Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стратэгію-2012” прэзэнтавалі ў Магілеве



3 красавіка ў Магілёве прэзэнтавалі “Стратэгія 2012” – гэта канцэпцыя ўдзелу дэмакратычнай апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах, якія павінныя адбыцца налета. На працягу чатырох гадзінаў удзельнікі прэзэнтацыі шукалі адказ на галоўнае пытаньне, пастаўленае госьцем: “Калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратыя і што для гэтага трэба зрабіць?”


На прэзэнтацыю ў цэнтар “Кола” прыйшлі тры дзясяткі актывістаў палітычных і грамадзкіх арганізацыяў. Кіраўнік Агенцыі гуманітарных тэхналёгіяў, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч гэткай колькасьцю зацікаўленых, як ён выказаўся, ва ўсталяваньні ў Беларусі дэмакратыі, застаўся незадаволеным. На ягоную думку іх павінна было быць у разы больш.

“Стратэгія-2012” прадугледжвае ўдзел апазыцыі ў выбарах у Палату прадстаўнікоў. 5 сакавіка кааліцыя дэмакратычных сіл Магілёўшчыны пастанавіла: “Пакуль у Беларусі ёсьць палітвязьні трэба байкатаваць гэтыя выбары”. Аднак намесьнік старшыні кааліцыі, актывіст стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандар Сілкоў выступіў адным з арганізатараў прэзэнтацыі:

“Калі мы заяўлялі пра свой байкот выбараў, там гучала, што калі будуць палітычныя вязьні і мы ня маем маральнага права ўдзельнічаць у выбарах. А калі дапусьціць момант, што заўтра ўсіх выпускаюць і мы зноў застаёмся ў разьбітага карыта. Каб выпрацаваць слушнае рашэньне трэба выслухаць розныя думкі”, зазначае Аляксандар Сілкоў.

Паводле Ўладзімера Мацкевіча, гаварыць пра актыўны байкот выбараў 2012 году ва ўмовах расьцярушанасьці дэмакратычных сіл не выпадае. Як пры наяўнасьці рознагалосься сярод апазыцыі і палітвязьняў аўтары “Стратэгіі-2012” прапануюць прасоўваць дэмакратычныя зьмены? На гэтае пытаньне адказвае Ўладзмер Мацкевіч:

“Гэта першы пункт зь якога трэба пачынаць падрыхтоўку да сапраўднага перамоўнага працэсу па зьмене палітычнага працэсу ў краіне. Калі мы паглядзім на нашу апазыцыю, то няма такога сьпікера, які мог бы ад імя ўся грамадзтва паставіць пытаньне аб вызваленьні палітвязьняў. Я б быў бы задаволены, каб такім амбудсмэнам стаў адзін з кіраўнікоў праваабарончых цэнтраў”.

На прэзэнтацыю прыехаў лідэр “Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч. Мацкевіч назваў яго адным з самых дамоваздольных беларускіх палітыкаў. У спадара Мілінкевіча я запытаўся, пра тое чаго ад іншых удзельнікаў прэзэнтацыі дамагаўся Мацкевіч: “Калі ж у Беларусі ўсталюецца дэмакратыя”.

“Ніхто гэтага ня ведае. Дэмакратыя – гэта спосаб мышленьня людзей і пакуль у іх галовах дэмакратыі няма, то цяжка сыстэму ўсталяваць. Вось на плошчу выйсьці ў адзіным рэвалюцыйным парыве й дыктатуры ўжо няма. Вось мы перамаглі, а што будзе на наступны дзень мы мала думаем. Мы бачылі б за мэту сваю, каб было больш людзей, якія былі б падрыхтаваныя да рэформаў”.

Адзін з самых маладых палітыкаў у Магілёве, былая давераная асоба Алеся Міхалевіча Юры Стукалаў на пытаньне пра ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі і дыялёг з уладай адказаў гэтак:

“Мы спрабавалі выбудоўваць дыялёг, ісьці на кампрамісы, не крытыкаваць уладу, аднак за гэта атрымалі ўдар. Сумняваюся, што ў 2012 годзе што-небудзь зьменіцца. Паглядзім, мо ў 2012 годзе, калі ўсім дэмакратычным сілам удасца дамовіцца, мо чаго й атрымаецца”.

“Стратэгія-2012: ад дыялёгу ўнутры дэмакратычных сіл да дыялёгу з рэжымам” распрацаваная Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі і міжнародным кансорцыюмам “Эўрабеларусь”. Яе аўтары сацыёляг Тацяна Вадалаская і палітоляг Андрэй Ягораў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG