Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аблога 5 студзеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Аблога беларускага інтэрнэту.

Расейскае інтэрнэт-выданьне “Русский Журнал”, якім кіруе расейскі палітоляг Глеб Паўлоўскі публікуе артыкул пад назвай “Дык вы вызначыцеся, Аляксандар Рыгоравіч!”. На думку аўтара публікацыі Паўла Даніліна, Расея не вядзе зь Беларусьсю аніякай вайны: ані эканамічнай, ані палітычнай. Праблему ўзаемаадносінаў аўтар бачыць у тым, што Беларусь ня можа акрэсьліць вэктар разьвіцьця. “Галоўнае патрабаваньне Расеі да Беларусі вызначыцца – альбо яна імкнецца стаць часткай агульнай Саюзнай дзяржавы, альбо яна нацэленая на сувэрэннае, незалежнае існаваньне. У першым выпадку трэба прадэманстраваць гатоўнасьць да таго, каб стацца гэтай часткай. У другім – неабходна спыніць пхнуць у твар Расеі паперку з надпісам “Саюзная дзяржава”, і спыніць выпрошваць у Масквы падачкі”.

Электронная газэта “Ежедневник” публікуе падборку водгукаў карыстальнікаў інтэрнэту на беларуска-расейскі эканамічны канфлікт: “Асабліва прагінацца перад масквічамі нельга, але і перагінаць палку ня варта. Самае галоўнае, каб Лукашэнка ня стаў захапляцца пагрозамі, а то мы на ўласным гарбу паспытаем крах беларускага эканамічнага цуду”; “Крэмль пазбавіўся адзінага саюзьніка. Рэфэрэндум цяпер можна праводзіць. 83% грамадзянаў будуць супраць саюзнай дзяржавы. Усе заводы трэба закрыць, усім грамадзянам плаціць дапамогу 200 даляраў з мыта за транзыт нафты і газу. А закрытыя заводы акурат прынясуць мільярдныя прыбыткі дзеля ашчаджэньня энэргіі”; “Рана радавацца, альбо засмучацца. У гэтай гульні яшчэ ня ўсе карты раскрытыя. Хацелася б памыліцца, але баюся, што казыроў у нас больш няма”.

На форумах інтэрнэт-старонкі “Наша Ніва” абмяркоўваюць допіс аглядальніка Аляксандра Класкоўскага пра разыходжаньне лідэраў афіцыйнай апазыцыі да правядзеньня Другога Кангрэсу дэмакратычных сілаў. “Самае ж сумнае тое, што кааліцыя канчаткова распаўзаецца па швах у той момант, калі перад апанэнтамі ўлады ў кантэксьце двубою Лукашэнкі з Масквой абмалёўваецца пэрспэктыўная ніша”, – піша Аляксандар Клаўскоўскі. Водгукі наведнікаў сайту: “Увогуле, калі Мі (Мілінкевіч) не скарыстаецца момантам і не “страсе” зь сябе ўсіх гэтых паразытаў, дык згубіць усе рэшткі даверу”; “Сп.Класкоўскі, ну дзе Вы бачыце ўладную крызу? Калхозьнікі, калі што ў чарговы раз перашыхтуюцца. Яны ж усьведамляюць сябе як уладную карпарацыю. Пэрманэнтнае бязладзьдзе і змаганьне мяжсобку паказвае духоўную нясьпеласьць. А неразуменьне гэтай публікай мэтаў улады – адсутнасьць усьведамленьня ідэала Свабоды”.

У байнэце абмяркоўваюць гіп-гоп-паэму пад назвай Zianon-Hop, апублікаваную ў блогу pod_koksom . Тэкст напісаны па-расейску зь беларускімі цытаваньнямі, дзе аўтар уяўляе вяртаньне на радзіму Зянона Пазьняка. Некаторыя крытыкуюць паэму за ўжываньне ненармаванай лексыкі, але большасьць успрымае на “ўра!”. Зянон Пазьняк паўстае ў тэксьце звышгероем, які ладзіць расправу як з афіцыйнай уладай, гэтак з афіцыйнай апазыцыяй. Літаратарка Марыйка Мартысевіч камэнтуе: “Гэта безумоўны Зянон-хіт. Якому проста наканавана стаць у 2007 годзе Зянон-стайлам. Бо ў нашы дні, калі і можна гаварыць пра Зянона, то толькі матам і ў рыфму. Вельмі б хацелася неяк дапамагчы аўтару, але вэрсыфікацыя - усё, што я ўмею - ужо зробленая. Застаецца хадзіць па андэграўндзе ў пошуках (не)адмарожаных эмсі, згодных запісаць сынгл”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266 39 52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG