Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень сямнаццаты


18:00 Пасьля абеду зачытваліся пратаколы допытаў Кавалёва. Паводле пракурора, іх вырашылі зачытаць таму, што Кавалёў адмовіўся ад часткі паказаньняў, дадзеных падчас сьледзтва. Як выявілася, Кавалёў казаў, што з пэўнасьцю ведаў пра падрыхтоўку выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе. То бок Канавалаў яму папярэдне казаў, што будзе падрываць. Першы выбух, паводле Кавалёва, не задаволіў Канавалава, бо людзі не пацярпелі. Таму ён рыхтаваў другі. Кавалёў сказаў, што яго гэта не турбавала, бо ён не зьбіраўся ў цэнтар гораду і яго сваякі таксама. І прыкладна ведаў, што гэта будзе ў выходныя. Бо Кавалёў у будзённыя дні працаваў: тыдзень у адну, а потым у другую зьмену.

Выявілася таксама, што Кавалёў быў знаёмы зь мясцовымі скінхэдамі і кантактаваў зь імі, але потым гэтыя кантакты спыніў. У 17 гадоў Кавалёва паставілі на ўлік у наркадыспансэры, бо міліцыянты запынілі яго на вуліцы ў нецьвярозым стане. Але ён сказаў, што ніякай працы зь ім не вялося і што алькаголікам ён ня быў. Ён зрабіў малюнкі месцаў, дзе адбыліся выбухі, а таксама ножак ад гадзіньніка, якія былі знойдзены на месцы выбуху. Малюнкі супалі. Ён сказаў, што бачыў гэта ў інтэрнэце. З Канавалавым ён хадзіў у інтэрнэт-кафэ, каб праглядаць інфармацыю пра выбухі ў Віцебску.

На пытаньне, якая мэта была ў Канавалава, ці быў ён незадаволены палітыкай уладаў, Кавалёў адказаў, што ніколі ня чуў размоваў пра палітыку. Проста Канавалаў хацеў сябе гэтак рэалізаваць, пашумець. Сказаў, што шкадуе, што не папярэдзіў, не прадухіліў гэтыя выбухі, хоць усё ведаў.

14 чэрвеня на допыце Кавалёў адказаў на пытаньне, як страхаваўся Канавалаў ад непрадугледжанага выбуху. Дзеля гэтага той выкарыстоўваў розныя тумблеры і адмысловую лямпачку, якая паказвала, ці ёсьць у ланцугу электрычнасьць.

Ад Кавалёва стала вядома пра падпал кіёскаў. Ён сказаў, што пра гэта распавёў яму Канавалаў і нават паказваў тыя кіёскі, адзін зь якіх падпаліў, а другі спрабаваў падпаліць. Але сьведкі кажуць, што там было закладзенае выбуховае прыстасаваньне.

Кавалёў патлумачыў розьніцу паміж трыперакісам ацэтону і дыперакісам ацэтону. Гэта выбуховыя рэчывы, якія Канавалаў навучыўся рабіць у сябе ў склепе. Для вырабу дыперакісу ацэтону трэба было сумесь ахалоджваць. Таму Канавалаў у ваду дадаваў соль, ахалоджваў яе ў лядоўні і потым нёс у склеп. Кавалёў сказаў, што Канавалаў захапляўся хэві-мэталам, любіў дэпрэсіўную музыку.

11 кастрычніка ў судзе будуць дапытваць новых сьведак і пацярпелых.

13:15 У судзе апытваюць сьведак розных эпізодаў, якія тычацца падзеяў у Віцебску.

Павал Шалатонаў у 2004 годзе разам зь сябрамі Куксёнкам і Кавалёвым крочыў па лясной сьцежцы. Там была расьцяжка. Яе зачапілі, здарыўся выбух. Шалатонаў заявіў у судзе, што тады Кавалёў не сказаў, што расьцяжку паставіў Канавалаў.

А трэці ўдзельнік здарэньня раней заяўляў, што Кавалёў казаў пра датычнасьць Канавалава.

Адвакат Кавалёва спрабаваў высьветліць, ці праўда, што ў двары Канавалава часта ўзрываліся пэтарды і выбуховыя пакеты. Судзьдзя Федарцоў зьняў пытаньне, сказаў, што яно рытарычнае і наводнае.

Наступным апытвалі сьведку Сяргея Мамойку. Рабочы ехаў са сваім брыгадзірам сьцежкаю ля вёскі Грышаны. Іх абагнаў чалавек на ровары. Калі ён схаваўся за паваротам, яны пачулі хлапок, там здарыўся выбух. Калі яны туды пад’ехалі, то ўбачылі, як на траве нешта дагарала. Дыямэтар плямы быў 1,5 мэтра.

Сьведка — прадпрымальнік Віктар Трубчынскі распавёў, што ў 2004 годзе вартаўнік Громаў казаў яму, што нейкі чалавек спрабаваў закласьці бомбу на дах кіёску. Калі Громаў наблізіўся, той уцёк. На даху знайшлі бутэльку з вадкасьцю і прымацаваны гадзіньнік. Громаў выклікаў міліцыю.

Пасьля выбухаў у 2005 годзе Трубчынскага выклікалі ў міліцыю, бо ён «аўганец». Там ён распавёў гэтую гісторыю.

Сьведка — міліцыянт Ігар Кнураў заявіў у судзе, што яго выклікаў вартаўнік. Кажа, што вартаўнік паведаміў, што 2 чалавекі спрабавалі закласьці бомбу. Кнураў убачыў бутэльку з бэнзінам і выклікаў сапёраў. Кнураў ня памятае, што складаў пратакол па гэтым здарэньні. На ўдакладняльнае пытаньне Кнураў паведаміў, што адмыслоўцы пазьней адкаркавалі тую бутэльку. Адтуль пайшоў пах бэнзіну.

Міліцыянт Раман Аненкаў быў напарнікам Кнурава, яго таксама выклікалі ў тую ноч. Аненкаў паведаміў у судзе, што гэта ён складаў пратакол. Аненкаў паведаміў, што Кнураў наўрад ці мог чуць пах бэнзіну з бутэлькі, бо яны ў той момант не знаходзіліся ля сапёраў, а арганізоўвалі ачапленьне.

Кіяскёрка Сьвятлана Цімафеева заявіла ў судзе, што яе кіёск хацелі падпаліць.

Сьведка Максім Дук з МЧС засьведчыў, што гэта быў менавіта падпал.

У судзе таксама выступіла сястра Ўладзіслава Кавалёва Тацяна. Яна распавяла пра эпізод з падпалам машыны. Яна кажа, што ў іхным двары стаяла старая закінутая машына, у якой гулялі дзеці. Аднойчы яна пабачыла, што тая машына гарыць. Тацяна кажа, што яе брат у той момант быў у кватэры.

Яна ня верыць, што Ўладзіслаў мог на просьбу Канавалава пайсьці на злачынства.

Сястра абвінавачанага Ўладзіслава Кавалёва
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:43 0:00
Наўпроставы лінк


15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро
Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты
Суд за тэракты. Дзень сёмы
Суд за тэракты. Дзень восьмы
Суд за тэракты. Дзень дзявяты
Суд за тэракты. Дзень дзяcяты
Суд за тэракты. Дзень адзінаццаты
Суд за тэракты. Дзень дванаццаты
Суд за тэракты. Дзень трынаццаты
Суд за тэракты. Дзень чатырнаццаты
Суд за тэракты. Дзень пятнаццаты
Суд за тэракты. Дзень шаснаццаты
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG