі будзе весьці краіну шляхам Паўночнай Карэі.

Ува ўнутранай палітыцы будуць рэпрэсіі. І гэта пацьвярджаецца падзеямі апошніх дзён: некага з апазыцыянэраў увесь час затрымліваюць. То бок крэпасьць у аблозе выяўляе й адпаведныя норавы".

Класкоўскі: "Першая выснова: інтэграцыйны праект у ранейшым выглядзе фактычна пахаваны. Тут казалі пра эканамічныя страты, якія мусіць цярпець Беларусь ад рынкавых стасункаў з Расеяй. Але гэта можна разглядаць і як унёсак ува ўмацаваньне незалежнасьці краіны. Усе краіны плацілі за незалежнасьць. Да прыкладу, летувісы ці латышы зрабілі гэта раней. Трэба вучыцца жыць з улікам сродкаў, а не спадзявацца на вялікую суседку.

Другое. Перад беларускімі ўладамі акрэсьлілася выразная альтэрнатыва: альбо аўтаркія, альбо рэформы. Цяжка спадзявацца на рэформы, але й давесьці краіну ў цэнтры Эўропы да варыянту “чучхэ” таксама нерэальна.

Таму трэцяя выснова. Нешта павінна зрушыцца: ці ў кірунку зацісканьня шурупак, ці ў кірунку, няхай і непасьлядоўнай, лібэралізацыі. Можна казаць, што ў жыцьці Беларусі пачынаецца якасна новы этап, наступствы якога нам яшчэ належыць убачыць".

Карбалевіч: "Такім чынам, закончыўся самы востры канфлікт між Беларусьсю і Расеяй за ўвесь час незалежнага існаваньня дзьвюх дзяржаў. Ён стаў лягічным вынікам саюзьніцкіх дачыненьняў. Пачынаецца новы этап іх разьвіцьця, пераход да рынкавых умоў гандлю, эканамічных адносін. І адначасна, верагодна, гэта пачатак новага этапу ў разьвіцьці Беларусі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG