Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень пятнаццаты

абноўлена

17:00 Вядзецца допыт Кавалёва па эпізодах, пачынаючы ад 2008 году і раней. Кавалёў расказаў, што ў 2008 годзе Канавалаў дэманстраваў яму выбух на дрэве з кіраваньнем праз мабільны тэлефон. Іншымі словамі, ён ужо навучыўся рабіць выбуховае прыстасаваньне, якое прыводзілася ў дзеяньне з дапамогай мабільніка — пасьля званка адбыўся выбух, у выніку чаго частка дрэва адламалася.

Таксама Кавалёў расказаў, як яшчэ раней разам з Канавалавым езьдзілі за горад і той паказваў, як узрываецца так званая кіса — трыперакіс ацэтону. Ён расклаў кавалкі кісы ў фользе на газэту, паперу падпаліў і яны выбухнулі. Такіх выбухаў было 3-4, а самі прыстасаваньні былі ў выглядзе цыліндраў з фольгі дыямэтрам да 4 сантымэтраў і памерам каля 5 сантымэтраў.

Расказаў, што ў Віцебску быў падпалены адзін шапік, і віну за злачынства сьледчыя нібыта прымусілі Кавалёва сьпісаць на Канавалава.

У Кавалёва запыталі, што ён бачыў непасрэдна ў падвале Канавалава — якія выбуховыя рэчы, прыстасаваньні і г.д. Ён згадаў, што там была серная кіслата, гідрапэрыт і ацэтон — якраз тое, што ёсьць складнікамі так званай кісы.

Усплыло тое, што ў кампутары іх агульнага сябра Сяргея Румянцава, зь якім яны разам падрывалі выбуховы пакет каля бібліятэкі, была знойдзена кніга «Азбука тэрарыста». Гэтую кнігу нібыта загрузіў з інтэрнэту сам Кавалёў. На пытаньне — ці гэта так — ён адказаў: «Магчыма, мною была заружаная».

Паводле Кавалёва, калі сьледчыя ўгаворвалі яго як мага больш нагаварыць на Канавалава, яму паказвалі сьпіс нераскрытых злачынстваў у Віцебску. У тым ліку ў Дзьвіне быў знойдзены труп з прыкметамі магчымай сьмерці ад выбуху. Маўляў, гэты труп таксама хацелі сьпісаць на Канавалава. Але ў выніку Кавалёў свайго сябра агаворваць ня стаў: «Труп — гэта ўжо занадта».

Адвакат Абражэй пачаў задаваць пытаньні Кавалёву: «Ці казалі вам, што вы мусіце на допыце прадставіць Канавалава як тэрарыста?». Кавалёў пасьпеў адказаць на гэта «так», але судзьдзя на пратэст пракурора зьняў гэтае пытаньне. Сказаў, што нельга задаваць пытаньні, калі ў самім падказваецца адказ.

У першай палове дня быў працытаваны кавалак тэксту з заявы на імя старшыні КДБ Зайцава, напісаную Кавалёвым. У лісьце ён раскайваецца, просіць ужыць да яго дэтэктар хлусьні. Сёньня Кавалёў сказаў, што той ліст напісаў цалкам пад дыктоўку. Спачатку было напісана на чарнавік, а потым перапісаў начыста. Паколькі паказаньні дэтэктара хлусьні не зьяўляюцца доказамі, то яны не былі агучаныя ў судзе — так сказаў судзьдзя. Але з пытаньняў Кавалёву стала вядома: дэтэктар пацьвердзіў тое, што ён ведаў пра выбухі 2005 году і саўдзел у тэракце 2011 году. Пры гэтым не пацьверджана яго датычнасьць да выбуху 2008 году.

Асобна была гаворка пра дамкрат. Паводле сьледзтва, пра дамкрат расказаў Кавалёў. Па яго словах, з дапамогай дамкрату Канавалаў зьбіраўся скрывіць рэйкі на чыгунцы, каб учыніць аварыю цягніка. Але Кавалёў заявіў, што гэта прыдумалі сьледчыя і загадалі яму гэта сказаць. Пры гэтым, праўда, пацьвердзіў, што Канавалаў з дапамогай дамкрату зьбіраўся зрабіць аманал — выбуховае рэчыва, якое складаецца з сэлітры і алюмініевай пудры, і робіцца пад ціскам.

Пры канцы Кавалёва запыталі, чаму ён на сьледзтве не адмовіўся казаць тое, чаго насамрэч не было? Ён сказаў, што тады гэта рабіць было бессэнсоўна, яму ніхто не паверыў бы, таму зараз у судзе ён адмаўляецца ад часткі сказанага.

13:30 У судзе агучылі вынікі выбухова-тэхнічных экспэртызаў. Адразу пасьля затрыманьняў на целах Кавалёва і Канавалава шукалі сьляды выбуховых рэчываў. Экспэрты не знайшлі такіх рэчываў.

Таксама агучылі экспэртызы мэдычнага агляду абвінавачаных. На целах знайшлі драпіны і лёгкія пашкоджаньні. Іх зрабілі тупымі прадметамі, якія немагчыма вызначыць.

Кавалёў заявіў, што атрымаў гэтыя пашкоджаньні, калі іх затрымлівалі. Ён сказаў, што ў часе сьледзтва на яго фізычна не ціснулі.

Такая самая сытуацыя і з Канавалавым.

У матэрыялах справы ёсьць заключэньне, што байцы спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» дзейнічалі паводле інструкцыі. Іх папярэдзілі, што затрыманыя могуць супраціўляцца і нават зьдзейсьніць выбух у кватэры шматпавярховага дому.

Канавалаў ў часе сьледзтва прасіў завесьці крымінальную справу на сьледчы за фізычны ціск на яго. Пракуратура адмовіла ў справе, бо не знайшла прыкметаў ціску.

Хто зьбіў абвінавачаных: «Алмаз» ці сьледчыя?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:00 0:00
Наўпроставы лінк

На працэсе пачаўся допыт Кавалёва пра падзеі 2000 году. Кавалёў распавёў, як некалі разам з Канавалавым рабілі ўзрыўпакеты. Адзін зь іх спрацаваў у пад’езьдзе жылога дому.

Кавалёў заявіў, што адмаўляецца ад некаторых заяваў зафіксаваных у пратаколах допыту. Кажа, што частку зь іх ён прыдумаў, частку падказалі сьледчыя.

Кавалёў таксама заявіў, што некалі набыў толавыя шашкі. Аднак пазьней адвіўся ад ідэі ўзарваць іх. Шашкі закапаў. Празь нейкі час Канавалаў папрасіў прадаць яму гэтыя шашкі. Кавалёў прадаў. Адна з такіх шашак была выкарыстаная пад час выбуху ў 2008 годзе.

12:25 Уладзіслаў Кавалёў не паведаміў у праваахоўныя органы пра плян Дзьмітрыя Канавалава, бо баяўся крымінальнай адказнасьці. Пра гэта Кавалёў заявіў на стадыі папярэдняга расьсьледаваньня, напісаўшы зварот на імя старшыні КДБ, перадае БелаТА.

6 кастрычніка дзяржабвінаваўца Дзьмітры Цімафееў зачытаў гэтую заяву. У ёй Кавалёў пісаў: «Разумею, што павінен быў зрабіць гэта раней, але баяўся крымінальнай адказнасьці за неданясеньне». Таксама сказана, што Кавалёў усьвядоміў усю цяжар злачынства, «удзельнікам якога апынуўся».

Абвінавачаны заявіў, што добраахвотна жадае працягнуць супрацоўніцтва са сьледзтвам і распавесьці ўсё, што яму вядома пра выбухі у 2005 годзе ў Віцебску і 2008 годзе ў Менску.

Кавалёў прызнаўся, што ведаў пра датычнасьць Канавалава да гэтых злачынстваў. Ён напісаў, што пра пэўныя злачынствах Канавалава «было вядома нашай агульнай знаёмай Каралёвай». Гэтая дзяўчына ўжо давала паказаньні ў судзе і казала, што не паверыла ў прызнаньне Дзьмітрыя з нагоды «нейкага выбуху», бо ён распавядаў ёй пра гэта нападпітку.

Кавалёў таксама напісаў, што ведаў, дзе і як яго Канавлаў рабіў выбухоўку, «ведаў, што Канавалаў паехаў рабіць выбух у мэтро, але пераканаць яго ня змог».

Дзяржабвінаваўца Дзьмітрый Цімафееў абвясьціў заключэньні па судова-біялягічным і мэдыка-крыміналістычным экспэртызам ў дачыненьні да ацалелых частак адзеньня загіблых пры тэракце ў мэтро. Гэтыя дакумэнты яшчэ раз даказваюць, што людзі загінулі ад выбуху. У тым ліку аб гэтым кажа характар пашкоджаньняў адзеньня. У заключэньнях згадваюцца «другасныя снарады», гэта значыць кавалкі розных прадметаў і будматэрыялаў, зь якіх зроблена станцыя мэтро. Гэтыя аскепкі пасьля выбуху бомбы патрапілі ў людзей.

15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро
Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты
Суд за тэракты. Дзень сёмы
Суд за тэракты. Дзень восьмы
Суд за тэракты. Дзень дзявяты
Суд за тэракты. Дзень дзяcяты
Суд за тэракты. Дзень адзінаццаты
Суд за тэракты. Дзень дванаццаты
Суд за тэракты. Дзень трынаццаты
Суд за тэракты. Дзень чатырнаццаты
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG