Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 2 студзеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by гэтымі днямі шмат гавораць пра новыя кошты на газ і ўвогуле пра беларуска-расейскія дачыненьні. Так, на галінцы Навагодняя эканамічная тэорыя нехта Junior-jan выкладае наступнае: “Паводле некаторых падлікаў, датацыі Расеі беларускай эканоміцы, за кошт цаны на газ, бязмытнай нафты ды іншага прыкладна 3-4 мільярды даляраў. Не сакрэт, што адзін з кірункаў Крамля – гэта загрэбці нашую краіну. Але мы таксама ўсе ведаем, што ўсім кіруе эканоміка й грошы. Дык вось, давайце прыкінем, што ж атрымае Крэмль і беларускі народ, калі Беларусь стане губэрняй Расеі. Найбольшая выгада для Расеі – гэта прыватызацыя ўсіх разбураных заводаў, але на замену давядзецца вярнуць нам дармовыя энэргарэсурсы, а гэта 3-4 мільярды даляраў штогод. Вядома, што такіх прыбыткаў нашыя заводы не прыносяць… з эканамічнага пункту гледжаньня інтэграцыя для Расеі будзе нявыгаднай, а з гэтага вынікае самае галоўнае – нашаму сувэрэнітэту нічога не пагражае”.

Блогерка _Katusha_ піша ў сваім дзёньніку: “У зьвязку з дамоўленасьцю наконт продажу “Белтрансгазу” з адтэрміноўкай плацяжу на чатыры гады, трэба было б напісаць колькі задачаў для студэнтаў. Пакуль самых простых. : – калі разьмяшчэньне акцыяў будзе адкрытым, то бок, адрасаваным неабмежаванаму колу асобаў, якім чынам увогуле могуць існаваць навагоднія гарантыі набыцьця акцыяў менавіта “Газпромам”? – у які момант права ўласнасьці на акцыі пяройдзе да “Газпрому”? – калі права ўласнасьці пяройдзе пасьля поўнай аплаты, то бок, праз чатыры гады, якім чынам “Белтрансгаз” можа гарантаваць пакупніку захаваньне актываў і адпаведнасьці пакета заяўленага кошту?”

Сайт Беларуская жаба прапануе новы каляж: Чырвоны каптурок з тварам прэзыдэнта Пуціна пагражае газавым балёнам ваўку, які нагадвае твар Лукашэнкі. Воўк загароджвае Чырвонаму каптурку дарогу да дому, на якім напісана “Europe”.

Аляксандар Фядута у сваім блогу выклаў меркаваны сьпіс “Твараў году” – сьпіс рыхтуе калектыў “Белорусского ежегодника”. Вось такі набор прапануе спадар Фядута: “1. Уладзімер Сямашка – перамоўнік з “Газпромам” і найбольш уплывовая пэрсона ва ўрадзе” 2. Аляксандар Казулін 3. Аляксандар Мілінкевіч 4. Вячаслаў Ганчарэнка – гэта пастар, які “пасьціўся” 5. Анатоль Рубінаў – першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі, які накаціў на царкву 6. Юлія Слуцкая – экс-рэдактар “Клмсы-Бел”, адстаўленая па накаце ўладаў. 7. Зьміцер Дашкевіч 8. Янка Брыль 9. Андрэй Дынько – 100 гадоў “Нашай ніве” 10. Павал Севярынец 11. Сяргей Гайдукевіч – як герой утапічнага сну пад назвай “паўнамоцны прадстаўнік МЗСу ў Эўропе”. 12. Плошча Каліноўскага – як калектыўны герой”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG